Новости Молодечно и Молодечненского района

Кожны дзень для добрых спраў

  • 2017-11-27 08:04:36
  • Людміла Цар

Міхаіл не стамляецца дзякаваць кожнаму, хто неабыякавы да чужой бяды.

— Валанцёрская справа, як і любая іншая, патрабуе дакладнай арганізацыі, — гаворыць субяседнік. — Спачатку высвятляецца, што менавіта патрэбна сацыяльнай установе ці пэўнай сям’і. Затым аб’яўляецца збор адзення, абутку, сродкаў гігіены, матэрыялаў для заняткаў рукадзеллем. Галоўнай інфармацыйнай пляцоўкай, дзе размяшчаюцца аб’явы і кантакты, сталі сацыяльныя сеткі. Неабыякавыя людзі адгукаюцца, пішуць ці тэлефануюць, паведамляюць свой адрас, узгадняецца час, калі зручна пад’ехаць. Міхаіл заўважыў, што найчасцей дапамагаюць людзі, скажам так, сярэдняга дастатку.
Жанчыны аддаюць рэчы, якія сталі маленькія дзецям, але захаваліся ў добрым стане. Акрамя таго, даволі многа аддаюць мужчынскага і жаночага адзення розных памераў і абутку. Калі прыязджае, часу на працяглыя размовы няма. Забірае пакеты, дзякуе за дапамогу і накіроўваецца па наступным адрасе. Іншым разам за дзень Міхаілу даводзіцца аб’язджаць да дзясятка адрасоў, таму графік руху прадуманы. У кватэры яшчэ аднаго валанцёра рэчы пры неабходнасці мыюць, сартуюць, а затым развозяць па адрасах. Сёння ў групе каля пятнаццаці чалавек, кожны з іх не ўяўляе жыцця без дабрачыннасці. Але гэта ўмоўная лічба. Усіх, хто аказвае дапамогу, яны лічаць членамі валанцёрскай групы.

Дэвіз «Разам зможам нашмат больш» правераны на практыцы. А пачыналі больш за дзесяцігоддзе таму Таццяна і Алеся, якія сталі праводзіць акцыі ў падтрымку цяжкахворых дзяцей. Цяпер «Дабрачынны праект «Крыніца дабрыні» (якому каля двух гадоў) у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» налічвае больш за паўтары тысячы чалавек. І да яго можна далучыцца.

— Ведаю, наколькі патрэбныя нашы клопат і ўвага, — расказвае Міхаіл. — Пятнаццаць разоў мы ездзілі ў Журавіцкі дом-інтэрнат для дзяцей інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзе жывуць каля 300 выхаванцаў рознага ўзросту. Ён знаходзіцца ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці. Бывалі ў Багушэўскім доме-інтэрнаце, што на Віцебшчыне, а таксама ў Целеханах на Брэстчыне, нядаўна вярнуліся з Пухавіч, — расказвае Міхаіл. — Спачатку невыносна балюча глядзець на дзяцей, якія прыкаваныя да ложка, пакутуюць ад цяжкіх захворванняў. А потым пачынаеш разумець, што можаш зрабіць так, каб яны ўсміхнуліся. Прыемна, калі хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаюць цябе, вітаюцца, дзякуюць. Сказаць, што толькі валанцёры нешта аддаюць дзецям – няправільна. Колькі шчырых эмоцый, пачуццяў яны дораць нам! І невядома, што найперш важна для іх — адзенне і цацкі ці ўсё ж нашы размовы, гульні, «абдымашкі», — гаворыць субяседнік.

Сваіх траіх сыноў ён стараецца выхоўваць неабыякавымі да чужой бяды. Дапамога іншым стала нормай. Не адмаўляецца ад супрацоўніцтва са сродкамі масавай інфармацыі, праводзіць гутаркі ў навучальных установах і на асабістым прыкладзе стараецца раскрыць смяротную небяспеку, якую тояць у сабе наркотыкі. Прызнаецца, што і цяпер жыве адным днём, але вельмі цэніць час. Бачыць сэнс жыцця не ў наркатычнай дозе, а ў міласэрнасці, дапамозе, спагадзе. Нехта з вядомых заўважыў: ёсць толькі два дні ў годзе, калі вы не зможаце нічога зрабіць. Адзін з іх называецца «ўчора»… другі «заўтра».

Сёння цудоўны дзень для добрых спраў.

Фота: архіў Міхаіла ПІЛЬСЦЯ.