Новости Молодечно и Молодечненского района

Маці -- дэпутат у Якавічах, дачка -- у Заскавічах

  • 2024-01-26 08:49:42
  • Анжаліка Крупянькова

«Трэба з душой ставіцца да людзей»

Калі Вераніцы Міхайлаўне чатыры гады таму ўпершыню ўручылі дэпутацкі мандат, то Наталля Уладзіміраўна мае вялікі вопыт дэпутацкай дзейнасці. «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся», -- гэта выслоўе адпавядае ёй на ўсе сто працэнтаў. Родам яна з Беніцы, муж Міхаіл Іосіфавіч -- з Готкавічаў, дом купілі ў Якавічах. Разам з мужам усё жыццё поплеч працуюць на ферме ў Беніцы. Адметны факт біяграфіі: пайсці на ферму даяркай Наталлю запрасіў старшыня знакамітага на ўсю краіну калгаса «Светлы шлях» Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Калачык. Ён ведаў маці дзяўчыны, якая таксама была жывёлаводам. Вопытны кіраўнік адчуваў патэнцыял сваіх землякоў і не памыліўся. Як перадавую даярку-чатырохтысячніцу ў 1987 годзе Наталлю абралі дэлегатам XX з’езда ВЛКСМ у Маскве. Ёй прысвячаўся вялікі артыкул у нашай газеце, якую, дарэчы, яна выпісвае і сёння. «Сваю газету кідаць не збіраюся!» -- гаворыць жанчына. І для нас, журналістаў, гэтыя словы -- як бальзам на душу.

Нягледзячы на пенсійны ўзрост, Наталля Уладзіміраўна працягвае працаваць на ферме «Беніца-1» брыгадзірам жывёлагадоўчай брыгады. Разам з Міхаілам Іосіфавічам яны выгадавалі траіх цудоўных дзяцей, дачакаліся траіх унукаў.

-- Наталля Уладзіміраўна, якімі, на ваш погляд, якасцямі павінен валодаць дэпутат?

-- Найперш ён павінен з душой ставіцца да людзей, якія яго выбіралі, да сваіх землякоў. Настойлівасць, уменне трымаць слова таксама важныя. Характар моцны трэба мець, я, дарэчы, па характары даволі мяккая.

-- А з якімі пытаннямі звяртаюцца да вас вяскоўцы?

-- З самымі рознымі. Гэта і асвятленне вуліц, і стан дарог, і работа аўтакрамы, якая цяпер спраўна прыязджае ў нашы Якавічы па аўторках і пятніцах. Калі ўзнікаюць якія-небудзь праблемы -- звязваюся з Лебедзеўскім сельвыканкамам, яго старшынёй Тамарай Дудзіч, якая дапамагае аператыўна іх вырашыць.

Нельга не сказаць і аб тым, што Наталля Уладзіміраўна шмат гадоў з’яўляецца старастам сваёй вёскі. Расказвае, што зімой тут застаецца каля сарака жыхароў, летам жа вёска ажывае -- прыязджаюць дачнікі.

-- Я рада, што дамы не пустуюць, што дачнікі даглядаюць свае сядзібы, своечасова абкошваюць тэрыторыю, -- гаворыць стараста.

А сярод сваіх надзейных памочнікаў называе Наталлю Мейсак, Марыю Міхалькевіч, Таісію Даўбенка.

Вераніка пераняла эстафету

Старэйшая дачка Наталлі Уладзіміраўны Вераніка без малога 20 гадоў працуе спецыялістам па кадрах ААТ «Заскавічы». Неаднаразова даводзілася сустракацца з ёю на розных мерапрыемствах. Яна ўдзельніца мастацкай самадзейнасці, прымала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы свята вёскі Заскавічы, якое стала сапраўднай падзеяй у жыцці мясцовых жыхароў. Добраўпарадкаванне, утрыманне ў чысціні населенага пункта таксама заўсёды ў зоне ўвагі дэпутата. Разам з мясцовымі актывістамі яна наводзіла парадак у скверы ля Дома культуры, з калегамі з ААТ «Заскавічы» прыбіралі стадыён, на якім праводзілася свята вёскі.

-- Такія мерапрыемствы, агульныя справы аб’ядноўваюць людзей, раскрываюць іх таленты. Я вельмі ўдзячная ўсім сваім землякам за іх неабыякавасць, актыўную жыццёвую пазіцыю, -- гаворыць Вераніка Міхайлаўна.

Яна з’яўляецца дэпутатам не толькі па вуліцах Зарэчнай, Зялёнай, Савецкай і іншых у Заскавічах, але і ў вёсцы Конавічы. Выбаршчыкі звяртаюцца да яе з рознымі праблемамі, якія тычацца асвятлення вуліц, рамонту дарог, руху аўтобусных маршрутаў. Дэпутат на пастаяннай сувязі з сельвыканкамам, інфармуе аб праблемах, падключаецца да іх вырашэння.

-- Вераніка ў мяне эстафету пераняла, -- з гордасцю гаворыць Наталля Уладзіміраўна пра дачку.

Жыць сярод людзей, якіх ты з дзяцінства ведаеш, дапамагаць ім, разам вырашаць праблемы і імкнуцца рабіць жыццё лепшым -- у гэтым і заключаецца сэнс работы дэпутатаў мясцовых Саветаў.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Веранікі МІХАЛОЎСКАЙ.