Новости Молодечно и Молодечненского района

«Наша маці Тэрэза»

  • 2023-01-11 06:27:42
  • Анжаліка Крупянькова

У нумары нашай газеты за 24 снежня 2022 года было змешчана фота 1975 года, на ім пераможцы прафесійнага конкурсу сярод медыцынскіх работнікаў бальніцы. Сярод іх і Валянціна Міхасёнак, пра якую нам расказала ў пісьме яе суседка наша даўняя чытачка Софія Дудчанка. «Валянціна Аляксееўна -- сястра міласэрнасці ад бога, «наша маці Тэрэза». Так яе называюць многія знаёмыя, каго яна лячыла і падтрымлівала ў цяжкія моманты жыцця. Афіцыйны яе стаж у медыцыне -- 48 гадоў, аднак яна і сёння застаецца сапраўдным медыкам, які ніколі не пакіне без дапамогі таго, хто мае ў ёй патрэбу. Дзякуючы яе ініцыятыве, настойлівасці і рабоце ў пад’ездзе нашай дзевяціпавярхоўкі заўсёды падтрымліваюцца чысціня і парадак. А кветкі, што вырошчвае ля пад’езда Валянціна Аляксееўна, радуюць вока з ранняй вясны да позняй восені», -- радкі з пісьма Софіі Данілаўны.

Перад навагоднімі і каляднымі святамі Валянціна Аляксееўна разам з Юліяй Сапоненка змясцілі на дошку аб’яў ля пад’езда віншаванне жыхарам дома, упрыгожылі яго мішурой і ёлачнымі цацкамі. Прачытаеш -- адразу настрой узнімаецца...

Сяржант медыцынскай службы

Валянціна -- пятая, малодшая дачка ў простай сельскай сям’і Азаронкаў з Лепельскага раёна Віцебшчыны. Вырашыла паступаць у Лепельскае медвучылішча ўслед за старэйшай сястрой Соняй. Па размеркаванні трапіла ў медпункт рамонтна-танкавага завода ваеннага гарадка Заслонава. Сяржанту медыцынскай службы Валянціне Азаронак ваенная форма вельмі пасавала. Строгай, патрабавальнай да сябе і іншых медсястры пабойваўся нават пажылы ўрач, пад кіраўніцтвам якога яна працавала. А вось малады лейтэнант Аляксандр Міхасёнак, які праходзіў у Заслонаве двухгадовую ваенную службу пасля заканчэння радыётэхнічнага інстытута, не пабаяўся запрасіць прыгожую дзяўчыну на вальс у Доме афіцэраў. У вальсах, польках, танга гэтай пары не было роўных, настолькі зладжана яны кружылі пад акампанемент аркестра па нацёртым да бляску паркеце…

Калі служба Аляксандра падышла да завяршэння, яны вырашылі пажаніцца. І прыехалі ў Маладзечна, дзе расшыралася магутнае прадпрыемства -- радыёзавод «Спадарожнік». Аляксандр Пятровіч пачынаў інжынерам у аддзеле тэхнічнага кантролю, быў намеснікам начальніка гэтага аддзела. Пазней яго абралі старшынёй прафсаюзнага камітэта прадпрыемства, на якім працавала каля 8 тысяч чалавек. Гэтай пасадзе ён аддаў 29 гадоў.

Ваенная форма пасавала Валянціне, сяржанту медыцынскай службы.

Неаднойчы ратавала людзей

Валянціне Аляксееўне не адразу ўдалося ўладкавацца па спецыяльнасці. Давялося нават папрацаваць прадаўцом у магазіне «Космас». Некаторы час была медсястрой у дзіцячым садзе №17. А калі адкрыўся новы корпус гарадской бальніцы, яе прынялі медсястрой у кардыялагічнае аддзяленне, якое на той час узначальвала Галіна Гембіцкая. Работа ў ім стала выдатнай прафесійнай школай. Набытыя там навыкі па аказанні неадкладнай медыцынскай дапамогі неаднойчы дапамагалі ратаваць людзей па-за сценамі бальніцы. Мая субяседніца ўспамінае, як да прыезду хуткай дапамогі рабіла масаж сэрца аднаму з дачнікаў, які быў на валаску ад смерці. Пасля выпіскі з бальніцы ўдзячны мужчына апусціўся на калені перад сваёй выратавальніцай. Быў і яшчэ адзін выпадак, калі прыйшлося аказваць першую медыцынскую дапамогу суседу з дома, і яна была своечасовай і эфектыўнай.

