Новости Молодечно и Молодечненского района

Хто выправіць памылкі на шыльдах і ўказальніках?

  • 2019-11-29 13:50:24
  • Отдел информации.

Так здарылася, што апошнім часам я часта звяртаю ўвагу на рэкламу, дарожныя знакі, расцяжкі, мастацкія творы: правільна яны напісаны ці з памылкамі. Да гэтага мяне падштурхнула даследчая праца «Пісьменнасць – гэта патрэба ці неабходнасць?», якой займалася на працягу амаль двух гадоў пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы Валянціны Мікалаеўны Атрушкевіч. Раней усё надрукаванае або напісанае я ўспрымала напавер. А цяпер пераканалася, што на самай справе не варта давяраць запісам, разлічваючы на тое, што з боку пісьменнасці ўсё будзе бездакорна. Выходзіць, што часта напісанае трэба ставіць пад сумненне. А потым звяртацца да арфаграфічнага, тлумачальнага і іншых слоўнікаў.

Я нарадзілася і жыву ў Маладзечне, а мае дзядулі і бабулі па лініі маці і бацькі пражылі свой век у вёсцы, дзе я была частым госцем, пакуль расла, а цяпер бываю наездам. Дзякуючы ім я палюбіла родную мову, з’яўляюся ўдзельніцай, пераможцай шматлікіх конкурсаў, алімпіяд па беларускай мове і лічу, што даволі дасканала валодаю ёю. Збіраюся нават звязаць з ёю сваю прафесію.

Магчыма, таму надпісы ў нашым горадзе накшталт «вул. Міра» замест «вул. Міру», «вул. Тюрлёўская» замест «вул. Цюрлёўская», «Кошты паніжаны» я адразу заўважаю і разумею, што яны з’яўляюцца памылковымі і патрабуюць выпраўлення. Наконт апошняга асмелілася даць параду супрацоўнікам адной з аптэк, каб яны напісалі аб’яву правільна: «Кошт паніжаны»(«кошт», як і «стоимость», адзіночналікавы назоўнік). Мяне выслухалі ўважліва, папрасілі прабачэння, сказалі, што перададуць начальніку. Аднак вельмі сумняваюся, што нешта зменіцца. Зразумела, гэта патрабуе грашовых выдаткаў…

Еду да бабулі ў аўтобусе на Мароські. Стаю і думаю, як добра мне будзе зараз: сырадой, шчаўе, мачанка, аладкі, сяброўкі, якіх бачу толькі летам на канікулах — уся ў марах. І тут погляд спыніўся на правілах карыстання аўтобусам: «сваечасова» замест «своечасова», «межгарад» замест «міжгарад»… Сказаць вадзіцелю пра памылкі? Дык ён жа не пісаў гэта. Папрасіць перадаць начальніку? Не асмелілася… Мяне ўжо раз выслухалі, абяцалі, а ўсё засталося па-ранейшаму.
У наступны раз еду з бацькам у машыне і чытаю назву прыпынкаў у Красным: у адзін бок «Льнозавод», у другі — «Ільнозавод». Усумнілася: як жа правільна? Інтэрнэт падказаў: «Ільнозавод».

І такіх прыкладаў заўважала шмат падчас паездак, экскурсій: «Першаі» і «Пяршаі», «Дружнае» і «Дружная», «Дзяржынова» і «Дзяржынава».

Нярэдка знаходжу памылкі ў рэкламных і нават навуковых даведніках, у падручніках: «сябр» замест «сябар», «невыхаванасць» замест «нявыхаванасць», «лідэрства» замест «лідарства», «аўсяныя камякі» замест «аўсяныя шматкі». І зусім недарэчнае: «шаля жаночая» замест «шаль жаночы»…

Сёння для мяне шукаць памылкі – патрэба душы. Што б ні чытала, куды б ні глядзела – ідзе праверка, бо, як сказаў пісьменнік Алесь Петрашкевіч, «напісанае застаецца». Зафіксавала зрокавая памяць (а яна ў нас вельмі ўчэпістая!) — і панесла ад дыктанта да пераказу, ад пераказу да сачынення, а затым – да ЦТ…

У заканадаўстве важныя кожная коска, кожнае слова, кожная літара. А чаму няма законаў у мове? Чаму можна пісаць як хочаш ці як умееш?

Тэкст і фота: Дзіяна БАЖКО, вучаніца 10 класа СШ №11.