Дзяўчынка ўжо асвоіла джойсцік і кнопкі на новай інваліднай электракалясцы. Можна ехаць улева, управа, уперад і назад. Можна стаць у поўны рост: надзейны пояс і накаленнікі фіксуюць корпус і ногі. І пры гэтым ніякага фізічнага намагання!
— У калясцы мне вельмі зручна. Праўда, яна даволі цяжкая, адзін чалавек яе не падніме. Затое на вуліцы я буду адчуваць сябе, як у машыне: на выбар дзве хуткасці, прадугледжаны нават габарытныя фары і аварыйны сігнал, — расказвае Віялета.
Яшчэ паўгода таму інвалідная электракаляска была запаветнай марай 13-гадовай маладзечанкі, якой два гады таму ўрачы паставілі рэдкі і складаны дыягназ — СМА. На заклік аб зборы сродкаў адгукнулася мноства людзей, і не толькі з нашага горада. Мама дзяўчынкі Таццяна Аляксандраўна не можа назваць дакладную іх колькасць. Ды хіба гэта важна, колькі людзей папоўнілі дабрачынныя рахункі або прынеслі грошы асабіста? Важныя тыя пачуцці, якія кіравалі імі. Прыкладна ў сярэдзіне сакавіка была сабрана ўся сума, і сям’я ўдзячная ўсім, хто паўдзельнічаў у лёсе дзяўчынкі.
— Вырашана вялікая праблема фізічнага стану дачкі — актыўнасць кровазвароту. Раней, калі Віта доўга сядзела, у яе станавіліся халоднымі ногі — кроў не паступала. Цяпер у любы момант з дапамогай вертыкалізатара, націснуўшы кнопку, яна сама можа ўстаць і сесці некалькі разоў, і забеспячэнне крывёю ног, спіны, усяго арганізма актывізуецца, — тлумачыць мама.
Віялета нібы не звяртае ўвагі на сваю хваробу. Яна ўсмешлівая, гаварлівая, надзвычай актыўная дзяўчынка. Па суботах наведвае спецыяльныя заняткі па маляванні, шашках і музыцы ў гімназіі-каледжы мастацтваў. Нядаўна ў рамках музычнага сацыяльнага праекта з удзелам дзяцей-інвалідаў запісала песню на англійскай мове пад назвай «Антрапалогія», а 1 мая выканае яе са сцэны канцэртнай залы ў Мінску. Хвалюецца! Гэты праект арганізаваны сумесна з Беларускім дзіцячым хоспісам, і да выхаду рыхтуецца цэлы зборнік песень. А яшчэ разам з сябрамі з мясцовага маладзёжнага праваслаўнага аб’яднання яна будзе ўдзельнічаць у дабрачынных канцэртах у Маладзечанскай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі зроку і ў Івянецкім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Выступленне Віты перад дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі стане прыкладам аптымізму і стойкасці духу, пацвярджэннем таму, што жыццё працягваецца, нягледзячы ні на якія перашкоды і цяжкасці.
Віялета не можа дачакацца, калі наступіць чэрвень і яна адправіцца ў лагер «Аист» ад Беларускага дзіцячага хоспіса, дзе створаны ўсе ўмовы для творчасці і жыцця дзяцей-інвалідаў, а за кожным калясачнікам замацаваны персанальны памочнік-валанцёр. Дзяўчынка асвоіла графічны планшэт і з задавальненнем малюе, а яшчэ просіць маму і тату знайсці ў кватэры месца для піяніна. Ёй вельмі спадабаўся гэты інструмент.
Замест пасляслоўя
На гэтым можна было б скончыць расказ пра маленькую моцную дзяўчынку. Але...
Па даных Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, у Беларусі жыве каля 19 тысяч чалавек, якія перасоўваюцца ў інвалідных калясках.
У Маладзечанскім раёне 397 інвалідаў-калясачнікаў. Ці шмат мы іх бачым навокал? Ці многія з іх выязджаюць на вуліцу, па справах або па пакупкі, і якіх намаганняў, маральных і фізічных, каштуюць ім гэтыя прагулкі? Так, цяпер большасць новых жылых дамоў, магазінаў і ўстаноў адразу ўзводзіцца з элементамі безбар’ернага асяроддзя. Аднак калі чалавек жадае, каб у горадзе на пэўным участку дарогі, пракладзенай 10-15 гадоў таму, з’явіўся заніжаны з’езд для калясак ці веласіпедаў, яму неабходна звяртацца ў УП «Камунальнік». Просьба будзе разгледжана, пасля чаго работы ўнясуць у план рэканструкцыі ці рамонту ўчастка вуліцы і выканаюць.
У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае стандарт СТБ 2030-2010 «Асяроддзе пражывання для фізічна аслабленых асоб». Пры яго выкананні можна забяспечыць магчымасць самастойнай дзейнасці інвалідаў і іх сацыяльную інтэграцыю.
Тэкст і фота: Лілія ЛІПНІЦКАЯ.
Фота на прэв'ю -- з архіва сям'і Банковіч.