Новости Молодечно и Молодечненского района

Каханне з першага позірку

  • 2017-07-10 08:24:45
  • Анжаліка Крупянькова


Начальнік аддзела ЗАГС рай    выканкама Ала Івашкевіч правяла цырымонію і павіншавала прыгожую пару, уручыла ёй памятны адрас і падарунак ад раённага выканаўчага камітэта. Урачыстасць праходзіла на беларускай мове, былі ў ёй элементы старажытных народных абрадаў: жаніх і нявеста прайшлі пад ручніком, хросныя звязалі ім рукі, каб сямейнае жыццё было моцным, доўгім і шчаслівым. Сюрпрызам стаў дзясятак паветраных шароў у выглядзе сэрцаў, якія пара выпусціла ў неба, загадаўшы жаданне. Сведкамі маладых сталі іх лепшыя сябры. З Яўгеніем Швыдуном, які жыве ў Бярозе на Брэстчыне, Дзмітрый служыў у арміі. Сяброўка Святланы Вольга Перапечанка прыехала на ўрачыстасць з Украіны.

Можна сказаць, што сведкамі маладых былі ўсе, хто гуляў у гэты момант у парку. Жаніх і нявеста пачулі шмат кампліментаў у свой адрас, прыемна было, што незнаёмыя людзі віншавалі і шчыра радаваліся за іх. «Нам ніколі не даводзілася быць на выязной рэгістрацыі шлюбу, падумаць не маглі, што самі станем  віноўнікамі такой урачыстасці. Калі ў ЗАГСе прапанавалі распісацца ў парку, мы нават не адразу паверылі, бо ведаем, што каштуе гэта немалых грошай. А тут абсалютна бясплатна – шыкоўны падарунак!» – гавораць Святлана і Дзмітрый і лічаць усё гэта невыпадковым. Тым больш і лічбы гэта пацвярджаюць: калі скласці дзень і год рэгістрацыі, атрымаецца 18 – дзень нараджэння Дзмітрыя. Урачыстасць адбылася ў 13.00, а 13 чэрвеня з’явілася на свет Святлана… Яны абодва нарадзіліся ў чэрвені 1991 года з розніцай у пяць дзён.

Пазнаёміліся закаханыя шэсць гадоў таму ў Гомелі – родным горадзе Святланы. На той час Дзіма быў першакурснікам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, Святлана асвойвала прафесію хіміка-лабаранта ў каледжы. Дзмітрый убачыў прыгожую дзяўчыну на гарадскім свяце і закахаўся з першага позірку. Адразу падысці пасаромеўся, але дзяўчына заўважыла яго настойлівыя позіркі і ўсміхнулася. Тады хлопец асме-
ліўся пазнаёміцца, папрасіў тэлефон, а на наступны дзень прапанаваў сустрэцца. Так нарадзілася іх каханне, якое яны правяралі ажно шэсць гадоў. Пасля ўніверсітэта Дзмітрый пайшоў у армію, год праслужыў у спецназе. Ён быў упэўнены, што Святлана яго дачакаецца. Маладыя ўспамінаюць, што прысяга адбылася 13 чэрвеня — у дзень нараджэння Святланы. Няпроста было Дзіме раздабыць для каханай шыкоўную ружу, дапамог адзін з прапаршчыкаў. І гэта стала неспадзяваным і запамінальным сюрпрызам. А прапанову рукі і сэрца Дзіма зрабіў 1 красавіка, і тут без жарту не абышлося. Працягнуў Свеце каробку, а ў ёй па прынцыпе матрошкі былі схаваныя яшчэ некалькі пакункаў. І вось, нарэшце, самы маленькі… Дзяўчына здагадалася, што ў ім, і сэрца стала біцца часцей. Дрыжачымі рукамі адчыніла, а там – маленькая заціскачка-хамуцік. З гумарам у Светы ўсё добра – яна рассмяялася. Тым часам Дзіма дастаў з кішэні сапраўдную каробачку з заручальным пярсцёнкам.

Цяпер яны са Святланай у водпуску. Збіраюцца ў рамантычнае падарожжа ў Санкт-Пецярбург, дзе марылі пабываць даўно. Жыць плануюць у Маладзечне, тут у Дзмітрыя добрая работа. Ён працуе майстрам па тэхнічным абслугоўванні цеплавозаў у лакаматыўным дэпо. Спрабавалі знайсці месца хіміка-лабаранта для Святланы, але пакуль безвынікова – часы цяпер складаныя. Але яны спадзяюцца, што ўсё атрымаецца. Маладыя, прыгожыя – ім пашанцавала сустрэцца і пакахаць адзін аднаго, горад падарыў незабыўны дзень нара-
джэння іх сям’і. Няхай жа шанцуе ім і ў сумесным жыцці!

Фота: Валерый ДАЛІДОВІЧ.