На гукі музыкі сышлася ўся вёска: хто з крэслам, хто з зэдлікам прыйшоў на канцэрт. Сярод гледачоў былі даяркі, іншыя працаўнікі фермы, старыя і малыя жыхары вёскі. Арганізатарскія пытанні вырашала стараста Конавічаў Анжэла Рудая.
Усе мы з вялікім задавальненнем слухалі выступленне самадзейных артыстак, якія былі прыгожа апрануты ў нацыянальныя строі, з вяночкамі на галовах. Гучалі песні «За Беларусь!», «Старэнькі дом», «Вёска», «А гармонік грае, грае», «Крапіва-лебяда» і многія іншыя. І пасля кожнай не сціхалі апладысменты, а пад некаторыя мелодыі гледачы нават прытанцоўвалі.
Песні так кранулі нашы сэрцы, што выклікалі слёзы на вачах.
Красамоўна, душэўна вялі праграму Алена Капуста і Вераніка Міхалоўская. Замілавана, хораша спявала Алена Монід. Мы шчыра ўдзячны ўсім удзельніцам «Суседак», сярод якіх -- Ірына Капуста, Алена Монід, Вера Лоўчая, Наталля Зянько, Святлана Крысюк, Вераніка Міхалоўская. Дзякуем за тое, што яны пра нашу вёску памятаюць, што прыехалі і парадавалі нас, падарылі сапраўднае свята.
Жыхары вёскі Конавічы Тамара МІКУЛІЧ, Мікалай КУЗНЯЦОЎ, Вера КРУЦІКАВА.
Фота: Вера КРУЦІКАВА.