Большую частку сваёй працоўнай біяграфіі -- 25 гадоў -- Валянціна Аляксееўна была медсястрой фізіятэрапеўтычнага кабінета. Атрымала вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, сумяшчала абавязкі старшай медсястры кабінета. Шмат гадоў замяшчала на час водпуску галоўную медыцынскую сястру бальніцы Валянціну Арцюхову, якая згуртавала калектыў старшых медсясцёр, была строгім, але справядлівым кіраўніком. Дружным быў і калектыў фізіякабінета, які ўзначальвала вопытны ўрач Валянціна Мінько. Медсёстры адказна ставіліся да сваіх абавязкаў, разумелі, што работа з кожным прыборам патрабавала максімальнай уважлівасці. Прыемна было бачыць, што пасля курса працэдур пацыенты адчувалі сябе лепш, казалі, што боль адыходзіць, усміхаліся і шчыра дзякавалі за лячэнне.
Дасягнуўшы пенсіённага ўзросту, Валянціна Аляксееўна працавала інструктарам па здаровым ладзе жыцця, пяць гадоў была старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі бальніцы. Дзякуючы яе намаганням былі складзены спіскі ветэранаў вайны і працы, іх віншавалі з юбілеямі, адзінокіх калег наведвалі, дапамагалі ім. З многімі сваімі былымі калегамі Валянціна Аляксееўна падтрымлівае сувязі і цяпер. Сярод іх Валянціна Мінько, Алена Пятровіч, Часлава Шарлан, Зінаіда Даронічава, Вольга Слуцкая, Людміла Астроўская, Ванда Кудра, Алена Сапач, Жанна Гурман.

Апошняе месца работы маёй субяседніцы -- псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. З вялікай павагай і цеплынёй яна расказвае пра вельмі вопытнага ўрача Людмілу Рубан, разам з якой працавала там пяць гадоў.

Ёсць у маёй гераіні і грамадская работа. З 1991 года яна з’яўляецца упаўнаважанай ад жыхароў свайго дома, адказвае за парадак, вырашае розныя злабадзённыя пытанні.

Валянціна і Аляксандр. Такімі яны былі, калі пазнаёміліся.

-- Ведаеце, старшая медсястра -- гэта не проста работа, гэта дыягназ на ўсё жыццё, -- гаворыць пра сябе з усмешкай і расказвае, што заўсёды дапамагалі ёй падтрымліваць чысціню ў доме Святлана Салаўёва, Галіна Сліж, Софія Дудчанка.

Міхасёнкі выгадавалі дваіх цудоўных сыноў. Старэйшы Андрэй -- палкоўнік авіяцыі, пасля вучобы застаўся служыць у Расіі. Пётр жыве ў Маладзечне, ён індывідуальны прадпрымальнік, выдатны майстар па дрэве. Радуюць бабулю і дзядулю шасцёра ўнукаў.

«Дзякуючы жонцы я жыву»

-- Хаця мая жонка і на пенсіі, аднак медыцынскую практыку працягвае, бо я знаходжуся пад яе кругласутачным медыцынскім кантролем. Неаднойчы паўтараю, што жыву дзякуючы Богу, урачам і маёй Валянціне, -- з любоўю і ўдзячнасцю гаворыць Аляксандр Пятровіч.

29 гадоў ён змагаецца з цяжкай хваробай, перанёс тры складаныя аперацыі, атрымаў другую групу інваліднасці. Валянціна Аляксееўна заўсёды была побач, падтрымлівала. Прарывалася ў рэанімацыю пасля аперацыі, каб проста патрымаць за руку, падбадзёрыць, сказаць, што ўсё будзе добра. На працягу ўсіх гэтых гадоў яна дакладна выконвае ўсе шматлікія прадпісанні ўрачоў, распрацавала рацыён харчавання, заснаваны на натуральных прадуктах. Дзякуючы яе кваліфікаванай дапамозе, яе клопатам Аляксандр Пятровіч вядзе звычайны лад жыцця: водзіць машыну, працуе на дачы, ходзіць у грыбы і ягады.

Муж і жонка расказваюць, што кожны год стараюцца назапасіць чарніц, якія прыносяць арганізму шмат карысці. Валянціна Аляксееўна добра разбіраецца ў травах, гэтаму навучыла яе маці, якая была знатнай траўніцай.

-- А як яшчэ падтрымліваеце сваю фізічную форму? -- цікаўлюся ў сваёй субяседніцы, якая выглядае нашмат маладзейшай за свой узрост.

-- А вось мае памочнікі! -- з усмешкай дастала яна дзве 4-кілаграмовыя гіры. -- Як выпадзе вольная хвілінка -- прысядаю з імі, рукі падкачваю, каб мышцы не слабелі, суставы працавалі. Зімой, калі руху менш, гэта вельмі дапамагае. Летам фізічныя практыкаванні не патрэбныя -- іх замяняюць дача, лес…

Прыемна было даведацца, што Міхасёнкі выпісваюць нашу газету з таго часу, як прыехалі ў Маладзечна, сочаць за навінамі рэгіёна, за творчасцю нашых журналістаў. Сустрэчы з такімі падпісчыкамі -- нібы бальзам на душу. Жыццё сямейнай пары Міхасёнкаў -- прыклад працавітасці, стойкасці, міласэрнасці і дабрыні.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І МІХАСЁНАК.