Новости Молодечно и Молодечненского района

Лаўрэатамі прэміі «Чалавек года Міншчыны-2016» сталі трое маладзечанцаў

  • 2017-03-28 13:10:32
  • Аляксандр Лазоўскі

Гэта – дырэктар дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Маладзечанскі лясгас» Анатолій Ермаловіч, майстар гарадскога раёна электрычных сетак філіяла «Маладзечанскія электрычныя сеткі» РУП «Мінскэнерга» Віталій Карповіч і начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Пётр Варачкоў.

Двойчы ў адну раку
Кожны лаўрэат заслугоўвае самых добрых слоў. І як чалавек, і як майстар сваёй справы. Да прыкладу, А. Ермаловіч у Маладзечанскі лясгас прыйшоў адразу пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Пачынаў з пасады інжынера па лясных культурах, праз год быў прызначаны ляснічым. У 1999 годзе Анатолій Аляксеевіч узначаліў установу. Затым пяць гадоў працаваў галоўным ляснічым Мінскага абласнога дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання. Аднак кабінетная работа не па натуры энергічнаму, кемліваму кіраўніку. І праз пэўны час ён вярнуўся ў Маладзечна, у родны лясгас, на пасаду дырэктара. Тым самым абверг сцвярджэнне, што ў адну раку нельга ўвайсці двойчы.



– Лесавод – гэта не прафесія, а лад жыцця, – перакананы Анатолій Аляксеевіч. – Я ніводнага разу не пашкадаваў, што звязаў свой лёс з лесам. Хаця гаспадарка гэта вельмі няпростая, пастаянна падвяргаецца выпрабаванню з боку прыроды і людзей. Лес мае патрэбу ў пільнай ахове і ўвазе. Шмат часу, фізічных сіл і душэўных клопатаў мае калегі аддаюць узнаўленню і ахове лясных угоддзяў, рацыянальнаму іх выкарыстанню, добраўпарадкаванню, павышэнню прадукцыйнасці і ўстойлівасці. Гэта асабліва важна, бо лясныя рэсурсы раёна даволі сціплыя.

Маладзечанскі лясгас пад кіраўніцтвам А. Ермаловіча дасягнуў многага. Так, у 2016 годзе калектыў паспяхова выканаў усе даведзеныя паказчыкі, спрацаваў са станоўчай рэнтабельнасцю. Маладзечанскія спецыялісты дапамагалі сваім калегам са Смалявіцкага і Чэрвеньскага лясгасаў ліквідаваць наступствы ўрагану Даніэла. Паралельна ўмацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база лясніцтваў, ствараліся належныя ўмовы працы для ўсіх катэгорый работнікаў. І ў кожным добрым пачынанні дырэктар быў лідарам. Па-іншаму Анатолій Ермаловіч, дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, уладальнік медаля «За працоўныя заслугі» і звання «Ганаровы лесавод», не можа.

Высокае напружанне жыцця
Віталій Карповіч першым у нашай краіне асвоіў і прымяніў перадавыя еўрапейскія тэхналогіі вядзення работ на лініі пад напружаннем у 0,4 кВ, дзяліўся ведамі і практычным вопытам з калегамі з Мінскай і іншых абласцей. Па выніках работы ў 2016 годзе занесены на раённую Дошку гонару.

У свой час Віталій закончыў Маладзечанскі палітэхнікум, адслужыў у войску. А ў 1996 годзе ўладкаваўся электраманцёрам гарадскога раёна электрычных сетак. Іншы, мажліва, на гэтым і спыніўся б, але толькі не Карповіч. Ён настойліва вучыўся – у больш вопытных калег, на спецыяльных курсах у Расіі. А ў канцы мінулага года атрымаў дыплом Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.


– Усе свае прафесійныя набыткі і дасягненні, – шчыра прызнаецца В. Карповіч, – я падзяляю з таварышамі, кіраўніцтвам Маладзечанскіх электрычных сетак і гарадскога раёна электрасетак. Калі здараюцца няштатныя сітуацыі, то на ліквідацыю іх наступстваў выязджае цэлая брыгада, у якой я майстар. Поспех залежыць ад зладжаных дзеянняў кожнага – ад дыспетчара да электраманцёра.

Да таго ж мы працуем на аб’ектах павышанай небяспекі. Даводзіцца самую сур’ёзную ўвагу надаваць дысцыпліне, выкананню патрабаванняў і правілаў работы пад напружаннем. І кожнае імгненне памятаць, што нас чакаюць дома.

Дома, у Насілаве, Віталія Канстанцінавіча чакаюць з работы жонка Вераніка, дачушкі Юля і Маша. Усе разам яны дружная працавітая сям’я. Падтрымліваюць парадак у доме і на па-
дворку, з задавальненнем працуюць у садзе-агародзе. А яшчэ бацька з дачушкамі захапляюцца развядзеннем рыбак у вялікім акварыуме на 400 літраў. Такім чынам, проза жыцця спалучаецца ў сям’і з паэзіяй захопленасці.

Наша служба, нібы сэрца…
Тры гады запар – у 2013-м, 2014-м і 2015-м – Маладзечанскі раённы аддзел Следчага камітэта, якім кіруе Пётр Варачкоў, прызнаваўся лепшым у вобласці. А цяпер і сам палкоўнік юстыцыі Варачкоў названы чалавекам года Міншчыны.

П. Варачкоў прыехаў на Маладзечаншчыну разам з бацькамі ў 1986 годзе, пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Буда-Кашалёўскі раён, як і многія на Гомельшчыне, апынуўся ў «зоне». Тады хлопцу было чатырнаццаць. Закончыў на «выдатна» Граніцкую сярэднюю школу і паступіў у Акадэмію МУС на следча-экспертны факультэт.

Пачынаючы з 1998 года Пётр Пятровіч працаваў следчым у Маладзечанскім РАУС, а ў 2012-м узначаліў толькі што створаны раённы аддзел Следчага камітэта.



За гэты перыяд супрацоўнікамі аддзела перададзена ў суд каля 4 тысяч крымінальных спраў, па якіх праходзіла больш за 5 тысяч абвінавачаных, і ніводзін з іх не быў прыцягнуты да адказнасці з парушэннем закона.

Служба следчых, як спяваецца ў песні, «будто сердце, отдыха не знает никогда». Рэдка які тыдзень начальніка райаддзела СК не паднімуць сярод ночы, рэдка які дзень не даводзіцца разгадваць рэбусы і рашаць галаваломкі. Праўда, Пётр Пятровіч не скардзіцца – прафесію выбіраў усвядомлена, уяўляў усе нягоды і цяжкасці, важнасць яе для грамадства. Медаль «За бездакорную службу» ІІІ ступені, якой узнагароджаны палкоўнік юстыцыі Варачкоў, – таму сведчанне. Як і высокае званне чалавека года ў цэнтральным рэгіёне.

Фота:
Алесь САВІЦКІ.
Аляксей ПЛАТКО.