— У гэты дзень мне заўсёды трывожна, нават артэрыяльны ціск падняўся, — гаворыць Соф’я Іванаўна. – Мне было ўсяго тры з паловай года. Канешне, я не магу памятаць тыя страшныя падзеі. Але мама Адэля Іванаўна расказала мне ўсё да драбніц.
26 чэрвеня ля Ермакоў завязаўся бой паміж нашымі і фашысцкімі разведчыкамі. Ворагаў загінула шмат, і акупанты абвінавацілі ў гэтым мясцовае насельніцтва. Выгналі ўсіх з хат і павялі на расстрэл, у тым ліку маіх бацькоў. Мама ўспамінала, што мяне яна несла на руках, а фашыст штыком яе падпіхваў. Мужчын і жанчын раздзялілі, у лузе ля вёскі прымусілі ўсіх легчы, пачалі страляць. Майго тату Івана Феафілавіча паранілі, як ён сам потым гаварыў, зачапілі лёгкае. Усё астатняе жыццё гэта рана не давала спакою, мала пажыў, у 1949 годзе яго не стала. Як мы потым даведаліся, карнікі расстралялі 13 мужчын. Сярод іх быў і Віталій Чапурок, сын роднага брата майго таты. Ён быў самым маладым сярод загінулых, яму споўнілася 26 гадоў. Канстанціну Більдзюку было 27, Івану Зянько – 29, Мікалаю Сянько – 30. Самаму старэйшаму Івану Бандарыку — 70 гадоў. У гэты дзень загінулі таксама Міхаіл Бабёр, Антон Бажко, Вікенцій Бабровіч, Дзмітрый Бандарык Віталій і Іван Гарановічы, Мікалай Пачукоўскі, Пётр Чапурок. Іх імёны ўвекавечаны на абеліску, што знаходзіцца ў нашай вёсцы. Разам з жыхарамі Ермакоў у брацкай магіле пахаваныя 15 невядомых воінаў і партызан.
Усіх сагнаных вяскоўцаў фашысты забіваць не сталі, відаць, вырашылі такім чынам запалохаць. Калі страляніна скончылася і карнікі пайшлі, мама са мной на руках паўзком прабралася да сваёй хаты, убачыла, што яна гарыць. Не пабаялася, паспела ўскочыць і выкінуць праз акно тое-сёе з рэчаў,
адзення. Толькі 7 хат з 34 засталося ў вёсцы. Нам далі прытулак чужыя людзі. А ўвосень прадалі збожжа, перавезлі з Валожыншчыны, мамінай радзімы, свіран, але і гэта часовая будыніна згарэла ў час наступлення нашых войскаў летам 1944-га.
Соф’я Іванаўна памятае асобныя ўрыўкі жыцця ў акупацыі. Напрыклад, як фашысты зганялі вяскоўцаў на сходы грамадзян і мама брала яе з сабой. Людзі баяліся гэтых сходаў, думалі, зноў павядуць на расстрэл ці будуць паліць. Усе ведалі пра трагедыю спаленай вёскі Доры на суседняй Валожыншчыне. Пачуццё трывогі надоўга пасялілася ў душы маленькай дзяўчынкі.
— Яшчэ памятаю, як хадзілі з мамай за пяць кіламетраў у яе родную вёску Леснікі. Там мяне часта пакідалі пад наглядам дзеда, мамінага таты. У адным месцы былі глыбокія равы, у іх ляжалі забітыя немцы. Калі мы міма ішлі, я вельмі баялася, увесь час прасіла маму ўзяць мяне на рукі… Праз нашу вёску ішла дарога з Валожына на Радашковічы, на Мінск. І па ёй пастаянна рухалася нямецкая тэхніка. А калі здараліся перапынкі, мы, дзеці, перабягалі на другі бок дарогі. Мама вельмі сварылася за гэта, баялася за мяне, сваю адзіную дачку… А яшчэ памятаю, што ўсе шчыра маліліся Богу і раніцай, і вечарам. Нібы і сёння чую тыя ціхія трывожныя малітвы.
Перад вызваленнем усе жыхары вёскі перабраліся ў лес, выкапалі там сабе зямлянкі. Ведалі, што баі будуць цяжкімі, ратаваліся, як маглі. Каля нашага свірна гарэў нямецкі танк, полымя перакінулася на будыніну, яна згарэла. І ў суседкі Яўгеніі Гардыка домік згарэў. Зноў мы засталіся без жылля, наймалі вугал у Івана Новіка.
Пасля вызвалення 17 вяскоўцаў забралі на фронт. Пяцёра з іх загінулі: Сцяпан Чапурок, Васілій Курыловіч, Леанід Бабёр, Віталій і Іосіф Журавовічы.
Расказвае жанчына і пра цяжкія пасляваенныя гады. У 1945-м Соф’я пайшла ў першы клас Ермакоўскай школы. Вёў заняткі ў пачаткоўцаў мясцовы настаўнік Віталій Ігнацьевіч Бандарык.
— Пяць класаў я, як і ўсе мае аднакласнікі, хадзіла ў школу ў лапцях, — успамінае мая субяседніца. – Мама за 30 кіламетраў пешшу хадзіла з жанчынамі ў Маладзечна, прадавала там масла і тварог, купляла соль, сахарын, прыносіла рудую ўпаковачную паперу, з якой тата сшываў мне сшыткі. Пісалі спачатку алоўкамі, пазней – ручкамі з пёрамі. Насілі з сабой чарніліцы, часта іх разлівалі на нефарбаваныя школьныя парты. Так і стаялі яны – усе ў фіялетавых плямах…
Здымак ваеннага часу: Соф’я Чапурок разам з мамай Адэляй Іванаўнай.
Помнік на брацкай магіле ў вёсцы Ермакі.
Нягледзячы на цяжкі пасляваенны час, Соф’я Чапурок паспяхова закончыла школу, атрымала спецыяльнасць агранома ў Полацкім сельгастэхнікуме. І больш за 25 гадоў працавала галоўным аграномам у родным калгасе імя Кірава, за высокія паказчыкі па ўраджайнасці збожжавых была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яна даўно ўжо на пенсіі, жыве разам з сям’ёй сына ў Маладзечне. Але пры любой магчымасці наведвае свае Ермакі, вось і нядаўна пабывала там, усклала кветкі да абеліска загінулым землякам. І палічыла сваім абавязкам расказаць пра трагедыю сваёй вёскі на старонках «Маладзечанскай газеты», якую яна выпісвае ўсё жыццё. Уявіце, яна захавала нумар раённай газеты «Чырвоны сцяг» за 6 верасня 1945 года, якую на той час выпісваў яе тата і па якой вучыў яе чытаць. Расповеды такіх людзей, як Соф’я Іванаўна – гэта жывая гісторыя нашага рэгіёна, нашай любімай Беларусі.
Фота: АЎТАР, архіў Соф’і ЧАПУРОК.