Спраўляюць Купалле ў ноч з 6 на 7 ліпеня, і лічаць у народзе адным з самых любімых і магічных святаў. Бо толькі пад час яго расліны шэпчуцца, жывёлы і птушкі размаўляюць, дрэвы ходзяць па лесе, як людзі, а сонца на золку не свеціць, «грае».
Лекавыя зёлкі і варожбы на вянках
Столькі традыцый і вераванняў, колькі нясе з сабой Купалле, бадай, не сустрэнеш нідзе. Нашы продкі, напрыклад, пачыналі адзначаць яго днём 6 ліпеня. Менавіта ў гэты час дзяўчаты збіраліся кучкамі і ішлі да жытняга поля рваць кветкі на вяночкі. На іх варажылі: кідалі ў ваду і глядзелі, да якога берага паплыве (маўляў, у той бок і замуж пойдзеш). Часам да варажбы далучаліся хлопцы. Пара разам кідала вянкі ў ваду: калі яны плылі побач, у сям'і павінны былі быць згода і лад, калі ж аддаляліся, лічылася, што добрага не будзе.
А яшчэ на Купалле збіралі зёлкі, якія ў гэты дзень набывалі асаблівыя лекавыя якасці. Дадому іх прыносілі цэлымі снапамі і клалі сушыцца, каб у любую пару года быў паратунак ад прастуды, сэрца, галаўнога болю, страўніка.
Купальскае вогнішча
Асаблівы сэнс набывала ў гэтыя дні і вогнішча, якое надзялялася сілай даваць ураджай і праганяць злых духаў. Купальскія агні запальвалі звычайна на ўзлесках, палянах, высокіх берагах рэк і спальвалі на кастрышчах усе непатрэбныя ў гаспадарцы рэчы. У некаторых мясцінах у полымя кідалі старыя вуллі, каб пчолы былі здаровыя і прыносілі мёд.
Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол яго вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй. У агонь таксама кідалі пучок лёну і крычалі «Зарадзі лён». У ім жа палілі пудзіла Купалы, якое называлі Марай, Марэнай ці Ведзьмай, якая ў гэту ноч магла ператварыцца ў жабу, мыш, яшчарыцу, каб пасля прабрацца ў хлеў і нашкодзіць скаціне.
У пошуках папараць-кветкі
Шматлікія паданні беларускай зямлі звязаны таксама з кветкай папараць, якая нібыта зацвітае на Купалле ў поўнач. Той, хто яе мог сарваць і адшукаць станавіўся самым багатым чалавекам і валодаў незвычайнымі здольнасцямі, напрыклад, разумеў мову траў, вады, звяроў. З нецярпеннем чакалі купальскай ночы і шукальнікі схаваных у зямлі скарбаў. Верылі, што пад кожным з іх апоўначы гарыць чароўны агеньчык.
Верыць ці не верыць сёння ў тыя містычныя прадказанні — справа кожнага. А вось далучыцца да свята і атрымаць зарад дорага настрою — можна. На «Купальскія забавы» запрашае сёння, 6 ліпеня, жыхароў Маладзечна гарадскі Палац культуры. Свята пад назвай «Купаленка — ночка маленька» пройдзе ў Вілейцы, а барысаўчан чакаюць «Купальскія найгрышы», які будуць гучаць у гарадскім парку.
Мерапрыемствы прымеркаваныя да гэтага дня ройдуць ва ўсіх раённых цэнтрах вобласці, а таксама шматлікіх клубных установах. Далучайцеся, будзе весела. А раніцай 7 ліпеня не забудзьцеся памыцца купальскай расой — якая дапаможа захаваць прыгажосць да наступнага лета.
Автор статьи: Марына Сліж
Источник: Mlyn.by