Новости Молодечно и Молодечненского района

Не забыць ніводнага чалавека, або Партыя ў шахматы з прабабкай Нінай

  • 2021-07-26 09:08:31
  • Ірына Рабушка

Сцяна памяці

Шмат гадоў Ніна Мікітаўна супрацоўнічала і з нашым выданнем. На газетных палосах мы расказвалі пра няпросты лёс і добрыя справы нашай зямлячкі, а таксама публікавалі яе аўтарскія матэрыялы. Нават на заслужаным адпачынку яна заставалася неўтаймаванай, нямала сіл прыклала для развіцця ветэранскага руху на Маладзечаншчыне. На жаль, сёлета ў студзені на 83-м годзе Ніна Балебус пайшла з жыцця. Але актывісты раённага савета ветэранаў на чале з Таццянай Шафаловіч, былыя калегі, радня захоўваюць светлую памяць пра яе.

Так, у краязнаўчым музеі ініцыяваная выстаўка, прысвечаная найперш працоўным здабыткам і грамадскай дзейнасці Ніны Балебус.

Нарадзілася Ніна Мікітаўна ў Брагіне. У 1961 годзе прыехала з сям’ёй у наш край, і ён стаў для яе другім домам. У Маладзечне яна працавала выхавальніцай групы падоўжанага дня, настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў былых СШ №3, спецыяльнай школе-інтэрнаце №2 для дзяцей з паслабленым зрокам. Ніна Мікітаўна мела не толькі педагагічную адукацыю, але і была спецыялістам па музейнай рабоце.

На працягу доўгіх гадоў займалася пошукам маладзечанцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Месцы пахавання 101 гараджаніна былі знойдзены дзякуючы актыўнай рабоце клуба «Пошук» школы-інтэрната, заснавальнікам якога стала Ніна Балебус. Вянец пошукавай дзейнасці – Сцяна памяці, што была адкрыта ў 1989 годзе недалёка ад дзіцячай паліклінікі. На плітах выгравіраваны прозвішчы загінулых. А на тэрыторыі школы-інтэрната і сёння ёсць алея ў гонар байцоў Вялікай Айчыннай. У свой час яе ініцыявала Ніна Мікітаўна. І гэта своеасаблівая эстафета памяці перадаецца ад пакалення да пакалення.

У вітрынах Мінскага абласнога краязнаўчага музея знаходзяцца ўзнагароды нашай зямлячкі, у іх ліку нагрудны знак «Выдатнік народнай асветы Беларускай ССР», медалі «Ветэран працы», «60 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.». Яна была ўдастоена таксама звання «Ганаровы ветэран Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў». На выстаўцы прадстаўлена шмат фотаздымкаў, дакументаў, яе асабістыя рэчы.

На прэзентацыю выстаўкі ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі, прысвечанай Ніне Балебус, прыйшлі яе дзеці і праўнукі.

Увекавечыць імя

— На нядаўнім пасяджэнні раённага савета ветэранаў мы абмяркоўвалі магчымасць увекавечвання імені Ніны Балебус, — заўважыла старшыня Таццяна Шафаловіч. – Больш за 20 гадоў яна была членам прэзідыума райсавета ветэранаў. Менавіта Ніна Мікітаўна стаяла ля вытокаў педагагічнага ветэранскага руху ў нашым раёне і на працягу 27 гадоў узначальвала пярвічную арганізацыю ўстаноў адукацыі. Яе савету ветэранаў мы і прапануем даць імя Ніны Балебус, для якой галоўным было не забыць ніводнага чалавека.

— Яна сапраўды шчыра хвалявалася за тое, каб педагогі, якія пайшлі на заслужаны адпачынак, не страцілі цікавасці да жыцця, штораз прапаноўвала ім цікавыя мерапрыемствы, сустрэчы, паездкі, — дадала Вольга Малярэвіч, таксама ў мінулым педагог з вялікім стажам, якая прысутнічала на прэзентацыі.

— Нам было вельмі цікава працаваць над стварэннем гэтай выстаўкі, бо нячаста даводзіцца ўнікаць у лёс настолькі рознабаковай асобы, — зазначыла навуковы супрацоўнік абласнога краязнаўчага музея Таццяна Беразавец.

Гэтыя камплекты памятных медалёў «Гарады-героі» і «Ніхто не забыты – нішто не забытае» цяпер будуць знаходзіцца ў музейным фондзе.

 

Дарэчы, у яго фонды дачка Ніны Мікітаўны перадала камплекты яе памятных медалёў «Гарады-героі» і «Ніхто не забыты – нішто не забытае».

Любіць жыццё…

Успамінамі пра Ніну Балебус падзяліліся і яе дзеці Тамара Чавялёва і Сяргей Балебус, а таксама праўнукі, якія прыйшлі на адкрыццё выстаўкі.

— Апошнія восем гадоў мы жылі ўдзвюх з мамай, — расказвае Тамара Барысаўна. – Нягледзячы на ўзрост, яна заўсёды імкнулася дапамагаць іншым. Так было заўсёды. Самае галоўнае, чаму навучыла мяне мама, — любіць жыццё і не пасаваць перад цяжкасцямі. Яна сапраўды шмат часу аддавала рабоце, якую вельмі любіла. Мне падабалася чакаць маму дома ля акна. У нас увогуле была традыцыя, якую пранеслі праз усё жыццё: пры сустрэчы і развітанні мы заўсёды махалі адна адной рукой і абменьваліся позіркамі праз шкло. Цяпер мне вельмі не хапае гэтага…

Дарэчы, Тамара пайшла ў педагогіку ўслед за мамай – стала настаўніцай пачатковых класаў, да таго ж выкладала чарчэнне і выяўленчае мастацтва. А Сяргей усё жыццё працаваў электрыкам у газавай службе.

— Мама была вельмі добразычлівым чалавекам, — успамінае ён. – Яна бясконца любіла дзяцей. Скажу шчыра, у школе ў мяне бывалі ўсялякія адзнакі, ды і цацкі ў дзяцінстве часам ламаў, за што, яна, канечне, магла паўшчуваць, але і гэта рабіла з любоўю.

Удзельнікі мерапрыемства.


Слаўны род Ніны Мікітаўны прадоўжылі таксама дзве ўнучкі і два ўнукі, чатыры праўнукі і дзве праўнучкі.

— Памятаю, як разам з прабабкай я ездзіла ў Радашковічы на керамічны завод, — расказвае 12-гадовая Лера Субач. – Мы ўдзельнічалі з ёю ў майстар-класе ганчара і ляпілі з гліны розныя фігуркі. Было вельмі цікава!

10-гадовы Раман Субач з прабабкай Нінай згуляў не адну партыю ў шахматы. Цяпер ён працягвае ўдасканальвацца ў гэтым інтэлектуальным відзе спорту. Яго скарбонка множыцца перамогамі – на радасць сабе, блізкім і, канечне, прабабцы, якая аберагае сям’ю з нябёсаў…

Ірына РАБУШКА.

Фота: АЎТАР, Аляксей ПЛАТКО, архіў СЯМ’І БАЛЕБУС і МІНСКАГА АБЛАСНОГА КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЯ.