Сорак брацікаў і сястрычак. Менавіта столькі нованароджаных, зарэгістраваных у лістападзе аддзелам ЗАГС райвыканкама, сталі другім дзіцем у сваіх сем’ях, а значыць, братамі і сёстрамі для старэйшых сыноў і дачок. Гэту і іншую цікавую інфармацыю нам паведаміла выконваючая абавязкі начальніка аддзела ЗАГС райвыканкама Эліна ПЛАТАНОВІЧ.
Нараджэнні
У лістападзе зарэгістравана 105 нованароджаных (61 хлопчык, 44 дзяўчынкі) — на 21 менш, чым у мінулым годзе. Першае дзіця з’явілася ў 36 сем’ях, другое – у 40, трэцяе – у 21, чацвёртае – у чатырох, пятае – у дзвюх, шостае – у адной.
Сярэдні ўзрост мам – 29 гадоў, татаў – 31. Самай маладой маці – 19 гадоў, тры таты ва ўзроставай катэгорыі 45-50.
Пераважная большасць бацькоў – грамадзяне Рэспублікі Беларусь, дзве жанчыны і двое мужчын з Расійскай Федэрацыі. Сталі татамі таксама грамадзяне Егіпта, Рэспублікі Арменія, Рэспублікі Казахстан.
У горадзе ў лістападзе зарэгістраваны дзве пары двайнят. У сям’і Святланы і Дзмітрыя Мікульскіх нарадзіліся сын Сямён і дачка Надзея. Кацярына і Уладзімір Ціж сталі бацькамі Мацвея і Васіліны.
Самымі папулярнымі імёнамі ў лістападзе сталі Арцём, Іван, Максім, Багдан, Ульяна, Ксенія, Ганна, Арына. Сярод рэдкіх – Алекс, Дзям’ян, Захар, Леанард, Ясеня, Лея, Сабрына, Сілія.
Усяго за 11 месяцаў года ў раёне нарадзілася 1150 дзяцей — на 145 менш, чым за такі ж перыяд летась.
Шлюбы
Іх зарэгістравана 73, што на 8 больш, чым у мінулым годзе. Сярэдні ўзрост нявест – 30 гадоў, жаніхоў – 31. Самай юнай нявесце споўнілася 18, двум жаніхам – больш за 60 гадоў.
У 18 выпадках адзін з пары ўзяў шлюб паўторна, у 19 – абодва.
Усяго з пачатку года ў раёне зарэгістраваныя 784 шлюбы — на 16 менш, чым у мінулым годзе.
Разводы
46 сем’яў у лістападзе скасавалі шлюб, што на 9 менш, чым летась.
За 11 месяцаў у раёне распаліся 468 сем’яў — на 4 менш, чым у 2018 годзе.
Смерці
Апошні месяц восені стаў апошнім у жыцці 145 нашых землякоў, і гэта на 27 менш, чым летась. Усяго з пачатку года ў раёне зарэгістраваныя 1684 смерці — на 21 менш, чым за такі ж перыяд 2018 года.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.