Гэта лета запомніцца мне знаёмствам з Магілёвам – адзіным з абласных гарадоў, па вуліцах якога не даводзілася прайсціся да гэтага часу. У студэнцтве праязджала праз яго, калі вярталася з сельгасатрада з Клімавіцкага раёна, ды толькі што можна ўбачыць з акна аўтобуса. Ды і Магілёў за столькі гадоў стаў зусім іншым. Чула, чытала пра яго шмат добрых водгукаў, і вось нарэшце ўдалося ў ім пабываць. Ад Маладзечна да Магілёва 280 кіламетраў, з абласных цэнтраў акрамя Мінска бліжэй толькі Гродна – да яго 240 кіламетраў.
Збіраючыся ў вандроўку, мы «пралапацілі» інтэрнэт, намецілі для сябе асноўныя кропкі маршруту. Зразумела, за дзень усё не ахопіш, аднак уяўленне пра горад атрымалі. Прыехалі сюды ў выхадны дзень, калі магіляўчане адзначалі Дзень горада, і разам з імі акунуліся ў атмасферу свята.
Сімвал велічы – Трыумфальная арка
Гэта першае, што здзівіла ў Магілёве: 20-метровая Трыумфальная арка на Мінскім шасэ пры ўездзе ў горад. Згадзіцеся, нямногія гарады Беларусі маюць сваю Трыумфальную арку. Адразу прыгадала нашу, маладзечанскую, якая ўпрыгожвала ўезд у горад з боку Гелянова ў 30-я гады мінулага стагоддзя. На жаль, яна засталася толькі на старых здымках. У Магілёве гэты калос узвялі да яго 750-годдзя на ахвяраванні гараджан і спонсараў. Цікава, што пад аркай закладзена капсула з пасланнем нашчадкам берагчы родны горад.
Мог стаць сталіцай
Траса да Магілёва выдатная, на аўтамабілі з Мінска мы ехалі каля дзвюх гадзін, прыпаркаваліся акурат ля будынка аблвыканкама, які можна назваць блізнём Дома ўрада ў сталіцы. Абодва ўзводзіў вядомы архітэктар – Іосіф Лангбард. У Магілёве яго пабудавалі ў 1930-я гады. У гэты час разглядалася магчымасць пераносу сюды сталіцы БССР, бо Мінск знаходзіўся ўсяго за 30 кіламетраў ад мяжы з Польшчай. Адсюль такі размах і пампезнасць галоўнага будынка Магілёва, на той час ён называўся Дом Саветаў. Архітэктурны шэдэўр з помнікам Ільічу перад ім і сёння нагадвае пра тое, як горад на Дняпры ледзь не стаў галоўным у Беларусі. Нялішнім будзе прыгадаць, што ў 1915-1917 гады тут знаходзілася стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага Расійскай арміі цара Мікалая ІІ. У горадзе ёсць турыстычны маршрут па месцах, якія памятаюць цара, а адзін з экскурсаводаў пераўвасабляецца ў яго вобраз.
Фанфары на захадзе сонца
Пашанцавала магіляўчанам: у іх ёсць свой хлопчык-гарніст, які з 46-метровай вышні гарадской ратушы на плошчы Славы (самай высокай у Беларусі) тры разы на дзень іграе фанфару: роўна ў поўдзень, у 20 гадзін і ў час, калі садзіцца сонца. У драўлянага Гарніста часоў Магдэбургскага права ёсць імя – Магіслаў, ён жыве пад дахам ратушы і выязджае на балкон па рэйках. Мы пазнаёміліся з пасланнікам сярэдневякоўя вельмі блізка: падняліся на ратушу, набыўшы білеты ў Музей гісторыі горада, які ў ёй знаходзіцца. Адчуўшы нашу зацікаўленасць, экскурсавод расказаў пра стваральніка Гарніста – мясцовага інжынера Генадзія Галоўчыка. Ён адзіны ў Беларусі наглядчык за гадзіннікамі, у яго нават ёсць пасведчанне ад гарадскіх улад. Яшчэ ў 1990-я гады ён адрамантаваў гадзіннік на Тэатральнай плошчы. А калі ў 2008-м была адноўлена гарадская ратуша, стварыў для яе ўнікальны гадзіннікавы механізм, на адным з цыферблатаў якога стрэлка праходзіць кола за 500 гадоў. Яшчэ адзін цыферблат – бронзавы дыск памяці, на які аўтар заносіць самыя адметныя ў жыцці горада падзеі. Ёсць і ганебны дыск, дзе пазначана тое, што абурыла стваральніка. На адной з дэталяў Генадзій напісаў сваё жыццёвае крэда: «Круці кола, Васільевіч, нясі свой крыж». Цікава, што кожную гадзіну мудрагелісты механізм пасылае Васільевічу на мабільнік СМС як справаздачу аб сваёй бездакорнай рабоце. Яшчэ адзін падарунак майстра гораду – фантан на вуліцы Першамайскай, па якім можна звяраць час: у пачатку кожнай гадзіны струмені вады б’юць на 10-метровую вышыню.
