Як паведаміла начальнік цэха жывёлагадоўлі гаспадаркі Святлана Васюкевіч, цяпер вядзецца падрыхтоўка да летне-пашавага сезона. Прыводзяцца ў парадак і аднаўляюцца прагоны для кароў. Каб буронкам на полі было камфортна і бяспечна, неабходна прывесці ў «баявую гатоўнасць» электраагароджы, ёмістасці для выпойвання жывёлы, іншае абсталяванне.
Ды і пра перспектыву нельга забываць. У канцы мая пачнецца корманарыхтоўка. Першы ўкос самы багаты. Трэба, каб ён быў праведзены без страт і ў аптымальныя тэрміны. Тады малочны канвеер будзе гарантавана набіраць абароты.
— Нашы жывёлаводы сваю справу ведаюць, таму з усімі задачамі справяцца паспяхова, — адзначыла Святлана Яраславаўна. — Касцяк калектываў аб’ектаў жывёлагадоўлі складаюць вопытныя работнікі. Да іх далучаюцца маладыя спецыялісты. «Маладзечанскі райаграсэрвіс» стварае ўмовы, каб выпускнікі сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў замацаваліся ў гаспадарцы.
Аднаго з маладых спецыялістаў, ветэрынарнага фельчара Яну Монід, мы папрасілі падзяліцца думкамі пра яе выбар жыццёвага шляху.
— Нарадзілася я ў Маладзечне, вучылася ў СШ №1, — гаворыць субяседніца. — Жывёл любіла з дзяцінства. Заўсёды хацела ім дапамагаць. Пасля заканчэння школы паступіла ў Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж. Вучылася па мэтавым дагаворы. Гэта гарантавала першае рабочае месца.
Дзяўчына падкрэсліла, што ў яе абавязкі ўваходзіць лячыць кароў, прымаць у іх роды, вакцыніраваць і гэтак далей. Адказнасць вялікая, аднак калі трэба, на дапамогу прыходзяць больш вопытныя калегі. Узровень жывёлагадоўлі ў гаспадарцы высокі. Ёсць магчымасць цалкам рэалізаваць свой патэнцыял.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.