Новости Молодечно и Молодечненского района

Демография Молодечненского района. Август 2020 г.

  • 2020-09-09 05:48:25
  • Анжаліка Крупянькова


Гэтую і іншую інфармацыю аб дэмаграфічнай сітуацыі за апошні месяц нам прадаставіла начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Іна АХПОЛАВА.

Нараджэнні

У жніўні зарэгістравана 85 нованароджаных (44 хлопчыкі і 41 дзяўчынка) -- на 38 менш, чым летась. У горадзе з’явілася на свет 69 дзяцей. У сельскай мясцовасці найбольш – па тры нованароджаныя – зарэгістравана ў Лебедзеўскім, Красненскім і Чысцінскім сельвыканкамах.

Першае дзіця нарадзілася ў 29 сем’ях, другое – у 36, трэцяе – у 15, чацвёртае – у двух, пятае – у трох сем’ях.

У жніўні зарэгістраваны двайняты. У маладзечанцаў Алены і Андрэя Ярмаковічаў нарадзіліся сын і дачка – Савелій і Стафанія.

Сярэдні ўзрост маці – 28 гадоў, татаў – 31 год. Самай маладой маці споўнілася 18 гадоў, тату – 22, самым узроставым адпаведна 40 і 45 гадоў.

Самымі папулярнымі імёнамі жніўня сталі Ева, Софія, Стафанія, Мікіта, Павел. Сярод рэдкіх – Агнія, Айрыс, Аліта, Мія, Тэона, Арцемій, Дзям’ян, Леон, Філат, Франц.

Усяго за восем месяцаў у нашым раёне нарадзілася 735 дзяцей -- на 4 больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.

Смерці

У жніўні пайшло з жыцця 155 нашых землякоў -- на 16 больш, чым у мінулым годзе.

У горадзе памерла 102 чалавекі. У сельскай мясцовасці найбольш памерлых у Лебедзеўскім, Красненскім (па 7 чалавек), Цюрлёўскім (6 чалавек) сельсаветах.

Сярэдні ўзрост памерлых мужчын у жніўні склаў 68 гадоў, жанчын – 76 гадоў. З пачатку года памерла 1165 нашых землякоў -- на 78 больш, чым за такі ж мінулагодні перыяд.

Шлюбы

Іх зарэгістравана 94 (на 29 менш, чым летась). У горадзе створана 61 новая сям’я. У сельскай мясцовасці ў жніўні найбольш зарэгістравана шлюбаў у Цюрлёўскім (8), Чысцінскім (6), Красненскім, Лебедзеўскім сельвыканкамах, Радашковіцкім гарпасвыканкаме -- па 4.

Сярэдні ўзрост нявестаў склаў 28 гадоў, жаніхоў – 30 гадоў, мінімальны – 18 гадоў, максімальны адпаведна 60 і 62 гады.

Большасць шлюбаў зарэгістравана з грамадзянамі Беларусі, акрамя таго -- з грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, Украіны, Азербайджанскай Рэспублікі.

Усяго з пачатку года ў нашым раёне створана 415 сем’яў -- на 9 менш, чым за такі ж перыяд мінулага года.

Разводы

У жніўні распалася 38 сем’яў -- на 10 менш, чым у 2019 годзе.

Сярод пар, якія развяліся ў апошні месяц лета, мінімальная працягласць шлюбу была ўсяго 2 месяцы 27 дзён, максімальная – 32 гады 19 дзён.

З пачатку года ў раёне распалася 363 сям’і – гэта на 8 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.