Яўгеній і Алена ГУЛЕВІЧЫ – сямейная пара, якая займаецца агратурызмам. Іх сядзібу «Аколіца» госці наведваюць з задавальненнем.
– Першапачаткова хутар у вёсцы Лабачоўка мы купілі для сябе, – расказала Алена. – Уладкавалі яго, узвялі некалькі новых будынкаў. Атрымалася ўтульнае сямейнае гняздо. Сталі запрашаць у госці знаёмых. Тыя ацанілі плюсы адпачынку на сядзібе. Гэта і паўплывала на рашэнне заняцца агратурызмам.
Сямейны бізнес стартаваў удала. Для гэтага склаліся ўсе перадумовы. Жонка адказвае за ўтульнасць і камфорт, муж – за будаўніцтва. На сядзібе ёсць свой пчальнік. А хутарская абстаноўка ідэальна падыходзіць да паўнацэннага адпачынку.
– Недалёка ад «Аколіцы» знаходзяцца вельмі цікавыя мясціны, – працягвае гаспадыня сядзібы. – Аграгарадок Лебедзева мае багатую і слаўную гісторыю. Святая крыніца ля Лешны шануецца вернікамі праваслаўнай і каталіцкай канфесій. У Маліноўшчыне кожны можа прагуляцца па старажытным парку. Пра усё гэта мы расказваем сваім гасцям.
Алег БЯГАНСКІ
Фота: Аляксей ПЛАТКО