Школа мужнасці
— З юнацкіх гадоў я ведаў, што буду служыць у арміі, і быў упэўнены, што гэта школа мужнасці для кожнага мужчыны, у чым канчаткова пераканаўся, калі стаў салдатам, — гаворыць Рамуальд.
Прызываўся ён ваенным камісарыятам Смаргонскага раёна (адкуль родам), павестку захоўвае і сёння.
— Мой першы Дзень ведаў у працоўнай біяграфіі прайшоў у ваенкамаце — якраз 1 верасня мяне туды выклікалі, — успамінае настаўнік. — Але тады пакінулі ў рэзерве. У армію пайшоў у вясенні прызыў, калі адпрацаваў вучэбны год у школе. Служыў у 11-м асобным спецыяльным батальёне па ахове асабліва важных дзяржаўных аб’ектаў і спецыяльных грузаў. Нашым апорным аб’ектам была атамная электрастанцыя ў Астраўцы, якая на той час яшчэ не была ўведзена ў эксплуатацыю.
Для салдата Алетоіця год службы праляцеў незаўважна.
— Армія навучыла мяне цярпенню, вытрымцы, загартавала фізічна, — працягвае Рамуальд. — Асабліва цікава было ўдзельнічаць у вучэннях. Розныя бегавыя дыстанцыі былі па сілах. Мне ўвогуле падабаецца займацца бегам. А яшчэ я жартую, што менавіта ў арміі добра выспаўся. Пад’ём — у 6.00, адбой — у 22.00, рэжым парушаць нельга. Такога дакладнага раскладу да службы ў мяне не было.
І сёння Рамуальд памятае смак салдацкай кашы — ячнай і грэцкай з ялавічынай.
Вы не ікаеце?
Назаўсёды застанецца ў яго памяці пісьмо, якое даслалі яму ў армію першыя выхаванцы з 8 «Г» класа — 12 дзяўчынак і 14 хлопчыкаў. Ён беражліва захоўвае іх ліст.
— 20 лютага камандзір узвода ўручыў мне даволі тоўсты канверт і сам зацікавіўся, што ў ім можа быць і хто адпраўшчык, — расказвае субяседнік. — Адправіла яго стараста класа Лізавета Кабушава, якая, дарэчы, закончыла школу з атэстатам асаблівага ўзору і залатым медалём. Акрамя пісьма дзеці паклалі ў канверт некалькі дзясяткаў папяровых сэрцайкаў, якія выразалі самі. Гэта быў клас з мастацкім ухілам.
Вучні расказвалі пра школьныя справы, пра тое, што хутка давядзецца выбіраць прафесію. Некаторыя радкі пісьма асабліва грэюць душу настаўніка і выклікаюць шчырую ўсмешку: «Мы часто вспоминаем вас, вы там не икаете случайно?».
— Спачатку здзівіўся: дзе дзеці ўзялі адрас вайсковай часці?! – гаворыць педагог. — А потым здагадаўся. У нашага класа ў сацыяльнай сетцы была арганізавана свая група, там яны і знайшлі інфармацыю аб тым, дзе праходжу службу. Менавіта іх пісьмо стала для мяне лёсавызначальным. Я думаў застацца служыць па кантракце, але ўрэшце аддаў перавагу педагогіцы. Нягледзячы на юны ўзрост, дзеці з 8 «Г» нібы дачасна былі дарослымі, самастойнымі, разважлівымі. Ведаеце, аднойчы мы шукалі свабодны кабінет для класнай гадзіны. Наказаў ім чакаць мяне ў калідоры, вярнуўся — іх няма. Ну, думаю, збеглі! А яны праз паўхвіліны тэлефануюць мне на мабільны і гавораць, што самі знайшлі кабінет і чакаюць мяне.
Трэба заўважыць, што ў Рамуальда Алегавіча выдатнае пачуццё гумару. Пасля арміі ён сам патэлефанаваў у школу намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце і адчаканіў: «Знайшоў для вас настаўніка матэматыкі!». А пасля вытрыманай паўзы дадаў: «Гэта я».
