Новости Молодечно и Молодечненского района

Маркаўчанка Вольга Сапач выйшла на пенсію, але цікавасці да жыцця не губляе

  • 2020-12-22 12:10:44
  • Ірына Рабушка

Прыгажосці ўсе ўзросты пакорлівыя

Яна ўвогуле трымае руку на пульсе і, як патрабуюць сённяшнія рэаліі, усіх гасцей сустракае з супрацьвірусным спрэем. На павольнае вясковае жыццё-быццё ўсмешлівая Вольга Канстанцінаўна не скардзіцца. Гаворыць, што заўсёды знаходзіць сабе занятак. У гэту пару штогод абавязкова ўпрыгожвае жывую ёлку, каб адчуваўся водар навагодніх свят. Некаторыя ёлачныя ўпрыгажэнні ў яе захаваліся з дзяцінства.

— Ужо 19 гадоў жыву адна. Муж, на жаль, рана пайшоў з жыцця, а дочкі раз’ехаліся, стварылі свае сем’і, — расказвае Вольга Канстанцінаўна. – Яны, канечне, часта прыязджаюць, у цёплы сезон і агарод тут садзяць, цяпер вось рамонт у доме распачалі. І я часам у іх бываю. Але для мяне з’ездзіць у Мінск сапраўдная падзея, перад дарогай ад хвалявання ўсю ноч не сплю.

Нельга было не заўважыць у Вольгі Канстанцінаўны прыгожыя прычоску, макіяж і манікюр. На камплімент у свой адрас яна бойка адказвае, што заўсёды любіла прыбірацца і цяпер стараецца трымаць марку.

«Жыць табе ў вёсцы і спаць на хамутах!..»

Ёй вельмі падабаецца гартаць фотаздымкі, прычым як у альбоме, так і ў ноўтбуку, з якім яна спрытна ўпраўляецца. Па чорна-белых сюжэтах прыгадвае, як дзяўчынай прыехала ў Маркава з Гродзеншчыны і разам з мужам абжываліся ў доме, які яму, здатнаму трактарысту, выдзелілі ад мясцовай гаспадаркі.

— Шмат у мяне фотаздымкаў з розных вандровак – раней любіла свет паглядзець: была ў Гаграх, Кіеве, Пскова-Пячорскім мужчынскім манастыры, па Пушкінскіх мясцінах ездзіла... — расказвае яна. – А вось гэты мой партрэт некалі быў размешчаны на Дошцы гонару Мінскага камбіната хлебапрадукатаў – я там працавала транспарціроўшчыцай і майстрам.

Дарэчы, па прафесіі яна ткачыха, вучылася ў Баранавіцкім прафтэхвучылішчы.

— Маё першае рабочае месца – камбінат бытавога абслугоўвання там жа, у Баранавічах, дзе працавала матальшчыцай, — успамінае субяседніца. — Некалі гэта было магутнае прадпрыемства. Калі пераехала ў Мінск, бліжэй да старэйшай сястры, працавала на заводзе сілікатных вырабаў на вытворчасці цэглы, потым ужо — на камбінаце хлебапрадуктаў. Ды вырашыла змяніць гарадское жыццё на вясковае. Мама мне жартам гаварыла: «Жыць табе ў вёсцы і спаць на хамутах!..».

Не згубіцца і знайсці сябе

У вёсцы Вольга не расчаравалася і не згубілася. Больш за 30 гадоў адпрацавала ў Маркаўскім сельскім Савеце, займалася пераважна дакументацыяй, рэгістравала шлюбы. Нават на пенсіі два гады працавала, так любіла сваю работу. Яна і цяпер з задавальненнем дзеліцца вопытам. Да таго ж з’яўляецца старастай вуліцы 17 Верасня, на якой і сама жыве.

