У фае ля ўвахода ў майстэрню прыцягвае ўвагу кампазіцыя з лазовых ёлак-пірамід амаль у рост чалавека, якія стварыла метадыст цэнтра Таццяна Пархамчук. Упрыгажэнні для іх таксама незвычайныя.
-- Кожны год мы стараемся прыдумаць нешта новае. Сёлета распрацавалі калекцыю ёлачных цацак у стылі боха, -- расказвае метадыст Ала Бажко.
На рукавічках, доміках, сняжынках, птушачках з ільну -- элементы беларускай выцінанкі, арнаменты, іншыя ўпрыгажэнні ў нацыянальным стылі. Някідкая, але вельмі прыемная воку каляровая гама, суперакуратнае выкананне -- без сумненняў, такія цацкі будуць карыстацца вялікім попытам. Як і арыгінальныя навагоднія снегавікі, ёлачкі з тканіны майстра народных промыслаў і рамёстваў Алены Тарлецкай.
-- Ведаеце, што ўнутры гэтага снегавіка? -- інтрыгуе Алена Міхайлаўна. -- Двухлітровая пластыкавая бутэлька ад квасу. А каб мой снегавічок не куляўся, набіла бутэльку абрэзкамі тканіны, абцягнула яе паралонам. А далей -- палёт фантазіі: чырвоны, нібы ў Дзеда Мароза, кажушок, шалік, шапка, рукавічкі. І нават брошка ў выглядзе ружы…
Мы размаўлялі, і пры гэтым Алена Міхайлаўна спрытна арудавала іголкай, збірала з рознакаляровых кружкоў з тканіны невялікую ёлачку ў стылі новай тэхнікі Yo-Yo, запазычанай у Інтэрнэце.
А які вытанчаны, дзівоснай прыгажосці калядны вянок спляла з саломкі майстар Наталля Войтка! Куды б яго ні павесіў -- на дзверы, акно ці люстру, ён створыць у доме святочны настрой.
-- На навагоднія сувеніры, наборы ёлачных цацак у нас нямала заказаў, -- падключаецца да размовы дырэктар раённага цэнтра рамёстваў Ларыса Ступіна.
Ларыса Генадзьеўна адзначае, што адыходзячы год для іх калектыву быў вельмі прадукцыйным, план да аналагічнага перыяду мінулага года выкананы на 170 працэнтаў. Нашы майстры паспяхова прымалі ўдзел у раённых, абласных, рэспубліканскіх выстаўках, конкурсах. Вось і зусім нядаўна ўдзельнік клуба майстроў «Вытокі» Дзмітрый Галгоўскі, які захапляецца разьбой па дрэве, заняў першае месца на абласным свяце-конкурсе «Беларуская лялька» ў Слуцку.
Сістэматычна ў цэнтры рамёстваў праходзяць майстар-класы. У дзень майго візіту ўдзельнікі народнага клуба народнай творчасці «Вытокі», якім кіруе Ірына Радкоўская, майстравалі сімпатычных коцікаў. Такая цацка -- выдатны падарунак пад ёлку, яму будуць рады як дзеці, так і дарослыя. Дарэчы, сёлета клуб «Вытокі» ў чарговы раз пацвердзіў ганаровае званне «народны». Ён аб’ядноўвае каля паўсотні майстроў з усяго раёна.
Вынікі творчасці супрацоўнікаў установы можна ўбачыць у выставачнай зале цэнтра рамёстваў. Гэта сапраўдны музей, у якім прадстаўлены вырабы з саломкі, лазы, керамікі, ільну і іншых матэрыялаў. Я стала сведкам, з якой цікавасцю разглядалі экспанаты вучні 4 «В» класа СШ №11. Разам са сваімі настаўнікамі дзеці прыйшлі ў цэнтр рамёстваў на экскурсію, якую для іх правяла метадыст Ала Аношка. Экскурсіі, святочныя майстар-класы тут будуць праходзіць на працягу ўсяго снежня. Таленавітыя ўмельцы падзеляцца з юнымі і дарослымі наведвальнікамі не толькі сваімі сакрэтамі, але і навагоднім настроем.
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.