На гэты раз кадравае пытанне вырашалі прадстаўнікі УП «Камунальнік», ААТ «Электрамодуль», СП «ММЦ» ТАА, ААТ «Маладзечнажалезабетон», фабрыкі дзвярэй «Віст», ААТ «Забудова-Буд», іншых прадпрыемстваў. Зарплата, якая прапаноўвалася прэтэндэнтам, — ад 250 да 700 рублёў. Сярод найбольш запатрабаваных спецыяльнасцей грузчыкі, дарожныя рабочыя, бетоншчыкі-фармоўшчыкі...
Суб’ектам гаспадарання патрабаваліся як пастаянныя, так і часовыя работнікі.
На камісію былі запрошаны маладзечанцы, якія стаяць на ўліку ў цэнтры занятасці. Некаторых наведвальнікаў звольнілі з папярэдняга месца за парушэнне працоўнага заканадаўства. Некалькі чалавек мелі пратэрмінаваныя пасведчанні або ніколі не працавалі па спецыяльнасцях, па якіх вучыліся. Кваліфікацыя і вопыт работы па вакансіях, якія прапаноўваліся, былі не ва ўсіх. Не ўсе нават узялі з сабой працоўную кніжку.
Адзін з наведвальнікаў раней працаваў на будаўнічых аб’ектах у Расіі. Мужчына быў гатовы заняць любую вакансію. Камісія накіравала прэтэндэнта ў кампанію «Юлайн», дзе патрабаваліся грузчыкі.
Наступны беспрацоўны нядаўна вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі. Меў запазычанасць па аліментах. Разлічваў толькі на высокі заробак. Ад усіх прапанаваных вакансій мужчына адмовіўся. Заўвагу супрацоўніка міліцыі, што за нявыплату аліментаў наступае крымінальная адказнасць, наведвальнік праігнараваў.
У аднаго з прэтэндэнтаў на працаўладкаванне меліся медыцынскія супрацьпаказанні на занятак пэўнымі відамі дзейнасці. Да таго ж мужчына не хацеў працаваць менш чым на стаўку і па выхадных. Таму прасіў уладкаваць яго дворнікам або электрыкам.
Беспрацоўнаму давялі, што дворнікі ва УП «Камунальнік» цяпер не патрэбныя, а работа электрыка звязана з вышынёй (што наведвальніку супрацьпаказана, таму медыцынскую камісію ён не пройдзе). Аднак накіраванне на адно з прадпрыемстваў гэты чалавек атрымаў.
Жанчына, якая звярнулася ў камісію, адразу выказала гатоўнасць прайсці перанавучанне і асвоіць новую спецыяльнасць. Мужчына, што зайшоў наступным, без разважанняў пагадзіўся быць грузчыкам.
— Калі чалавек гатовы нешта змяніць у сваім жыцці і добрасумленна выконваць працоўныя абавязкі, камісія яму абавязкова дапаможа, — падсумаваў вынікі прыёму намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Актанаровіч. – На жаль, некаторыя прэтэндэнты на працаўладкаванне гэтага не разумеюць. Між тым сёння на Маладзечаншчыне цалкам магчыма знайсці работу, зарэкамендаваць сябе, павысіць кваліфікацыю і мець добры заробак. Такіх прыкладаў можна прыводзіць шмат.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.