— Наша вуліца адна з самых вялікіх у вёсцы, — гаворыць Вольга Канстанцінаўна. – У Маркаве наогул жыццё не сумнае, асабліва калі дачны сезон пачынаецца. Гаспадары пакрысе добраўпарадкуюць сядзібы і «падключаюць» выгоды. Хаця ўсё ж грамадскай лазні ў нас не хапае, бо прыватныя ёсць не ва ўсіх. А так ёсць дзе купіць і прадукты, і лякарствы. У вёсцы добрыя школа і бібліятэка, у якую я і сама люблю хадзіць. Бібліятэкар Марына Чарняўская заўсёды і на мерапрыемства запросіць, і кнігу параіць, асабліва мне падабаецца чытаць пра каханне і дэтэктывы, гэта лепш за меладрамы па тэлевізары. Амбулаторыя ў нас таксама працуе. Раней тут быў вельмі добры доктар Рыгор Шаўчук — убачыць на вуліцы, заўсёды пра здароўе пацікавіцца і парэкамендуе, як яго падмацаваць. Рыгор Васільевіч у горад з’ехаў. Але цяпер у нас таксама харошы медык.

Прывітанне, Мінесота!

Сапраўдная аддушына для Вольгі Канстанцінаўны – рэпетыцыі ў фальклорна-этнаграфічным ансамблі «Маркаўчанка», што працуе пры мясцовым Доме культуры.

— Неацэнны ўклад у развіццё гэтага калектыву ўнесла Вера Мікітаўна Дорах, якая доўгі час была яго кіраўніком, — зазначае жанчына. — Цяпер яна старэйшая жыхарка нашай вёскі — ёй 97 гадоў. Шмат часу з намі працаваў і акампаніятар-баяніст Леанід Мікалаевіч Алейнік. Мы па ім аж плакалі, калі яму давялося пакінуць «Маркаўчанку». Наогул, у калектыву цікавае жыццё. Мы не толькі выступаем у Маркаве і іншых вёсках, але і ладзім розныя абрады – вясельны, Дажынкі, Сёмуху, на народзіны… У маім альбоме, дарэчы, захаваўся здымак
майго першага выступлення ў складзе «Маркаўчанкі». А яшчэ ёсць фота, на якім удзельнікі калектыву разам з фермерамі з Мінесоты. Амерыканцы прыязджалі сюды ў жніўні 1990-га, і мы ладзілі для іх канцэрт.

Пра «Дзэн»і «скандынаўскія» вандроўкі

Апошнім часам у жыццё, канечне, унёс карэктывы каранавірус. Вольга Канстанцінаўна з асаблівым настроем чакае тых дзён, калі да яе прыходзіць сацыяльны работнік Ларыса Слуцкая, у якой жанчына на абслугоўванні ўжо трэці год. Яна і па гаспадарцы дапаможа, і свежыя навіны «прынясе».

Жыццё Вольгі Канстанцінаўны таксама ўпрыгожваюць кветкі. Ёй вельмі падабаецца займацца вазонамі. Цяпер дома ў жанчыны сапраўдны зімні сад. З надыходам вясенняга цяпла адны кветкі пакідае ў доме, іншыя – высаджвае ў агародзе.

Каб падтрымаць настрой і ўвогуле цікавасць да жыцця, на выручку прыходзіць і ноўтбук з інтэрнэтам.

Тым часам гаспадыня бярэ высокую падлогавую падстаўку для вазона, замест яго кладзе рашотку «з-пад халадзільніка», кнігу і ўстанаўлівае няхітрую тэхніку. Хутка заходзіць на сваю старонку ў «Аднакласніках», зноў па фатаграфіях «вандруе» па старонках свайго жыцця і заўважае, што ў яе вельмі шмат сяброў.

— Бывае, дасылаюць па 90 падарункаў за дзень! – усміхаецца яна. – І кожнаму чалавеку трэба аказаць увагу — прыемнае прывітанне адправіць. Яшчэ кіно па ноўтбуку люблю глядзець, навіны чытаць. А як залезу ў «Дзэн» (zen.yandex. – Аўт.) — там столькі ўсялякай інфармацыі, рэцэптаў страў і ад розных хвароб! Каб зусім не заседзецца, бяру ў рукі скандынаўскія палкі і «падарожнічаю» з імі па вёсцы. Гэта вельмі карысна для здароўя. У мяне ёсць і равеснікі-аднадумцы – разам крочыць шпарчэй і весялей! Трэба ж рухацца!

Ірына РАБУШКА.
Фота: АЎТАР і архіў Вольгі САПАЧ.