Гістарычная памяць і мудрасць народа – не прыгожыя словы. Яны – адлюстраванне шматвяковага шляху, які прайшла супольнасць, адказ на выклікі, якія адбываліся за гэты час. Тое ж тычыцца і беларусаў.
Нашы продкі заўсёды былі дзяржаўнікамі. На сваім вопыце яны пераканаліся, што бараніцца, працаваць, будаваць, адстойваць свае інтарэсы лепш разам. Пры гэтым страта сваёй дзяржаўнасці нясе бяду, спусташэнне зямлі, гібель радні і блізкіх.
Абвостранае пачуццё Радзімы фарміравала яшчэ тая акалічнасць, што нашы землі знаходзіліся на перасячэнні розных укладаў жыцця, светапоглядаў, традыцый. Гэта ўзбагачала культуру, развівала эканоміку. Але і заваёўнікі не абыходзілі беларускі край. Беларусь не раз станавілася арэнай крывавых войнаў.
Каб выжыць, у беларусаў не было іншага шляху як згуртавацца, забыць асабістыя крыўды, разам бараніць свае сем’і, сваю старонку. Так было ў сярэднія вякі, калі на нашы землі рабілі замах «псы-рыцары» і мангола-татарская арда. Так было і ў час Вялікай Айчыннай вайны. Тады нашаму народу пагражала поўнае знішчэнне. Мы выстаялі таму, што былі адзіныя, таму, што цанілі дзяржаву вышэй за ўсё.
Выбар, які тры дзясяткі гадоў таму зрабіў наш народ, не выпадковы. Моцная дзяржава, моцная ўлада, моцны лідар – тое, што ўвасобіў Аляксандр Лукашэнка, тое, што адпавядала векавым марам і спадзяванням народа. І выбар гэты аказаўся верны. За мінулыя дзесяцігоддзі ў свеце шмат што змянілася. Аднак пры ўсіх узрушэннях Беларусь з палітычнай карты Еўропы не знікла. Яна памацнела, а наш народ усё так жа нацэлены ўмацоўваць сваю краіну. Гэта трэба цаніць, памятаць і ўпэўнена рухацца наперад.
Алег БЯГАНСКІ