Першая - дзяўчынка
У Маладзечанскім раёне першай нованароджанай 2020-га стала дзяўчынка, якая нарадзілася ў маладзечанкі Веранікі Цярэшка 2 студзеня ў 3.40. Бацькі Вераніка і Дзмітрый назвалі сваю першую дачку Дар’яй.
Нараджэнні
У снежні зарэгістраваны 91 нованароджаны (46 хлопчыкаў і 45 дзяўчынак) — на 9 менш, чым у мінулым годзе. Першае дзіця з’явілася ў 28 сем’ях, другое – у 41, трэцяе – у 15, чацвёртае – у чатырох, пятае – у адной, шостае – у дзвюх.
Сярэдні ўзрост мам – 28 гадоў, татаў – 30. Самым маладым мамам споўнілася 18 і 19, трое мужчын сталі татамі ва ўзросце ад 45 да 50 гадоў.
Пераважная большасць бацькоў – грамадзяне Беларусі. Сярод татаў былі грамадзяне Італіі, Арменіі, Расіі, Сірыі, адна мама – грамадзянка Расіі.
Самымі папулярнымі імёнамі ў снежні былі Дзмітрый, Максім, Цімафей, Ганна, Софія, Аліса, Анастасія. Сярод рэдкіх – Дарый, Ілай, Леў, Маісей, Фелікс, Антаніна, Арыяна, Грэта, Мая, Мішэль, Стэфанія, Эвяліна.
Усяго летась у нашым раёне нарадзілася 1241 дзіця. Найбольш нованароджаных зарэгістравана ў жніўні (123), найменш – у верасні (86).
Шлюбы
У снежні пажаніліся 47 пар — на 22 больш, чым летась.
Сярэдні ўзрост нявест – 30 гадоў, жаніхоў – 33. Самай юнай нявесце — 18, самаму сталаму жаніху больш за 60.
Усяго ў мінулым годзе ў раёне створана 831 новая сям’я — на 6 больш, чым у 2018-м. Найбольш шлюбаў (123) было заключана ў жніўні, найменш (27) – у красавіку.
Разводы
Іх у снежні зарэгістравана 46 — на 6 менш, чым летась. Усяго ў 2019 годзе распалася 514 сем’яў — на 10 менш, чым у 2018-м. Найбольш (53) было разводаў у лютым, найменш (30) – у верасні.
Смерці
Апошні месяц мінулага года стаў апошнім у жыцці 136 нашых землякоў, што на 19 менш, чым летась.
Усяго ў раёне ў 2019 годзе пайшло з жыцця 1820 чалавек — на 40 менш, чым у 2018-м. Найбольш (194) людзей памерла ў студзені, найменш (125) – у чэрвені мінулага года.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.