Гэтыя традыцыйныя спаборніцтвы ў мінулыя выхадныя са-бралі шмат аматараў коннага спорту з нашага раёна і з Мінскай, Гродзенскай абласцей. Канкур – адзін з найбольш відовішчных відаў коннага спорту, які патрабуе ад наезні-каў сур’ёзнай падрыхтоўкі, упартых трэніровак, выдатнай фізічнай формы і, безумоўна, вялікай любові да коней.
Палачанцы гасцінна сустракалі ўдзельнікаў, стварылі для іх выдатныя ўмовы. Некаторыя наезнікі арандавалі коней мясцовай каняфермы і, што асаблі-ва прыемна, занялі на іх прызавыя месцы. Нельга не адзначыць, што на турніры было шмат балельшчыкаў, і гэта сведчыць аб папулярнасці коннага спорту ў нашым раёне і ва ўсёй Беларусі.
Нараўне з дарослымі спарт-сменамі спаборнічалі дзеці да 15 гадоў, сярод іх было нямала выхаванцаў ДЮСШ №2. У першы дзень удзельнікі пераадольвалі бар’еры ў 70, 90 і 110 сантыметраў, у другі – у 80, 100 і 120. У кожнай намінацыі вызначалася па пяць прызавых месцаў.
Вельмі прыемна, што сярод пераможцаў ёсць нашы землякі. Сярод дзяцей да 15 гадоў два першыя месцы па пера-адоленні бар’ераў да 70 і 90 сантыметраў заняла 13-гадовая маладзечанка Ульяна Белавус на кані Антарэсе. У дзяўчынкі таксама пятае месца па пераадоленні 90-сантыметровай вышыні на кані Гвіяне. Нельга не парадавацца і за навучэнца ДЮСШ №2 Данііла Пучынскага з Груздава, які заняў першае месца сярод дзяцей да 15 гадоў па пераадоленні бар’ера да 80 сантыметраў.
Сярод дарослых чацвёртае месца на кані Антарэсе заняла маладзечанка Ганна Ягорава, якая займаецца ў інструктара па верхавой яздзе племканяфермы ААТ «Палачаны» Алены Белавус.
Узнагароджвалі пераможцаў галоўны суддзя спаборніцтваў вядомы трэнер і жакей з Гродна Наталля Савіцкая і дырэктар ААТ «Палачаны» Алена Халматава. Дзякуючы спонсарам дзеці-пераможцы атрымалі выдатныя прызы, дарослыя – грашовыя прэміі. Арганізатары спаборніцтваў асабліва ўдзячныя за дапамогу ў падрыхтоўцы турніру ААТ «Палачаны», сталічнай кампаніі «Интервесп», магазіну «ЗааДом» ТЦ «Модуль», а таксама маладзечанскім байкерам, якія дапамаглі з арганізацыяй гарачага харчавання для ўдзельнікаў. Заключным акордам і падарункам усім спартсменам і балельшчыкам стаў рок-канцэрт.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў Алены БЕЛАВУС.
..