Новости Молодечно и Молодечненского района

Дзмітрый Бабёр робіць свет лепшым

  • 2024-01-03 08:13:00

Ёсць такі чалавек і ў вёсцы Пранчэйкава. Завуць яго Дзмітрый Бабёр. Шмат гадоў ён адпрацаваў вадзіцелем у родным калгасе. Аднавяскоўцы памятаюць Дзмітрыя Іванавіча як адказнага, добрасумленнага працаўніка. Шмат карысці прынеслі яго залатыя рукі калгасу і землякам.

Не сядзеў дома гэты руплівы чалавек і на заслужаным адпачынку. Уладкаваўся рабочым у мясцовую школу. Дзмітрый Іванавіч і тут адказна ставіўся да сваіх абавязкаў, выконваў самую складаную работу па гаспадарцы. Ніколі нікому не адмовіў у дапамозе. І нават цяпер, калі ўжо не працуе, трымае сувязь са школай. Заўсёды адгукаецца, дапамагае парадай ці справай.

А яшчэ Дзмітрый Іванавіч вельмі добры гаспадар. На жаль, яго жонка заўчасна пайшла з жыцця. Нягледзячы на гэта, у яго доме вельмі ўтульна, ёсць усе выгоды, як у гарадской кватэры. А летам сядзіба патанае ў кветках. Асабліва радуюць вока гаспадара любімыя ружы. Усюды відаць след залатых рук гэтага цудоўнага чалавека.

Дзмітрый Іванавіч выгадаваў двух сыноў, дачакаўся ўнукаў. І вельмі шчаслівы, калі яго ўтульны дом напаўняецца любімымі галасамі.
Свайго земляка паважаюць вяскоўцы. Кажуць, што жыццё чалавека ўдалося, калі ён пасадзіў дрэва, пабудаваў дом, выгадаваў сына. Усё гэта паспеў зрабіць Дзмітрый Іванавіч. Але ён не сядзіць на месцы, шмат працуе дома, імкнецца на дапамогу таму, хто ў ёй мае патрэбу. Жыве чалавек на зямлі, робіць дабро, стварае вакол сябе прыгажосць. Ад гэтага наш свет становіцца лепшым.

Алена КВАЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Селеўскай СШ.