Міхась Міхасевіч -- аўтар 10 уласных кніг, акрамя таго, ён выдаў, стаў укладальнікам каля 40 кніг.
-- Найпершым здабыткам роднай зямлі з’яўляюцца людзі. Гісторыя любога горада ці вёскі -- абстракцыя, калі яна не напоўнена лёсамі людзей, -- перакананы краязнавец, які на працягу многіх дзесяцігоддзяў нястомна збірае матэрыялы пра нашых слынных землякоў, прысвячае ім эсэ, нарысы, артыкулы, папулярызуе іх творчасць, выдае іх творы.
З многімі з іх ён быў знаёмы, нават сябраваў. Сярод такіх знакавых постацей -- гісторык, пісьменнік, літаратуразнавец Мікола Ермаловіч, краязнавец, пісьменнік, доктар гістарычных навук Генадзь Каханоўскі, мастакі Кастусь Харашэвіч, Васіль Лазоўскі, пісьменнікі Пятро Бітэль, Янка Галубовіч, Мікола Капыловіч, Таццяна Сапач і многія іншыя. Кароткая інфармацыя пра іх і многіх іншых змешчана ў краязнаўчым даведніку «Славутыя людзі Маладзечаншчыны», выдадзеным у 2018 годзе цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Максіма Багдановіча. Укладальнікам гэтай кнігі і аўтарам тэкстаў з’яўляецца Міхась Казлоўскі.
Але і невядомыя шырокаму колу, звычайныя людзі вартыя таго, каб сваякі пакінулі пра іх успаміны. Іх жыццё, учынкі, здабыткі складаюць летапіс сям’і, роду, уносяць адметныя старонкі ў гісторыю свайго населенага пункта. Прыклад гэтаму -- расповед Міхася Казлоўскага пра тое, як ён працаваў над кнігай «Цяпло айчынных камянёў», адзін з раздзелаў якой пад назвай «Вандроўкі па лабірынтах памяці» прысвечаны яго роднай вёсцы Быкі (з 1966 года -- Рабінавая), што ў Палачанскім сельсавеце.
-- Гэта своеасаблівая споведзь маёй душы. Штуршком для напісання кнігі паслужыў фотаздымак 1944 года, на якім мая мама Валянціна Аляксандраўна, у дзявоцтве Кароль, яшчэ вельмі маладая, васямнаццацігадовая, з сяброўкамі ў вёсцы Забрэззе, што непадалёк ад яе роднай вёскі Узбалаць на Валожыншчыне. Калі глядзеў на гэта фота, кожны раз думаў, што вельмі многае сыходзіць у нябыт. Мама нібыта заклікала мяне, што я павінен напісаць пра сваю вёску, свой радавод, -- шчыра расказваў пісьменнік. -- Дзякуй Богу, мая вёска сёння жывая, у ёй каля 40 хат. Здавалася б, невялікая вёсачка, знакамітых жыхароў няма. Аднак калі я пачаў капаць глыбей, звяртацца да архіўных матэрыялаў, усё больш разумеў, што гэта адметная, цікавая кропка на карце Беларусі.
У кнігу ўвайшлі ўспаміны многіх аднавяскоўцаў, сваякоў, маці пісьменніка. На жаль, Валянціна Аляксандраўна вельмі рана пайшла з жыцця, аднак паспела расказаць сыну-падлетку тое, што ёй найбольш запомнілася, уразіла. Чуллівымі ўспамінамі падзяліўся пісьменнік і пра свайго бацьку Міхася Іосіфавіча, які працаваў на торфаўборачнай машыне на торфабрыкетным заводзе. Яго жыццё абарвалася ў самым росквіце: ён трагічна загінуў у 37 гадоў, калі сын быў яшчэ дашкольнікам.
Значная частка кнігі прысвечана аднавяскоўцам, кожны з якіх пакінуў свой адметны след у памяці, у сэрцы аўтара. Гэта і вядомая ва ўсім наваколлі ткачыха Ніна Нявера, і кавалі Зміцер і Пётра Казлоўскія, і Андрэй Кохан, жыццёвы шлях якога не раз перакрыжоўваўся са шляхам Янкі Купалы, калі той у 1906-1907 гадах працаваў на бровары ў Яхімоўшчыне. З павагай расказвае аўтар і пра Мацея Пятровіча, які закончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, быў удзельнікам Першай сусветнай вайны, а таксама беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Вядомай асобай з’яўляецца ўраджэнец Быкоў кандыдат хімічных навук, дацэнт, пісьменнік і краязнавец Барыс Бароўскі. Адметная постаць былога калгаснага брыгадзіра, кавалера ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга Васіля Бароўскага. Цікава, што з Быкоў па мацярынскай лініі паходзіць род вядомай тэлевядучай, актрысы Святланы Бароўскай.
-- Слухала ваш расповед -- і пра сваю родную вёску Канюхі ўспамінала. Яе, у адрозненне ад Быкоў, не перайменавалі ў Крутыя Горкі, на агульным сходзе сяляне адстаялі назву. Мой тата Уладзімір Іосіфавіч Божка, які дажыў да ста гадоў, таксама шмат мне расказваў пра гісторыю вёскі, аднавяскоўцаў. Пра тату я ў свой час напісала артыкул у «Маладзечанскую газету», -- падзялілася ўражаннямі ад сустрэчы актывістка ветэранскага руху, былая загадчыца аддзела ЗАГС гарвыканкама Ніна Шарыпава.
Кіраўнік народнага ўніверсітэта «Актыўнае даўгалецце» Наталля Гайковіч заклікала слухачоў напісаць успаміны пра сваю малую радзіму, эсэ пра вядомых землякоў ці паспрабаваць скласці свой радавод. Якую б форму ні выбралі -- гэта будзе карысна для сям’і, для свайго населенага пункта. Таксама Наталля Сяргееўна нагадала, што ў 2024 годзе заняткі па тэме «Краязнаўства» будуць працягвацца. З гісторыяй, культурай, знакамітымі людзьмі Мінскай вобласці слухачы пазнаёміліся, пабывалі ў многіх адметных месцах на экскурсіі. Цяпер на чарзе Гродзенская і Брэсцкая вобласці. Акрамя заняткаў плануюцца таксама экскурсіі ў Гродна і Брэст.
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.