Новости Молодечно и Молодечненского района

Купляйце беларускае 

  • 2024-07-22 07:06:00

Патрыятызм – пачуццё, якое аб’ядноўвае людзей, дазваляе жыць упэўнена, далучае да лёсу сваёй краіны і свайго народа. У патрыятызму есць шмат граняў. Адна з іх – спажывецкі патрыятызм.

У чым яго перавага? У тым, што за ім ідуць канкрэтныя дзеянні. Тут мала біць сабе ў грудзі і гаварыць правільныя словы. А трэба яшчэ дастаць з кішэні наяўныя ці банкаўскую картку і расстацца з часткай сваіх рэсурсаў.

Мы, беларусы, маем значную форму ў праяўленні спажывецкага патрыятызму. Справа ў тым, што эканоміка нашай краіны развіваецца ў канкурэнтным асяроддзі. Яна мае адкрыты характар. Таму выпуск якасных тавараў – адна з умоў умацавання дзяржаўнасці. 

Чаму я аддаю перавагу айчыннай прадукцыі? Таму што набываючы яе, інвесцірую грошы ў сваіх жа людзей. Кожны выраб патрабуе дзясяткаў або сотняў тэхналагічных аперацый. Ажыццяўляюцца яны на многіх прадпрыемствах, на якіх працуюць грамадзяне нашай краіны. Работнікі атрымліваюць заработную плату. У іх ёсць сем’і. Такім чынам, адбываецца падтрымка суайчыннікаў. Прычым такая салідарнасць узаемная. Іншыя людзі купляюць тое, што вырабляеш ты.

Яшчэ важны сацыяльны аспект. І падатак на дабаўленую вартасць пры пакупцы, і іншыя зборы па плацяжах ідуць у бюджэт. Сродкі гэтыя пераразмяркоўваюцца на нашу з вамі карысць. Медыцына, адукацыя, культура, бяспека – гэта ўсё бюджэтныя сферы. Выбіраючы сваё, мы адначасова робім асабістае жыццё больш камфортным і прадказальным. 

Пра якасць айчыннай прадукцыі казаў вышэй. Купляючы беларускае, людзі рэалізуюць яе канкурэнтныя перавагі. Акрамя таго, сэрвіс у межах краіны-вытворцы на ўнутраныя тавары больш даступны і эфектыўны. Усе суб’екты гаспадарання працуюць у адным прававым полі. 

Я многа падарожнічаў па свеце, пабываў у многіх краінах. Там, дзе сустракаў фірменныя айчынныя павільёны, заўсёды заходзіў, цікавіўся меркаваннем прадаўцоў і пакупнікоў. Ніводнага «крывога» слова не пачуў! Калі іншаземцы так цэняць беларускае, чаму нам з вамі ім грэбаваць?

Цяпер, у Год якасці патрабаванні да спажывецкіх уласцівасцей айчыннай прадукцыі значна ўзмацніліся. Яшчэ адна нагода выбраць менавіта наша, беларускае.

Алег БЯГАНСКІ