Як паведаміла старшыня раённай арганізацыі дабрачыннага таварыства Яўгенія Русецкая, на Маладзечаншчыне мерапрыемствы месячніка будуць накіраваны на распаўсюджанне асноўных прынцыпаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, умацаванне супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі і ўстановамі па рэалізацыі асноўных задач і праграм Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, прыцягненне ў арганізацыю новых членаў таварыства, актывізацыю валанцёрскай дзейнасці.
— План мерапрыемстваў мы распрацоўвалі сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, аддзелам адукацыі, спорту і турызму, Маладзечанскай ЦРБ, гаррайаддзелам па надзвычайных сітуацыях і грамадскімі аб’яднаннямі раёна, — адзначыла Я. Русецкая. — Так, сёлета плануем значна актывізаваць работу па стварэнні новых «пярвічак». Для валанцёраў і ўсіх жадаючых на працягу месяца будуць праводзіцца трэнінгі па навучанні аказанню першай медыцынскай дапамогі. У рамках «Марафонаў здароўя з Чырвоным Крыжам» пастараемся ў чарговы раз пераканаць маладзечанцаў, якія яшчэ сумняваюцца, у перавагах здаровага ладу жыцця. Паўдзельнічаем у раённых спаборніцтвах санітарных дружын. Сумесна з грамадскім аб’яднаннем «Белая Русь» плануем арганізаваць для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі экскурсійную паездку на «Лінію Сталіна» і шмат іншых мерапрыемстваў.
З даўніх часоў маральнай нормай усіх пакаленняў былі і застаюцца такія чалавечыя якасці як міласэрнасць, разуменне чужой бяды, спагада да блізкага. Гэтыя каштоўнасці не страцілі сваёй актуальнасці і ў нашым грамадстве. Таму арганізатары месячніка ставяць перад сабой мэту не толькі прапагандаваць дзейнасць раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, але і прыцягнуць да ўдзелу ў добрых справах нераўнадушных людзей. Іх колькасць з кожным годам павялічваецца.
Як і раней, кожны жадаючы можа ахвяраваць сродкі для аказання дапамогі падапечным службы міласэрнасці таварыства Чырвонага Крыжа і іншым, хто мае патрэбу, — адзінокім састарэлым, цяжка хворым людзям, інвалідам.
Грошы можна пералічыць на разліковы рахунак 3015006443719 у аддзяленні 537 г. Мінска ААТ «Бел-
інвестбанк», код 739, УНП 100648873 з абавязковай паметкай («Месячнік Чырвонага Крыжа»).
— Але наша работа не абмяжоўваецца месячнікам, — адзначыла ў заключэнне Я. Русецкая. — Штодня аказваецца дапамога хворым людзям, сацыяльна неабароненым грамадзянам. Для многіх жыхароў Маладзечаншчыны Чырвоны Крыж — своеасаблівы астравок надзеі, міласэрнасці і падтрымкі. Наша раённая арганізацыя робіць усё для таго, каб людзі, якія маюць патрэбу ў дапамозе, адчувалі заўсёды, што пра іх клапоцяцца і ніколі не пакінуць сам-насам з бядой.
Лічбы і факты
Маладзечанская раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа ўключае ў сябе 125 пярвічных арганізацый, у якіх налічваецца каля 14 тысяч чалавек.
«Пярвічкі» створаны на прамысловых прадпрыемствах і прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу, ва ўстановах адукацыі, аховы здароўя, РАУС, ГРАНС, банках і іншых арганізацыях.
Асноўным кірункам дзейнасці раённай дабрачыннай арганізацыі з’яўляецца гуманітарная дапамога (забеспячэнне прадуктамі харчавання і адзеннем, сродкамі гігіены) найбольш неабароненых катэгорый грамадзян.
На працягу мінулага года была аказана дапамога 1272-м інвалідам, адзінокім састарэлым, людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.