Роўнааддаленая кропка
Наш горад Рамуальд называе прароцкім. Пасля заканчэння беларускамоўнай школы ў родных Солах ён выбіраў паміж дзвюма ВНУ: Полацкім дзяржаўным універсітэтам імя Еўфрасінні Полацкай (тут яго цікавіла прафесія інжынера-будаўніка) і матэматычным факультэтам Мінскага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
— З усімі неабходнымі дакументамі і «групай падтрымкі» (гэта мая мама) ехаў у Полацк. У Маладзечне трэба было перасесці на іншы цягнік, — цяпер ужо з усмешкай успамінае ён. — На ўсё пра ўсё было пяць хвілін. За гэты час паспеў патэлефанаваць сваёй выкладчыцы матэматыкі, каб яшчэ раз параіцца з ёю наконт выбару прафесіі. Яна адказала, што бачыць мяне настаўнікам. Я вырашыў вярнуцца дамоў. Мама літаральна была ў шоку. А праз некалькі дзён ужо самастойна паехаў падаваць дакументы ў педуніверсітэт.
Як паспяховы студэнт, Рамуальд меў права выбару першага рабочага месца. І ён аддаў перавагу нашаму гораду.
— Калі гаварыць мовай матэматыкі, Маладзечна — гэта роўнааддаленая кропка паміж Мінскам і Соламі, — заўважае Рамуальд Алегавіч. — У сваім рашэнні я не памыліўся: мне вельмі падабаецца калектыў, у якім я працую. Работа настаўніка для мяне як адрэналін. Вельмі прыемна бачыць вынікі сваёй дзейнасці, адчуваць
зацікаўленасць вучняў. Гэта натхняе ісці далей.
Яго выхаванцы ўжо спрабуюць свае сілы ў алімпіядным руху. Да слова, у школьныя гады ён і сам удзельнічаў у алімпіядах. Асабліва запомніў сваю першую.
— У чацвёртым класе настаўнікі адпраўлялі мяне на алімпіяду па беларускай мове, а я не пагадзіўся, — успамінае ён. — Захацеў пайсці на матэматыку. І ў родным раёне перамог у алімпіядзе па гэтай дысцыпліне ў сваёй узроставай катэгорыі.
Цяпер Рамуальд Алегавіч вучыць дзяцей не толькі свайму прадмету, але і любові да родных традыцый, мовы, на якой любіць размаўляць у паўсядзённым жыцці. Ён лёгка адпраўляецца з навучэнцамі ў паходы па Беларусі. Вазіў іх і ў вучэбны цэнтр БелАЭС у Астраўцы.
— Мажліва, цяга да педагогікі ў мяне на генетычным узроўні, — разважае ён. — У маёй сям’і нямала настаўнікаў. З ранняга дзяцінства мне падабалася бываць у школе разам з бабуляй па мамінай лініі, якая выкладала ў пачатковых класах. На жаль, яна не паспела даведацца, што я прадоўжыў дынастыю.
— У вас нязвыклае для нашых мясцін імя. Дзеці лёгка яго запамінаюць? — не магла не пацікавіцца ў Рамуальда Алегавіча.
— Усялякае бывае! — усміхаецца ён. — Іншым разам так стараюцца запомніць, што называюць Рамуальдам Рамуальдавічам альбо ператвараюць імя ў Арнольда. А прозвішча з першага разу практычна ніхто без памылак не піша.
Цяпер Рамуальд Алегавіч класны кіраўнік у 8 «Е» класе. Ён працягвае ўдасканальвацца ў сваёй прафесіі. Нядаўна ў намінацыі «Фізіка, інфарматыка, матэматыка, астраномія» выйграў раённы этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года-2023». Здзівіў журы і публіку не толькі інтэлектам, але і акцёрскімі здольнасцямі.
Ірына РАБУШКА.
Фота: АЎТАР .