Новости Молодечно и Молодечненского района

«Галасы памяці: Гарадок і яго вызваленне»

  • 2019-06-28 13:29:48
  • Алег Бяганскі

Арганізатары форуму пастараліся як мага больш наглядна раскрыць трагічныя падзеі, што адбываліся ў раёне ў перыяд акупацыі. Акрамя Гарадка, удзельнікі наведалі месца пахавання яўрэяў у Красным, мемарыяльны комплекс «Шталаг-342», воінскае пахаванне на выездзе з Маладзечна ў бок Вілейкі.

Таксама ў праграме былі мітынг ля помніка салдату-вызваліцелю ў Гарадку, прэзентацыя выстаўкі «Вайна вачамі дзяцей» былога вязня Беластоцкага гета Міхаіла Разенштэйна, знаёмства з работамі мастака Юрыя Крупянкова, фотаздымкамі Гарадка часоў нацысцкай акупацыі, якія сабраў краязнавец Аляксей Жахавец, і гэтак далей. Пра валанцёрскую работу па адраджэнні культурнай і духоўнай спадчыны расказала гаспадыня аграсядзібы «Традыцыі і сучаснасць» Ліна Цывіна.

— Ахвярамі вайны былі людзі розных нацыянальнасцей, дарослыя і дзеці, мірныя людзі і ваеннапалонныя, — нагадаў былы малалетні вязень «Шталага-342» удзельнік форуму Сяргей Ермакоў. — Вечная падзяка тым, хто, рызыкуючы жыццём, дапамагаў іншым перажыць цяжкі ваенны час, падтрымліваў, ратаваў, дзяліўся апошнім. Так рабіла абсалютная большасць беларусаў.

Сяргей Міхайлавіч нарадзіўся ў Драгабужскім раёне Смаленскай вобласці. У сям’і было пяцёра дзяцей. У 1941-м бацьку прызвалі ў Чырвоную армію, старэйшы брат пайшоў у партызаны. Да Перамогі яны не дажылі.

— У 1942 годзе нашу вёску акружыў нямецкі карны атрад, — расказаў Сяргей Ермакоў. – Мяне разам з братамі і маці арыштавалі, адвезлі на чыгуначную станцыю, а потым адправілі ў Маладзечна. Тады мне было шэсць гадоў. Не забыць той жах, што быў у лагеры. Хадзілі мы ў драўляных кайданах, адзення і абутку нам не давалі, кармілі раз на дзень.

У 1944-м, калі фронт імкліва каціўся на захад, сям’ю Ермаковых і яшчэ некалькі сем’яў забралі жыхары вёскі Журэвічы. Гэта і выратавала вязняў ад смерці.

— Вяскоўцы прыносілі нам малако, бульбу, ставіліся да нас вельмі цёпла. З тых часоў Беларусь стала для мяне другой радзімай, — гаварыў са слязамі на вачах мужчына.
Дзякуючы мясцовым жыхарам выжылі і некалькі жыхароў Гарадка яўрэйскай нацыянальнасці. Нагадаем: у 1942 годзе ў гэтым мястэчку было знішчана амаль усё яўрэйскае насельніцтва. Тады загінулі 720 мясцовых жыхароў з 180 навакольных населеных пунктаў. Акупанты спалілі людзей зажыва…

Як адзначыў галоўны рабін рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іўдаізму Рыгор Абрамовіч, фашысцкія нелюдзі імкнуліся не толькі знішчыць насельніцтва акупіраваных тэрыторый, але і сцерці памяць пра ахвяр сваіх злачынстваў. Наша задача – не забываць тыя падзеі, перадаць веды пра мінулае наступным пакаленням. Толькі ў гэтым выпадку трагедыя не паўторыцца.

Рабін падзякаваў кіраўніцтву раёна і Гарадоцкага сельсавета, усім неабыякавым жыхарам Маладзечаншчыны за работу па захаванні і адраджэнні яўрэй-
скай гісторыі Гарадка, а таксама іншых населеных пунктаў раёна.

— Гістарычная памяць павінна адраджацца праз лёсы сведак падзей мінулага або іх нашчадкаў, — зазначыў Аляксей Жахавец. – Менавіта так у Гарадку і адбываецца. Людзі даведваюцца шмат новага пра месца, дзе жывуць. Многія далучаюцца да валанцёрскага руху. Інфармацыя пра Гарадок распаўсюджваецца ва ўсім свеце. Дзякуючы гэтаму завязваюцца новыя кантакты, рэалізуюцца цікавыя ідэі. Пошукавая работа будзе працягвацца.

Фота: Алег БЯГАНСКІ.