Новости Молодечно и Молодечненского района

Душы высокае натхненне…

  • 2017-06-05 11:05:25
  • Людміла Цар

У пленэры, які сёлета праходзіў у Івянцы і Маладзечне, бралі ўдзел мастакі не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Чэхіі. Госці наведалі храмы Маладзечанскага благачыння і епархіяльнае ўпраўленне, па-
цікавіліся творчымі праектамі Палаца культуры і музычнага каледжа імя М.К. Агінскага.

Запомнілася наведванне храма Рызапалажэння Багародзіцы ў Груздаве, дзе настаяцель іерэй Анатолій Папоў пазнаёміў гасцей з гісторыяй царквы і цудатворнага абраза Груздаўскай Божай Маці. Уражанні былі настолькі моцнымі, што знайшлі адлюстраванне ў мастацкіх работах некалькіх аўтараў.

У малой зале Палаца культуры адбылося ўрачыстае закрыццё пленэру. Словы прывітання ад імя епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла зачытаў сакратар епархіяльнага ўпраўлення, настаяцель царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы протаіерэй Віталій Багданёнак.

На кадрах відэастужкі прысутныя ўбачылі насычанае творчае жыццё нашых гасцей. Сапраўдным падарункам стала канцэртная праграма, складзеная з лепшых узораў беларускай музычнай культуры і сучасных твораў, якія ўслаўляюць родны край і яго людзей.

Ініцыятыва правядзення духоўна-мастацкага праекта належыць настаяцелю івянецкага храма Прападобнай Ефрасінні Полацкай протаіерэю Віктару Перагудаву, які па благаславенні епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла з’яўляецца духоўнікам пленэру. Да болю кранула сэрцы мастакоў сустрэча з дзецьмі з асаблівасцямі фізічнага развіцця Івянецкага дома-інтэрната. Яны не могуць самастойна рухацца, але надзелены любоўю да людзей і свету. Сродкі, выручаныя ад продажу карцін, створаных у час пленэру, будуць накіраваныя на рэалізацыю дабрачыннага праекта «Мастакі – дзецям Лета». Айцец Віктар шчыра па-
дзякаваў кожнаму, хто далучыўся да распачатай летась высакароднай справы, і пажадаў Божай дапамогі ў добрых пачынаннях.

— Радуе, што справы, якія робяць нас больш чулымі, спагадлівымі, знаходзяць уваса-
бленне на маладзечанскай зямлі, якая дала свету нямала выдатных асоб, — зазначыла на ўрачыстасці начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Соф’я Філістовіч.

— Палац культуры сёлета адзначыць сваё 15-годдзе. За гэты час ладзілася шмат цікавых праектаў, адметных мерапрыемстваў, — расказала дырэктар Палаца Святлана Сарока. – У аснове плённага супрацоўніцтва ў межах гэтага міжнароднага пленэру – наладжванне духоўных і культурных мастоў паміж краінамі. Мы з радасцю адгукнуліся на прапанову прыняць у ім удзел і вельмі стараліся, каб мастакам было ўтульна на Маладзечаншчыне. Ладзілі цікавую праграму, імкнуліся паказаць усё самае лепшае, падарылі на добрую памяць спецыяльна вырабленыя сувеніры. Спадзяёмся, што ў наступным годзе творчыя людзі прыедуць да нас са сваімі сябрамі і калегамі.

Старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца заўважыў, што заўсёды з вялікай радасцю прыязджае ў Маладзечна: тут адчуваецца энергетыка неабыякавых людзей, дзякуючы якім пашыраюцца межы сяброўства, супрацоўніцтва. Пленэр для многіх стаў асабістым набыткам, прыкладам высокага служэння мастацтву.
Мерапрыемства прадоўжылася ў выставачным фае, дзе разгарнулася выстава творчых работ «Вернісаж». Удзельнікі вечарыны шчыра дзяліліся сваімі ўражаннямі.

Член Беларускага саюза мастакоў Мікола Аўчыннікаў: «Ёсць добрая нагода ўспомніць мастакоў, якія жылі марай, што ў горадзе будуць ладзіцца міжнародныя выставы, гучныя мастацкія праекты, — Ядвігу Раздзялоўскую, Кастуся Харашэвіча, Юрыя Герасіменку-Жызнеўскага. Яны б вельмі парадаваліся таму, што адбываецца. Прыязджаюць да нас творчыя людзі і быццам адрываюцца ад зямлі, становяцца вольнымі і незалежнымі ад усяго мітуслівага, несапраўднага, атрымліваюць духоўнае ачышчэнне праз прыроду і мастацтва».

Маладая мастачка з Санкт-Пецярбурга Кацярына Раманава: «Асабіста мне ўдзел у праекце даў штуршок быць прасцей, бліжэй да людзей і натхняцца агульнай справай. Мы былі адной сям’ёй, старанна працавалі. Работы пакінем тут, а добрыя ўспаміны абавязкова возьмем з сабой».

Фота: Аляксей ПЛАТКО.