Чыгуначнік, рацыяналізатар, дамрыст
Канстанцін з дзяцінства прывык усё рабіць выдатна. З сярэбраным медалём закончыў школу, у якую хадзіў зноў жа за сем кіламетраў у суседнюю вёску Падлессе. На павышаную стыпендыю вучыўся ў Беларускім інстытуце чыгуначнага транспарту ў Гомелі, дзе атрымаў спецыяльнасць інжынера-механіка. Ніколькі не спалохалі яго будні будучых калег, калі разам з іншымі студэнтамі накіравалі на практыку на Рыжскі вагонабудаўнічы завод і пасялілі ў… вагонах. Па размеркаванні пасля заканчэння ВНУ Канстанцін прыехаў у наш горад.
— Я і цяпер памятаю свой першы маладзечанскі дзень, – адразу пачынае ўсміхацца Канстанцін Аляксеевіч, прыгадваючы маладосць і пачатак прафесійнага шляху ў вагонным дэпо. – Прыбраўся ў строгі карычневы касцюм, які купіў за стыпендыю ў цэнтральным універмагу ў Гомелі, прычапіў на яго значок, што сведчыў аб вышэйшай адукацыі чыгуначніка. На маё дзіва, кіраўніцтва і нават галоўны бухгалтар былі ў параднай форме – белых кіцелях. Нібыта спецыяльна прыбраліся, каб мяне сустрэць.
Трэба заўважыць, што ў той час у вагонным дэпо было вельмі мала спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Тут Канстанцін прайшоў шлях ад брыгадзіра вагонарамонтнага цэха да камандзіра батальёна. Настаўнікам у прафесіі лічыць тагачаснага начальніка цэха Сямёна Сароку.
— Ён выдатна ведаў сваю прафесію, умеў з’яднаць людзей, а яшчэ быў таленавітым музыкантам-баяністам, кіраваў творчым калектывам самадзейнасці дэпо, чым захапіў вельмі многіх, у тым ліку мяне, — зазначае субяседнік.
З цягам часу Канстанцін асвоіў домру, пачаў іграць у самадзейным аркестры народных інструментаў, які ў 1960-1970-я гады быў добра вядомы на Маладзечаншчыне. Трэба заўважыць, што мой субяседнік яшчэ выдатна спявае.
Ведаюць Канстанціна Аляксеевіча і як адметнага рацыяналізатара. Па яго праекце ў вагонным дэпо сканструявалі казлавы кран для перамяшчэння грузаў. Гаворыць, што ён і цяпер на хаду.
Сваім багатым вопытам Канстанцін Камінскі дзяліўся ў Рэспубліканскім інстытуце тэхнічнай і інфармацыйнай прапаганды, філіял якога ў пачатку 1970-х быў створаны ў нашым горадзе. Спачатку працаваў тут як інжынер, потым – загадваў аддзяленнем.
Шмат сіл аддаў і рабоце па камсамольскай лініі. Як спецыяліст гаркама партыі, курыраваў пытанні прамысловасці, будаўніцтва і энергетыкі.
Многія памятаюць яго як кіраўніка мясцовага прадпрыемства «Тэхаснастка». На гэту пасаду ён быў прызначаны, калі вытворчасць яшчэ будавалася. Канстанцін Аляксеевіч заўважае, што чатыры гады ён узводзіў яе разам з будаўнікамі, а потым яшчэ на працягу пяцігодкі плённа развіваў. Урэшце быў наладжаны выраб інструментарыю для прадпрыемстваў таварыства інвалідаў па зроку.
Хлеб на дрэве не расце
Трынаццаць гадоў Канстанцін Камінскі аддаў нашаму камбінату хлебапрадуктаў, які ўзначаліў незадоўга да развалу Савецкага Саюза. На новым месцы работы ў многія пытанні ўнікаў з нуля. Гэта спецыфічнае прадпрыемства, якое тады працавала ў кругласутачным рэжыме. Спынялі вытворчасць толькі раз на год на бягучы рамонт: каб выправіць усе няспраўнасці, адводзіўся ўсяго месяц. Надзейнымі памочнікамі Канстанціна Аляксеевіча былі яго намеснік Аляксей Навіцкі і галоўны інжынер Сяргей Малашэвіч.
