Новости Молодечно и Молодечненского района

На торце юбілейным – 100 гадоў

  • 2020-02-04 09:28:21
  • Анжаліка Крупянькова

Эдуард Сямёнавіч стаў сведкам многіх эпахальных падзей. Рос і вучыўся ў школе пры панскай Польшчы. Перажыў акупацыю, пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкай навалы пайшоў на фронт. Пасля вайны адным з першых уступіў у калгас, разам з аднавяскоўцамі аднаўляў сельскую гаспадарку, шмат гадоў загадваў фермай…

У свае 100 гадоў у ветэрана выдатная памяць, ён да драбніц памятае дзяцінства, юнацтва. Расказвае, што вырас у вялікай сям’і, дзе гадаваліся шасцёра сыноў і дзве дачкі. Эдзіку было 12 гадоў, калі памёр бацька, давялося ўслед за братамі ўскладаць на свае плечы мужчынскія абавязкі, вучыцца гаспадарыць на зямлі, якой было шмат. З маленства ўмеў і касіць, і за плугам хадзіць. Але пры гэтым цягнуўся да навукі, закончыў пяць класаў польскай школы, якая была за дзесяць кіламетраў праз лес у Гарадку, на той час бойкім яўрэйскім мястэчку.

Цяпер Еленка – ціхая вёсачка ў Аляхновіцкім сельсавеце, дзе больш дачнікаў, чым карэнных жыхароў. А раней у кожнай хаце падрасталі дзеці, было шмат моладзі, якая ўмела і працаваць, і весяліцца. Эдуард Сямёнавіч прыгадвае, як ладзілі вечарынкі ў вялікіх хатах вяскоўцаў:

— Я больш за ўсё вальс любіў танцаваць, але і польку, кракавяк умеў.
— А адкуль у вашай вёскі такая назва? – пытаюся ў старажыла.
— Напэўна, ад ельніку, вы ж бачылі, што з усіх бакоў яе лясы акружаюць, — мяркуе юбіляр.

Непадалёк ад вёскі — рака Уша. За ёй, успамінае Эдуард Сямёнавіч, былі панскія ўгоддзі, а сам пан жыў у Гердуцішках. На панскіх лугах нельга было пасвіць жывёлу, у панскім лесе не дазвалялася збіраць ягады і грыбы.

У час фашысцкай акупацыі ў Еленку часцей прыходзілі партызаны, чым фашысты. Мясцовыя жыхары кармілі народных мсціўцаў, мылі ім адзенне, давалі з сабой харчы.
Акупанты ганялі мужчын на работу, найчасцей на чыгунку.
— На дрызіну нас пасадзяць, завядуць — і пускаюць па рэйках. Так правяралі, ці не замініравалі іх партызаны. Едзеш — і кожны раз з жыццём развітваешся, — прыгадвае ветэран.

Як толькі вызвалілі нашу мясцовасць, траіх братоў Дзяўго – Міхаіла, Адольфа і Эдуарда — забралі на фронт. Адольф з Эдуардам трапілі ў Бабруйск, дзе іх тры месяцы навучалі ваеннай справе.

— Там я ўпершыню ў рукі зброю ўзяў, раней ніколі страляць не даводзілася. І падумаць не мог, што буду кулямётчыкам, — пачынае расповед пра вайну франтавік.

Ён добра памятае вагу кулямёта «Максім». – Мы разам з Адольфам служылі, часта цягалі кулямёт на сваіх плячах: брат — ніжнюю частку, я – ствол, які важыў 32 кілаграмы.

Беласток, Варшава, Кёнігсберг — баявы шлях радавога Дзяўго ў складзе 32-га пяхотнага палка I Беларускага фронту. Гаворыць, што ў жорсткіх баях яго ратавала моцная вера ў Бога. Штодня маліўся, ніколі не здымаў нацельны крыжык. Успамінае, што нават атэісты ў час бою гаварылі: «Выратуй, Госпадзі!». І ўсё ж за 30 кіламетраў ад Берліна фашысцкі снайпер параніў яго ў нагу. Доўга лячыўся ў шпіталі, дзе і сустрэў Перамогу. А пры выпісцы папрасіўся ў свой полк, які стаяў на мяжы з Чэхаславакіяй. Дэмабілізаваліся браты Дзяўго толькі ў лістападзе 1945 года, Міхаіл на той час ужо вярнуўся дадому. Радасці было ў матулі: усе сыны жывымі прыйшлі з вайны.

У 47-м Эдуард ажаніўся з Марыяй з суседняй вёскі Навасёлкі. Даўно яна яму падабалася, часта да вайны сустракаліся ў Дубраўскім касцёле. Там і бралі шлюб, пакляліся адзін аднаму ў каханні і вернасці.

Пражылі разам 46 гадоў. Марыя Рыгораўна працавала даяркай, была выдатнай гаспадыняй, вельмі добра шыла: новыя сукенкі ды спадніцы ў яе заказвалі жанчыны з усяго наваколля. З дапамогай сваякоў пабудавалі хату, выгадавалі дваіх сыноў і дачку. 22 гады Эдуард Сямёнавіч загадваў жывёлагадоўчай фермай у сваёй вёсцы, за добрасумленную працу мае граматы і падзякі. Ужо ў мірны час ён быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны другой ступені.

— Ён быў вельмі сумленным і адказным работнікам. Што б яму ні даручылі – заўсёды спраўляўся, — гаворыць былы старшыня Аляхновіцкага сельсавета Канстанцін Лёля, які цяпер узначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю.

Усе дзеці Эдуарда Сямёнавіча і Марыі Рыгораўны жывуць у Мінску. Станіслаў да пенсіі працаваў наладчыкам станкоў на гадзіннікавым заводзе, цяпер жыве разам з татам у Еленцы, Яўгенія – фельчар, Браніслаў — наладчык станкоў на заводзе халадзільнікаў. На жаль, Марыі Рыгораўны даўно няма ў жывых, дзеці клапоцяцца пра бацьку, не пакідаюць яго аднаго.

— Тата навучыў нас працавітасці, заўсёды быў прыкладам сумленнасці, любові да зямлі. Ён і цяпер не можа дапусціць, каб зямля ля дома была недагледжаная, — з любоўю гаворыць дачка, якая ўсе свае медыцынскія здольнасці скіроўвае на тое, каб падмацаваць здароўе таты, своечасова падлячыць.

Расказвае, што ў адрозненне ад многіх вясковых мужчын, ён ніколі не заглядаў у бутэльку, не курыў. Але для сяброў заўсёды меў цыгарэты ў запасе: «Як гэта яны прыйдуць, захочуць пакурыць, а ў мяне цыгарэт няма?».

У юбіляра сямёра ўнукаў, 11 праўнукаў. Усе яны віншавалі дарагога чалавека з векавым юбілеем.

«Сто лят, сто лят! Нех жые, жые нам!» — гэта спрадвечная застольная здраўніца гучна гучала ў хаце Дзяўго, дзе сабралася нямала гасцей. Павіншаваць ветэрана Вялікай Айчыннай вайны прыехалі старшыня Аляхновіцкага сельвыканкама Ганна Фурс, намеснік старшыні раённага савета ветэранаў Ніна Шарыпава, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Канстанцін Лёля, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Саланенка, прадстаўнікі раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва, ААТ «Дубрава-2013», настаўнікі і вучні Дубраўскай базавай школы. Кожны адрасаваў юбіляру цёплыя словы, дарыў кветкі, падарункі. Усе разам жадалі ў добрым здароўі сустрэць сотую вясну свайго жыцця і 75-ю вясну Вялікай Перамогі.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.