Удзельнікі семінара, прадстаўнікі яўрэйскіх і ветэранскіх грамадскіх арганізацый, устаноў адукацыі, дзеячы культуры, гісторыкі, краязнаўцы наведалі мемарыяльны комплекс «Шталаг-342», пазнаёміліся з экспанатамі выстаўкі «Меер Аксельрод. Вяртанне дадому» ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі. Аднак галоўныя падзеі разгарнуліся менавіта ў Гарадку, дзе ў 1942 годзе было знішчана амаль усё яўрэйскае насельніцтва. Тады загінулі 720 мясцовых жыхароў і каля 180 навакольных населеных пунктаў.
У былым мястэчку прайшоў мітынг ля помніка салдату-вызваліцелю. На месцы, дзе знаходзілася гета, удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць ахвяр халакосту. Аб загінулых памаліліся праваслаўны свяшчэннік і яўрэйскі равін.
Як пераканаліся госці форуму, у нашы дні дзякуючы неабыякавым людзям яўрэйскае жыццё аграгарадка паступова абнаўляецца. Добраўпарадкоўваюцца яўрэйскія могілкі. На месцы былога гета ўстаноўлены памятны знак. Праз аграгарадок пракладзены турыстычны маршрут «Дарогамі штэтлаў» (так да Вялікай Айчыннай у Заходняй Беларусі называліся месцы кампактнага пражывання яўрэяў). Устаноўлена інфармацыйная шыльда. Рэгулярна ладзяцца тэматычныя мерапрыемствы.
-- Падзеі мінулай вайны адбіліся на лёсах Гарадка, Краснага, Лебедзева, Маладзечна… -- адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Соф’я Філістовіч. – Халакост стаў трагедыяй не толькі для яўрэяў, але і для беларусаў. Таму памяць пра мінулае аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей і пакаленняў.
Як падкрэсліла Соф’я Пятроўна, чарговы міжнародны форум у Гарадку праходзіць у Год малой радзімы. Ён паказвае, што гэты куточак Маладзечаншчыны вельмі дарагі многім людзям. Сябры Гарадка жывуць нават за межамі нашай краіны. Яны цікавяцца сваімі каранямі і робяць усё для захавання гістарычнай памяці.
Тэмы захавання і вывучэння гісторыі яшчэ раз прагучалі ў час падвядзення вынікаў форуму. Так, па меркаванні дацэнта гістарычнага факультэта БДУ Кузьмы Козака, факты мінулага запамінаюцца лепш, калі яны непасрэдна звязаныя з тваёй сям’ёй, малой радзімай. Вось чаму вельмі важная краязнаўчая работа, вывучэнне архіўных матэрыялаў, сустрэчы са сведкамі і відавочцамі былых падзей. У Гарадку ўсё гэта паспяхова рэалізуецца. Як вынік, яўрэйскай гісторыяй мястэчка зацікавіліся мясцовыя жыхары.
Ініцыятыву падхапілі і ў іншых вёсках раёна, а таксама ў Маладзечне. Людзі зразумелі сваё дачыненне да мінулага. Яны імкнуцца перадаць веды пра былых суседзяў сваім нашчадкам. У выніку адраджаецца ідэнтычнасць населеных пунктаў Маладзечаншчыны.
-- Яўрэі ў гады Вялікай Айчыннай масава змагаліся з ворагам на франтах і ў партызанскіх атрадах, удзельнічалі ў падполлі. Многія з іх перажылі акупацыю толькі дзякуючы дапамозе беларусаў. Беларусь – адзіная акупіраваная краіна, дзе нацысты так і не змаглі справакаваць мясцовае насельніцтва на яўрэйскія пагромы. Гэтыя факты павінны ведаць беларусы і ганарыцца імі, -- падкрэсліў Кузьма Козак.
Фота: Алег БЯГАНСКІ.