Новости Молодечно и Молодечненского района

Ліквідатары з Маркава

  • 2017-04-26 05:53:04
  • Соб. инф.

Многія нашы землякі накіроўваліся ў небяспечную зону, нават не ведаючы, што іх там чакае.

— У той час я працаваў у пажарнай ахове завода лёгкіх металаканструкцый, — успамінае Міхаіл Аляксандравіч Бобрык. — 2 чэрвеня 1986 года на пажарным аўтамабілі прыбыў у раён Лагойскага тракту, дзе фарміравалася аўтакалона. Нам выдалі спецадзенне, на лабавое шкло машыны прыклеілі апазнавальныя знакі, і мы рушылі ў дарогу. Калона, у якой налічвалася да 360 аўтамабіляў, расцягнулася на некалькі кіламетраў. Ехалі павольна. Але час праляцеў незаўважна, і мы нарэшце прыбылі ў вёску Рудакоў Хойніцкага раёна, дзе размяшчалася падраздзяленне радыяцыйнай і хімічнай абароны. У вёсцы было ціха і бязлюдна. Толькі па агародах, дзе ўзышла першая зеляніна, бегалі сабакі, хадзілі куры, гусі…

Пераначавалі — і адразу за справу. Займаліся дэзактывацыяй і дэзынфекцыяй дамоў, вытворчых пабудоў. Рабілі гэта метадычна — будынак за будынкам. Потым трактар здымаў 20-сантыметровы слой зямлі, а мы лапатамі грузілі грунт на машыны і вывозілі на спецыяльна адведзеныя пляцоўкі-могільнікі. Закрывалі іх плёнкай, агароджвалі калючым дротам і ставілі знак «Радыеактыўнае заражэнне».

За 146 дзён, якія Міхаіл Бобрык быў у 30-кіламетровай зоне забруджвання, ён прымаў удзел у дэзактывацыі і дэзынфекцыі 16 вёсак.

Расціслаў Тонкавіч быў накіраваны ў небяспечную зону ў кастрычніку 1986 года. І адразу трапіў на разбураны будынак чацвёртага энергаблока, дзе разам з іншымі ліквідатарамі збіраў радыеактыўныя рэшткі.

— Небяспечнае смецце збіралі ў мяшкі і складвалі на транспарцёр, з дапамогай якога іх грузілі на машыны і адвозілі на могільнік, — успамінае Расціслаў Уладзіміравіч. — У мяне потым аднавяскоўцы часта пыталіся пра радыяцыю, ці адчуваў яе. Зусім не. Радыяцыя была, як нам здавалася спачатку, няўлоўнай і неадчувальнай. Але яна адразу дала аб сабе знаць. У першыя дні адчуваў агульную слабасць, пастаянна хацелася спаць. Потым прывык, арганізм хутка адаптаваўся да новых умоў. Праўда, паветра там было асаблівае, з нейкім металічным прысмакам, з рота пастаянна адчуваўся спецыфічны пах, быццам выпіў салянай кіслаты. Але мы не звярталі на гэта ўвагі. Для ўсіх ліквідатараў на першым плане было выкананне пастаўленай задачы.
Потым Расціслаў Тонкавіч працаваў на аўтаразлівачнай станцыі.

— Дэзактывавалі мясцовасць, дарогі ў Хойніцкім і Брагінскім раёнах. Палівалі ўсе пабудовы і вуліцы растворам, які нагадваў мыльную ваду, — працягвае ліквідатар. — Вечарам пасля работы хадзілі ў мясцовы клуб вёскі Рудакоў, дзе былі бібліятэка, перасовачная кінаўстаноўка. Зімой наведвалі кінатэатр у Хойніках. Прыязджалі артысты з канцэртамі і да нас. Жылі мы ў вялікіх палатках, кожная з якіх умяшчала звыш трыццаці чалавек. Снедалі і вячэралі ў сталовай, а абед прывозілі на работу.    

У красавіку 1987 года ліквідатар вярнуўся дадому. Тыя падзеі і цяпер у яго памяці. Быццам учора ўсё было — разбураны будынак энергаблока, сябры, з якімі працаваў у небяспечнай зоне, і пустыя вуліцы з дамамі, гаспадарчымі прыбудовамі, што патаналі ў казачнай квецені садоў.  Якая багатая і ўрадлівая там зямля! Здавалася, цвік пасадзі — і ён вырасце. А як склаўся лёс тысяч перасяленцаў, якія былі з коранем вырваныя з родных мясцін, пакінулі бацькоўскі дом з усім нажытым за многія гады, магілы продкаў і выехалі ў невядомасць… Няўжо гэта ўсё было?..

Тэкст і фота: Мікалай КОТ.