З балкона гарадской ратушы мы любаваліся горадам і Дняпром праз японскі панарамны бінокль з 25-кратным павелічэннем. Убачылі нават пафарбаваныя нейкім жартаўніком-верхалазам пазногці на нагах велізарнай скульптуры жанчыны на мануменце Славы…
Побач з ратушай у старажытным доме размясціўся Палац шлюбаў. Каля яго — лаўка прымірэння з увагнутым сядзеннем, на якім хочаш — не хочаш, а наблізішся адзін да аднаго. Над лаўкай – рамантычна схіленыя ліхтары, пад якімі проста грэх не прыхіліць галовы, не сказаць каханаму ласкавае слова і не пацалавацца.
Плошча Зорак: для кожнага сваё крэсла
Па самай доўгай у Беларусі пешаходнай вуліцы Ленінскай (1,5 кіламетра) мы дайшлі да плошчы Зорак з адзіным у свеце, калі верыць інтэрнэту, помнікам Астролагу (звездочету) работы незабыўнага скульптара Уладзіміра Жбанава. Задуменны Астролаг сядзіць на высокім крэсле і паказвае пальцам у неба, побач – вялікі тэлескоп, які адначасова з’яўляецца ўказальнікам сонечнага гадзінніка. Многія стараюцца ўзлезці па прыступках крэсла і дакрануцца да рукі Астролага, каб збылося загаданае жаданне. Вакол скульптуры – 12 бронзавых крэслаў-тронаў, на спінках якіх – знакі задыяка. Пасядзець на сваім крэсле – добрая прыкмета.
Адначасова гэта плошча з’яўляецца і мясцовай алеяй Славы, дзе ўвекавечаны імёны праслаўленых магіляўчан.
На 200-рублёвай купюры – мастацкі музей
Палюбаваліся мы і будынкам Магілёўскага абласнога мастацкага музея, які ўпрыгожыў 200-рублёвую купюру Нацыянальнага банка Беларусі. Самае цікавае, што гэты будынак у 1903-1914 гады быў сялянска-зямельным банкам, усё ж нездарма ён трапіў на купюру такой саліднай вартасці. І яшчэ адзін гістарычны факт: менавіта тут у пакоі-сейфе разам з іншымі каштоўнасцямі захоўваўся крыж Еўфрасінні Полацкай, які бясследна знік у 1941 годзе.
Пакаштаваць «салёны мёд»
Па завядзёнцы ў кожным новым горадзе мы каштуем каву ў якім-небудзь атмасферным кафэ. Па водгуках у інтэрнэце ў Магілёве выбралі кавярню «Мір, 23» па вуліцы Міронава. І не памыліліся: кава тут смачная, як традыцыйная, так і аўтар-
ская. Напрыклад, «салёны мёд» з незвычайным саленавата-салодкім смакам. Свежыя круасаны, пасыпаныя міндалевымі пласцінкамі таксама былі на вышэйшым узроўні. «Фішка» кафэ – магчымасць прама адсюль паслаць сябрам жартоўную паштоўку. Сядзі сабе, пі каву, складай пасланне на паштоўцы, назірай за прахожымі на вуліцы…
Працягваючы гастранамічную экскурсію, зайшлі ў фірменны магазін бабруйскага «Чырвонага харчавіка», дзе ветлівыя прадаўцы прапанавалі навінкі: яблычную і чарнічную пасцілу, мармелад з рознымі напаўняльнікамі, кававыя зярняты ў шакаладнай глазуры (нам спадабаліся найбольш).
Буйніцкае поле: на грозных танках — хлопчыкі
Будучы ў Магілёве, мы не маглі не заехаць на мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле» — сімвал мужнай абароны Магілёва, якая доўжылася 23 дні. Яе сведкам стаў пісьменнік, журналіст Канстанцін Сіманаў, прах якога, згодна з яго завя-
шчаннем, быў развеяны на полі.
Тут устаноўлены велічны манумент, створаны музей ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам. Звярнулі ўвагу: амаль на кожным танку сядзелі хлопчыкі, іх немагчыма было адтуль сцягнуць. Ведаючы, якая крывавая бітва разгарнулася тут, хочацца, каб гэты малюнак быў вечным: бесклапотныя дзеці смела асядлалі грозную ваенную тэхніку, якая больш ніколі не будзе страляць…
Сафары на паравозе
Праз дарогу ад Буйніцкага поля на вялікай плошчы раскінуўся заасад, дзе ўмовы ўтрымання жывёл прыбліжаныя да натуральных. А каб убачыць, як пасуцца зубры, алені, лані, мы пракаціліся на новенькім бліскучым паравозіку з некалькіх вагонаў. Працягласць яго шляху — два кіламетры. Едзеш — і зусім побач мірна прагульваюцца волаты-зубры. Нават у Белавежскай пушчы мы бачылі іх толькі ў загарадках. А тут хо-
дзяць сабе па раздоллі, не звяртаючы ўвагі на турыстаў, якія здымаюць іх на фота і відэа.
Па дарозе дадому мы зрабілі 30-кіламетровы круг, заехалі ў раённы гарадок Кіраўск, каб у маленькім кафэ ля аўтавакзала пакаштаваць самыя смачныя ў Беларусі (так іх нам разрэкламаваў знаёмы) смажні з мясам, грыбамі, памідорамі. Яны і праўда аказаліся апетытнымі… Гэта быў заключны акорд нашай удалай праграмы выхаднога дня. Магілёў стаў яшчэ адным горадам-адкрыццём, на вуліцах якога нам было цікава і ўтульна.