Новости Молодечно и Молодечненского района

Ностальгия. На «Спутнике» работало восемь тысяч человек, на «Электромодуле» — пять

  • 2019-01-30 06:54:47
  • Анжаліка Крупянькова

У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча прайшла сустрэча з былымі інжынерна-тэхнічнымі работнікамі заводаў «Спадарожнік» і «Электрамодуль»

У канцы 60-х - пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя дзеля добрай работы і кватэры ў наш горад прыязджалі маладыя спецыялісты з Чэлябінска, Новасібірска, Харкава, Варонежа, Тамбова, Краснадарскага краю і іншых месцаў былога Савецкага Саюза. Менавіта ў гэты час распачыналі дзейнасць два заводы-гіганты ўсесаюзнага падпарадкавання. На «Спадарожніку» працавала восем тысяч чалавек. Яго прадукцыя была запатрабаваная ў ваенна-прамысловым комплексе СССР. Сістэмы сувязі, якія тут выпускалі, устанаўліваліся на многія лятальныя апараты, у тым ліку касмічныя. Цікавы факт: на прадпрыемстве была распрацавана першая ў свеце мабільная радыётэлефонная сістэма «Алтай», якая стала папярэдніцай мабільнай сотавай сувязі.

На заводзе сілавых паўправадніковых вентыляў, які пазней перайменавалі ў «Электрамодуль», працавала пяць тысяч чалавек. Ён быў адным з самых магутных прадпрыемстваў радыёэлектроннай прамысловасці. ГАЗ, ЗІЛ, «Урал», многія іншыя аўтамабілі і агрэгаты камплектаваліся яго прадукцыяй. Была тут і закрытая вытворчасць, на якой выраблялі паўправадніковыя дыёды для самалётаў. Дзейнічаў свой навукова-даследчы інстытут.

Горад стаў родным

Для многіх маладых спецыялістаў Маладзечна стала новым паваротам у лёсе, а для іх дзяцей – радзімай.

«Горад – у лёсе, лёс – у горадзе» — назва праекта, у рамках якога ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла сустрэча былых інжынерна-тэхнічных работнікаў двух прадпрыемстваў. Многія з іх актыўныя чытачы бібліятэкі. Іх згуртавала, запрасіла на сустрэчу аўтар праекта бібліятэкар Раіса Давідовіч. Прыемна было кожнаму з запрошаных убачыць на відэаэкране сваю малую радзіму. «Усю карту былога  СССР вывучыла, пакуль невялікія населеныя пункты знайшла ў інтэрнэце», — гаворыць Раіса Аркадзьеўна.

Чым прыцягваў маладых спецыялістаў – выпускнікоў прэстыжных ВНУ наш невялікі гарадок? Цікавай работай па спецыяльнасці на новых прадпрыемствах, перспектывай кар’ернага росту, магчымасцю хутка атрымаць жыллё.

— На «Электрамодулі» халасцякам адразу давалі месца ў інтэрнаце, сямейным — кватэру праз некалькі месяцаў, — расказвае былы галоўны інжынер гэтага прадпрыемства, заснавальнік гарадскога турыстычнага клуба Сяргей Каняеў, ура-
джэнец Варонежскай вобласці. – Маладзечна мне адразу спадабалася: пасля нашых стэпаў у Беларусі шмат зелені.

— А мне, калі шчыра, спачатку горад не вельмі прыглянуўся, — вяртаецца ў 1977 год былы інжынер, вядомы ў горадзе камсамольскі лідар Валерый Хвораў, які прыехаў з Тамбоўшчыны. – Затое цяпер, куды б ні паехаў, сумую толькі па Маладзечне.
З вялікай цеплынёй Валерый Іванавіч гаворыць пра тагачаснага дырэктара завода Міхаіла Кобліцкага, які па-бацькоўску апякаў маладых спецыялістаў. Атмасфера была цудоўная, на рабоце гарэлі, а колькі цікавых мерапрыемстваў рыхтавалі – творчасць біла струменем. Выпускалі насценную газету «Электрон», якая нарадзілася са звычайных карыкатур.

«Засталіся толькі мы»

Аб сяброўскай атмасферы, дружбе, калектывізме гаварылі і былыя работнікі «Спадарожніка».

— Разам са мной працавалі надзвычай адукаваныя, культурныя людзі, побач з імі трэба было ўвесь час павышаць свой узровень, высока трымаць планку. Мы і вершы складалі, і ў тэатры, на экскурсіі ездзілі. Шчаслівы быў час – прыемна ўспомніць. Усё жыццё аддалі заводу. Нічога ад яго не засталося, засталіся толькі мы, — з настальгіяй гаворыць Алена Санько, якая пасля заканчэння Мінскага радыётэхнічнага інстытута ў 1973 годзе прыйшла працаваць на «Спадарожнік».

У адрозненне ад сваіх калег, яна родам з Маладзечна. Яе бацькі, якія прыехалі ў наш горад у 1950-я гады, садзілі парк Перамогі. Школьніцай Алена прымала ўдзел у закладцы Камсамольскага парку.

Лідзія і Алег Красновы закончылі Новасібірскі радыётэхнічны інстытут, жылі на Новай Зямлі, а ў 1971 годзе «збеглі» ад палярных начэй у Маладзечна. Успамінаюць, як пасяліліся ў старой гасцініцы ля аўтавакзала (цяпер у гэтым будынку падатковая інспекцыя), як іх дзіця спала ў чамадане… Пасля ўладкавання на «Спадарожнік» яны праз тры месяцы атрымалі кватэру. Іх чацвёра дзяцей закончылі шостую школу, Маладзечна для іх родны горад.

— Я была сярод дзесяці дзяўчат, выпускніц Чэлябінскага радыётэхнікума, якія прыехалі ў Маладзечна. У нашым канструктарскім бюро працавалі спецыялісты з Калінінграда, Ноўгарада, Вінніцы, — расказвае Наталля Гойдзіна.

Яна 30 гадоў аддала «Спадарожніку», сустрэла тут свайго мужа Аляксандра Гойдзіна, які закончыў Харкаўскае авіяцыйнае вучылішча.

Два заводы – дзве каманды

Цёплыя ўспаміны за кубкам гарбаты чаргаваліся з папулярнымі песнямі мінулага стагоддзя, якія дарылі ўдзельнікі клуба «Адпачынак» Людміла Пагарэлава, Аліна Брыль, Аляксандр Хазянін, Уладзімір  Маркелаў.

— За многія дзесяцігоддзі Маладзечна стала для вас родным горадам. Давайце праверым, як вы ведаеце яго гісторыю, архітэктуру, знакамітых жыхароў, — прапанавала гасцям Раіса Давідовіч.

На большасць конкурсных заданняў каманды «Спадарожніка» і «Электрамодуля» адказвалі правільна. Успомнілі, у гонар якіх вядомых землякоў названы вуліцы горада. Прыгадалі вёскі Здземелева і Бухаўшчыну, паміж якімі быў пабудаваны «Спадарожнік». А вось вёску Шнуры, насупраць якой узводзіўся «Электрамодуль», не назвалі… Калі падсумавалі вынікі, аказалася, што больш правільных адказаў было ў каманды «Электрамодуля».

— Нам было вельмі прыемна сустрэцца, успомніць маладосць. Запрашайце яшчэ на такія сустрэчы! – гаварылі на развітанне госці бібліятэкі.

Многія з іх узялі на абанеменце новыя кнігі, а значыць, праз некаторы час завітаюць сюды зноў…


Фота: Аляксей ПЛАТКО.