Новости Молодечно и Молодечненского района

Киномеханик? Такая профессия есть!

  • 2016-12-15 12:08:42
  • Анжаліка Крупянькова

Калі вы думаеце, што з прыходам лічбавага кіно няма ўжо такой прафесіі, то вельмі памыляецеся. Апаратура сучасная, фільмы запісаны на лічбавых носьбітах…

Аднак спецыялісты, якія націскам на камп’ютарныя клавішы штодня «ажыўляюць» для гледачоў вялікі экран кінатэатра, па-ранейшаму называюцца кінамеханікамі.

У Маладзечне  працуюць толькі два прадстаўнікі гэтай прафесіі. А больш правільна -- прадстаўніцы. Гэта Святлана Палубінская і Наталля Панова, кінамеханікі кінатэатра «Радзіма».

Высока сядзім, далёка глядзім

Каб трапіць у святая святых кінатэатра апаратную, трэба падняцца па вельмі крутой жалезнай лесвіцы. З непрывычкі дзясяткі тры прыступак нам асіліць было няпроста, яшчэ больш складана – спусціцца назад. Святлана і Наталля гавораць, што такая фіззарадка ім на карысць, бо работа пераважна сядзячая. Іх рабочае месца – стол з камп’ютарам, побач – сучасны праектар, устаноўлены пасля рэканструкцыі «Радзімы» ў 2012 годзе. Копіі фільмаў дастаўляюць з КУП «Мінаблкінавідэапракат» на лічбавых носьбітах – вінчэстарах.  Інжынер Віталій Тамашэвіч загружае фільм у сервер, адтуль інфармацыя паступае на лічбавы праектар, кінамеханікі ў патрэбны час уключаюць фільм. Яны сочаць за трансляцыяй, якасцю гуку, які забяспечвае сучасны гукаўзмацняльнік. Перад вачыма кінамеханіка – два вузкія акенцы, праз якія ён пастаянна бачыць экран кінатэатра. Калі фільм ідзе ў 3D фармаце, нашы субяседніцы, як і гледачы ў зале, надзяваюць спецыяльныя акуляры. Акрамя таго, у зоне іх пастаяннай увагі – работа вентылятара, магутных лямп: разумная тэхніка выдае ўсе паказчыкі.

Працуюць яны па адной пазменна. Першы сеанс у выхадны дзень пачынаецца ў 12.00-13.00, апошні – у 21.00 і 21.30. Па буднях у кожнай зале звычайна два-тры сеансы, па выхадных – да пяці. Адначасова «круцяць» фільмы ў асноўнай кіназале, якая разлічана на 296 месцаў, і зале павышанай камфортнасці на 36 месцаў. Расказваюць, што па выхадных і святочных днях у кінатэатр прыходзіць ад 400 да 700 чалавек. На гучныя прэм’еры перад самым сеансам білетаў можа і не быць. Іх кошт у залежнасці ад дня тыдня і ўзроставай катэгорыі складае 25-70 рублёў.

Святлана працуе ў кінатэатры 11 гадоў. Была кантралёрам, відэадэманстратарам, але цяперашняя спецыяльнасць падабаецца ёй найбольш. Наталля прыйшла ў прафесію чатыры гады таму, і яе выбар не быў выпадковым. У юнацтве захаплялася кіно, збірала здымкі любімых артыстаў, марыла працаваць у гэтай сферы. Маіх субяседніц можна назваць знаўцамі кіно. Яны па шмат разоў глядзяць кожную прэм’еру (новы фільм ідзе ў кінатэатры ад двух тыдняў да паўтара месяца). Праўда, гавораць, што з-за сваёй занятасці не могуць паглядзець стужку цалкам за адзін сеанс, аднак да канца паказу ведаюць яе ледзь не на памяць. Ім заўсёды цікава сачыць за рэакцыяй залы, супастаўляць з ёю сваё меркаванне аб фільме. Расказваюць, што іншы раз можна пачуць апладысменты гледачоў. Яны, напрыклад, гучалі пасля «Легенды №17» -- фільма, прысвечанага легендарнаму хакеісту Валерыю Харламаву, а таксама ў час нядаўняй прэм’еры «28 панфілаўцаў». Са слязьмі на вачах людзі выходзілі з залы пасля галівудскай гістарычнай стужкі «Бен-Гур». Моцныя эмоцыі выклікае і снежаньская прэм’ера «Землетрасенне», у якой расказваецца пра трагічныя падзеі 1988 года ў Арменіі. А сярод апошніх фільмаў у 3D фармаце кінамеханікі вылучаюць вельмі яркі, маляўнічы «Альдабра. Падарожжа да таямнічага вострава». Падводны свет у ім вельмі  чароўны, а фармат 3D стварае эфект прысутнасці.

