Вёска Еленка Аляхновіцкага сельсвета вядомая з канца XVIII стагоддзя. Цяпер тут каля 50 жыхароў і прыкладна 30 двароў. Але чаму яна так называецца?
Калі быў у населеным пункце, спытаў мясцовых жыхароў аб паходжанні яго назвы. Адназначнага адказу так і не пачуў. Адны сцвярджалі, што ў аснове ляжыць жаночае імя Алена, іншыя ўпэўнены, што назва паходзіць ад елкі.
Бліжэй да ісціны другі варыянт. Справа ў тым, што назву Еленка маюць некалькі беларускіх населеных пунктаў. Па меркаванні краязнаўцаў, іх «імя» ўтворана ад кораня «елка» (вытворнае слова – «ялінка»).
Ускосны доказ – на захад ад Еленкі знаходзіцца даволі вялікі лясны масіў. Елка ў ім адна з асноўных парод. Гэты ўчастак лесу ўяўляе сабой астатак пушчы, якая ў былыя часы пакрывала большасць тэрыторыі Маладзечаншчыны.
Дарэчы, адзін з найбольш адметных фактаў з гісторыі вёскі: у канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя яна належала Адаму Хмары, вядомаму дзяржаўнаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага. Ён імкнуўся рэфармаваць сваю гаспадарку: будаваў млыны, вырабляў цэглу, займаўся вінаробствам, цікавіўся жыццём сялян. Апублікаваў працу па кіраванні маёнткам «Інструкцыя для эканома».
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