Нягледзячы на юны ўзрост (Луіза вучыцца ў другім класе), дзяўчынка мае шматлікія лаўрэацкія званні, уладальніца Гран-пры міжнароднага конкурсу «Culture Caravan winter contest-2021» з прысваеннем тытула «Імідж вясновых конкурсаў» і Гран-пры фестывалю «Вёска fest».
Таленавітая і крэатыўная, маленькая артыстка ўшанавана дыпломамі і каштоўнымі прызамі Міжнароднага тэлевізійнага праекта «Кубак дружбы», рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў «Беларускія таленты», міжнародных фестываляў-конкурсаў «Новые вершины», «Музыки свет» і «АРТ».
Талент у дзяўчынкі праявіўся вельмі рана. У чатыры гады яна з інтанацыяй расказвала на памяць «Айбаліта» і «Муху-Цакатуху». На ранішніках у дзіцячым садзе вылучалася артыстызмам і асаблівай энергетыкай.
Радаслоўная Луізы багатая на прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей. Прабабка – немка, дзядуля — украінец, бабуля — беларуска, тата – ураджэнец Чачэнскай рэспублікі. Таму імя ёй выбіралі з разлікам, каб нікога не пакрыўдзіць. Хтосьці называе яе Луі, іншыя – Ліза, некаму падабаецца імя Луіза. Хаця ў сям’і пераважна эканамісты і медыцынскія работнікі, музыка, спевы, танцы суправаджаюць па жыцці ўсіх. Бабуля з дзядулем у свой час былі лепшымі выканаўцамі твіста, маці таксама захаплялася танцамі і нават падпрацоўвала на дыскатэках. Пачатковую музычную адукацыю маюць мама і яе брат. Невядома, які шлях абярэ ў будучыні Луіза, але сёння яна з вялікім імпэтам займаецца музычнай творчасцю.
На фарміраванне юнай выканаўцы паўплывалі многія выкладчыкі. З пяці гадоў Луіза Хусіева займалася танцамі ў стылі хіп-хоп, у шэсць – пачала наведваць студыю песні «Меридиан» маладзечанскага Палаца культуры. Цяпер дзяўчынка вучыцца на аддзяленні эстраднага вакалу дзіцячай школы мастацтваў у педагога Таццяны Аўгусціновіч і наведвае ўзорную студыю «Спяваем разам» Алены Атрашкевіч. А вось тэхнікі і азы акцёрскага майстэрства дапамагае ёй спасцігаць таленавітая актрыса і, як высветлілася, не менш таленавіты педагог Алена Рахмангулава. Прымерваючы на сябе вобразы розных герояў, асвойваючы асновы сцэнічнага маўлення, Луіза пад кіраўніцтвам добразычлівай настаўніцы вучыцца імправізаваць, фантазіраваць. Алена Аляксандраўна мае вопыт выкладчыка тэатральнай студыі. Неяк разам са сваёй сяброўкай і калегай па тэатры Людмілай Рошчынай яны стварылі тэатральную студыю для самых маленькіх. Галоўнае, што вынеслі з таго перыяду: на творчых занятках з дзецьмі важна захоўваць элемент гульні і як мага больш хваліць, нават за нязначныя поспехі.Заняткі з майстрам сцэны, артысткай Мінскага абласнога драматычнага тэатра Аленай Рахмангулавай далі выдатны вынік.
Луіза з вялікім задавальненнем бяжыць на заняткі ў тэатр, дзе яе чакае Алена Аляксандраўна. Яна ведае, што гэта не проста ўрок, гэта чарговае падарожжа ў чароўную краіну Мастацтва.
Сёлета Мінскі абласны драматычны тэатр адзначыў сваё 30-годдзе. Назіраючы за юнымі выхаванцамі вопытных артыстаў МАДТ, верыцца, што ў тэатра будзе будучыня, новыя пакаленні прадоўжаць справу сваіх настаўнікаў.
Ала СТРАШЫНСКАЯ, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі МАДТ.
Фота: архіў СЯМ’І ХУСІЕВЫХ.