Наталля КОЦЕЛЕВА жыве ў Радашковічах з 2013 года. За гэты час яна літаральна ўлюбілася ў гарадскі пасёлак, зрабіла шмат карыснага для яго.
– Я пераехала ў Радашковічы амаль выпадкова: думала, што населены пункт і аднайменная чыгуначная станцыя – адно і тое, – гаворыць субяседніца. – Аднак пасёлак мне спадабаўся адразу. Ён цікавы, поўны загадак. Прычым першую падкінуў дом, які я набыла. Пабудова была ўзведзена ў 1903 годзе. Адразу захацелася больш даведацца пра яе гісторыю. Каму дом належаў? Якім у той час было жыццё ў мястэчку? Так пачалося захапленне краязнаўствам.
Праз пэўны час у сваім агародзе Наталля знайшла каштоўны артэфакт – частку пячной кафлі з дваранскім гербам «Любіч» і шасцю загадкавымі літарамі. Ёсць меркаванне, што рэч была выраблена ў XVII стагоддзі. Яе забралі на вывучэнне археолагі. Усё гэта было настолькі цікава, што гісторыя літаральна захапіла нашу гераіню. Тым больш што Радашковічы заўсёды былі цэнтрам культурнага, духоўнага, эканамічнага жыцця мясцовасці.
– Недалёка ад майго дома знаходзяцца старыя яўрэйскія могілкі, – працягвае субяседніца. – Іх стан пакідаў жадаць лепшага. Па сваёй ініцыятыве пачала ўборку тэрыторыі. Да работы падключыліся іншыя мясцовыя жыхары.
Як сведчылі тэксты на іўрыце (спецыялісты дапамаглі прачытаць іх), многім пахаванням было больш за сто гадоў. Сярод іх знайшлася магіла Мардэхая Цві Манэ, яўрэйскага паэта, мастака, перакладчыка. Яго вершы натхнялі яўрэяў аднаўляць Ізраіль, сваю старажытную гістарычную радзіму. Гэта было сапраўднае адкрыццё!
Акрамя краязнаўства, Наталля дбае пра экалогію. Яна разам з валанцёрамі дапамагае ачышчаць ад смецця берагі Вязынкі, ваколіцы яўрэйскіх пахаванняў. Мясцовыя жыхары выдзелілі спецыяльныя бочкі, куды людзі выкідаюць смецце. Забірае яго на ўтылізацыю мясцовая камунальная арганізацыя.
Ад сябе дадам: дзякуючы такім людзям, як Наталля Коцелева, гістарычная памяць нашай малой радзімы ніколі не знікне, а наваколле будзе радаваць чысцінёй.
Алег БЯГАНСКІ
Фота: архіў Наталлі КОЦЕЛЕВАЙ