-- Вам не крыўдна заўсёды заставацца «за кадрам»? Гледачы звычайна бачаць касіра, кантралёра, а кінамеханіка – ніколі, -- пацікавілася мы ў нашых субяседніц.
-- У нас нават выраз такі ёсць: калі гледачы на працягу сеанса ні разу не ўспомнілі пра кінамеханіка, значыць, ён справіўся са сваёй работай выдатна…

Алена Маторына: паўстагоддзя ў апаратнай

У гэтай легендарнай жанчыны нават прозвішча адпавядае прафесіі: 51 год Алена Маторына адпрацавала кінамеханікам. Дарэчы, з будучым мужам Юрыем яна пазнаёмілася на рабоце: ён таксама быў кінамеханікам, праўда, нядоўга, затым перайшоў на «Спадарожнік», дзе зарплата была вышэйшая…

Пасля заканчэння Хажоўскай школы Алена паступіла ў Мінскае вучылішча кінамеханізацыі №40. Было гэта ў 1960-я гады, калі білет у кіно ў сельскім клубе каштаваў пяць капеек, а зарплата памочніка кінамеханіка была 50 рублёў. Дарэчы, гэта работа ніколі высока не аплачвалася, максімальная зарплата Алены Сцяпанаўны была 110-120 рублёў. Аднак работа ёй вельмі падабалася. Пачынала ў Відзеўшчынскім клубе, ездзіла з перасовачнай кінаўстаноўкай па вёсках. Паказвала фільмы ў школах, прыватных дамах і марыла перабрацца ў горад. Пашанцавала: у кінатэатры «Спадарожнік», што знаходзіўся на былой плошчы Свабоды (цяпер Старое Места), была вакансія. Алена Сцяпанаўна ўспамінае, што па білеты на «Фантамаса», «Кінг-Конга» ці «Знахара» выстройвалася велізарная чарга. Яны на той час каштавалі ад 20 да 45 капеек.

За час работы Алена Сцяпанаўна стала сведкам імклівага развіцця кінаіндустрыі ад чорна-белых фільмаў да каляровых. І тэхніка, на якой яна працавала, мянялася. Мая субяседніца ўспамінае, што фільмы былі запісаны на стужках, якія накручваліся на бабіны. Звычайна бабіны хапала на 10 хвілін паказу, затым трэба было запраўляць новую. Паралельна фільм трансліравалі з двух праектараў, галоўным было своечасова зарадзіць новую бабіну. Часам блыталі часткі фільма, але такое здаралася рэдка. А вось стужка рвалася даволі часта. І тады кінамеханіку трэба было вельмі хутка нажом-прэсам абрэзаць канцы, зачысціць і склеіць. Падводзілі вугальныя лямпы, за імі неабходна было пастаянна сачыць, каб не разрадзіліся. Адным словам, у час паказу не расслабішся, пастаянна трэба быць напагатове. І ўсё ж Алена Сцяпанаўна прызнаецца, што сваю прафесію не прамяняла б ні на якую іншую. Асабліва любіла яна вячэрнія сеансы, а сярод фільмаў аддавала перавагу савецкім кінакамедыям. Для яе і сёння самыя любімыя «Брыльянтавая рука», «Каўказская палонніца», «Спартлато-82». Як і большасць жанчын, плакала пад індыйскія меладрамы. А яе любімай актрысай была Людміла Гурчанка.

«Пасля закрыцця «Спадарожніка» Алена Сцяпанаўна перайшла ў «Радзіму», працавала тут і на пенсіі. Добрым словам успамінае былога дырэктара кінатэатра Галіну Адамоўскую, удзячная сённяшняму кіраўніку Таццяне Дрозд за тое, што не забываюць ветэранаў працы, перыядычна запрашаюць на прэм’еры.

А яшчэ было вельмі прыемна пачуць, што ўсё сваё працоўнае жыццё былы кінамеханік выпісвае нашу газету. Яшчэ больш, яе сям’я двойчы выйгравала ў час розыгрышу прызоў ад «МГ», дачка нават стала ўладальніцай суперпрыза – мабільнага тэлефона. «Расказвайце маладзечанцам пра прэм’еры, запрашайце іх хадзіць у кіно. Ніякі нават самы вялікі тэлевізар не заменіць экран і непаўторную атмасферу кінатэатра», -- з веданнем справы гаворыць Алена Маторына. Дзень Беларускага кіно – свята Алены Сцяпанаўны і яе маладых калег. Пажадаем ім плённай работы, а ўсім гледачам – часцей наведваць  кінатэатр, атрымліваць асалоду ад добрых фільмаў.

Святлана Палубінская і Наталля Панова працуюць кінамеханікамі ў кінатэатры «Радзіма».
Так трансліравалі фільмы ў мінулыя гады. За праектарам – ветэран працы Эдуард Трацэўскі.
Дырэктар Маладзечанскага філіяла КУП «Мінаблкінавідэапракат» Таццяна Дрозд і былы кінамеханік Алена Маторына ўспамінаюць мінулае, гартаючы старонкі альбома, які ў савецкія часы рыхтавалі для выстаўкі на ВДНГ у Маскве.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.