— Асабліва цяжкі перыяд, калі на прадпрыемства перасталі цэнтралізавана пастаўляць сыравіну. У той час беларускай пшаніцы высокай катэгорыі было мала. Яе закуплялі пераважна ў Казахстане, Францыі і Канадзе. Неаднойчы даводзілася наводзіць масты супрацоўніцтва па пастаўках сыравіны праз Маскву, — расказвае Канстанцін Аляксеевіч.
Але ён спраўляўся з любымі нават самымі складанымі задачамі.
— Як вясковы хлопец, які гадаваўся ў вялікай дружнай сям’і, дзе было пяцёра дзяцей, добра ведаю, што хлеб на дрэве не расце. Гэта вельмі цяжкая праца, — філасофствуе Канстанцін Аляксеевіч.
Менавіта ў многім дзякуючы яму на камбінаце былі праведзены маштабныя рэканструкцыі млынавога абсталявання і камбікормавай вытворчасці. Ён вельмі клапаціўся пра сацыяльную падтрымку сваіх работнікаў, асаблівую ўвагу надаваў вырашэнню жыллёвага пытання. Да калектыву кіраўнік увогуле ставіўся як да сям’і. Верагодна, таму за 13 гадоў работы, нягледзячы ні на якія цяжкасці, на прадпрыемстве з колькасцю работнікаў 400 чалавек, не было «цякучкі» кадраў, своечасова выплачвалася зарплата.
«На пенсіі я напалову…»
Куды б ні прыводзілі жыццёвыя «рэйкі» Канстанціна Аляксеевіча, ён лічыць сябе чыгуначнікам. Гаворыць, што практычна ўвесь яго прафесійны шлях так ці інакш звязаны з чыгункай, бо на большасці прадпрыемстваў, дзе працаваў, сыравіна ці іншая прадукцыя дастаўлялася ў… вагонах. Ён заўсёды курыраваў працэс пастаўкі.
І сёння Канстанцін Аляксеевіч любіць прагуляцца ля інтэрната па вуліцы Чыгуначнай, дзе жыў, калі толькі прыехаў у Маладзечна. А сігнал семафора нагадвае яму пра маладосць.
Мой субяседнік з усмешкай гаворыць:
— Нягледзячы на тое, што на заслужаны адпачынак выйшаў 18 гадоў таму, на пенсіі я напалову. Не магу сядзець без справы!
Ён актыўна займаецца грамадскай работай, з’яўляецца членам прэзідыума раённага савета ветэранаў, узначальвае «пярвічку» на камбінаце хлебапрадуктаў.
Сапраўдная асалода для яго, калі радня збіраецца разам, прыходзяць сыны Ігар і Юрый, у якіх ужо таксама свае сем’і. Канстанцін Аляксеевіч і яго жонка Тэрэза Баляславаўна — добры прыклад для іх абсалютна ва ўсім: у адносінах адзін да аднаго, да работы і малой радзімы. Дарэчы, сваю Тэрэзу ён сустрэў таксама ў нашым горадзе на танцавальнай пляцоўцы ля кінатэатра «Радзіма». Разам яны 56 гадоў. А нядаўна Канстанцін Аляксеевіч адзначыў асабісты юбілей.
— Пра што ў першую чаргу думаецца на мяжы 80-годдзя? — пытаюся ў субяседніка.
— Рады, што дажыў да такіх гадоў! – як заўсёды, з гумарам адказвае ён. – Нават будую планы. Хачу палепшыць свой рыбацкі рэкорд. Пакуль мой найбольшы трафей – 6-кілаграмовы шчупак, якога злавіў у возеры Нарач. Таксама спадзяюся, што і далей будуць сілы парыцца ў лазні — мне гэта вельмі падабаецца. І, безумоўна, мару дачакацца праўнукаў.
Ірына РАБУШКА.
Фота: АЎТАР і архіў Канстанціна КАМІНСКАГА.