Для работнікаў ААТ «Селеўцы» наступіў па-сапраўднаму гарачы сезон. І справа тут не толькі ў надвор’і. Гаспадарка актыўна вядзе корманарыхтоўчую кампанію, рыхтуе тэхніку да жніва, праводзіць бягучыя неабходныя работы. Пры гэтым вялікая ўвага надаецца камфорту і дабрабыту хлебаробаў.
У гаспадарку мы прыехалі разам са старшынёй раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Анатоліем Фурсам. Нашай мэтай было ацаніць умовы працы ў «Селеўцах». Не сакрэт, што настрой работнікаў у значнай ступені ўплывае на вынік любой дзейнасці.
Спачатку мы наведалі сталовую. І гэта невыпадкова: нездарма ж кажуць, што добры работнік -- сыты работнік. Змены, што адбыліся тут, нас прыемна здзівілі. Аснашчанасці, афармленню, якасці абслугоўвання ў пункце грамадскага харчавання могуць пазайздросціць многія гарадскія арганізацыі.
-- Капітальны рамонт сталовай і закупка новага абсталявання ажыццяўляліся за кошт сродкаў сельгасарганізацыі, -- паведаміла намеснік дырэктара ААТ «Селеўцы» па ідэалагічнай рабоце Вольга Кулік. -- Абедзенная зала разлічана на 32 пасадачныя месцы. Сюды работнікаў падвозіць спецыяльны транспарт. З 12.00 да 13.00 абедаюць работнікі вытворчых участкаў «Селеўцы» і «Хоўхлава». Пасля іх, да 14.00, сілкуюцца тыя, хто працуе на вытворчым участку «Пятроўшчына».
Для ўдзельнікаў палявых работ і работнікаў зернесушыльных комплексаў харчаванне бясплатнае. Людзям абедаць у сталовай больш зручна і камфортна, чым у полі. Да таго ж ёсць магчымасць даведацца, як ідуць справы на іншых участках. Гатуюць ежу і камплектуюць падвячоркі тры повары -- Дар’я Абрамовіч, Ірына Юнцэвіч і Людміла Казлоўская.
Як адзначыла Дар’я Абрамовіч, пры прыгатаванні страў выкарыстоўваюцца толькі якасныя, свежыя прадукты. Калі любіш сваю работу, ежа атрымліваецца асабліва смачнай, дамашняй. Людзі гэта цэняць і шчыра дзякуюць поварам за іх уменне і прафесіяналізм.
Важны аспект для любой арганізацыі -- падрыхтоўка рабочай змены, замацаванне на вытворчасці маладых кадраў. У «Селеўцах» гэта разумеюць, таму ствараюць для моладзі належныя ўмовы.
Вольга Кулік зазначыла, што ў гаспадарцы працуе каля дзясятка маладых спецыялістаў. Акрамя таго, два маладыя чалавекі сёлета праходзяць вытворчую практыку. Праз некаторы час іх чакаюць на адпрацоўцы. Па мэтавым накіраванні праходзяць навучанне два будучыя праграмісты. Месца работы для іх -- малочнатаварная ферма ля Селеўцаў, дзе цяпер вядзецца рэканструкцыя. Ферма будзе камп’ютарызаваная, таму і спатрэбіліся спецыялісты ў галіне лічбавых тэхналогій.
-- Маладых спецыялістаў гаспадарка забяспечвае бясплатным жыллём, -- дадала субяседніца. -- Яны аплачваюць толькі камунальныя паслугі. На працягу двух гадоў маладыя спецыялісты атрымліваюць даплату да заробка. Калі спецыялісты застаюцца ў гаспадарцы пасля адпрацоўкі, яна выплачваецца яшчэ пяць гадоў.
Годныя стартавыя ўмовы для моладзі -- гэта выдатна. Аднак без перадачы вопыту ветэранаў вытворчасці немагчыма поўнасцю раскрыць свой патэнцыял, стаць сапраўдным прафесіяналам. Механізатар Валерый Бондар адзін з тых, хто дзеліцца з моладдзю сакрэтамі майстэрства. З ім мы сустрэліся на мехдвары гаспадаркі.
-- Удзельнічаю ў корманарыхтоўцы, варушу зялёную масу механічным граблямі, -- расказаў Валерый Яўгеньевіч. -- Толькі прыехаў з аднаго поля і ўжо спяшаюся на іншае. Цяпер трэба хутка адрэгуляваць тэхніку. За змену апрацоўваю 50-60 гектараў палёў. Пасля заканчэння зялёнага жніва настане чарга іншых работ. За чатыры дзясяткі гадоў у гаспадарцы асвоіў усе віды тэхнікі, стаў, лічы, універсальным спецыялістам.
Валерый Бондар нарадзіўся і вырас у Селеўцах. У час тэрміновай ваеннай службы марыў вярнуцца ў гаспадарку, сесці за руль трактара. Сельскае жыццё яму падабаецца. Менавіта такія людзі складаюць залаты фонд калектыву.