Чаму людзі так прывязваюцца да сваіх дачных участкаў? Адказ на гэта пытанне не такі відавочны, як магло б падацца. Зразумела, што вырашчаныя на загарадных сотках прадукты ў канчатковым выпадку абыходзяцца даражэй, чым у магазіне або на рынку.
Для старэйшага пакалення гараджан свой дачны ўчастак – своеасаблівая гарантыя дадатковага рацыёну вітаміннай прадукцыі. Гэтыя людзі перажылі цяжкія пасляваенныя гады. На сваім прыкладзе яны ведаюць, што такое голад, таму ўспрымаюць дачу як страхоўку на ўсялякі выпадак.
Сярэдняе пакаленне і моладзь усё больш глядзяць на дачу як на месца для адпачынку. Для іх не такія важныя сад і агарод, якія патрабуюць часу і догляду. Аднак на любімым участку ёсць магчымасць «паставіць на паўзу» гарадскую паўсядзённасць, «перагрузіць мазгі».
На мой погляд, аб’ядноўваюць падыходы імкненне да стварэння і цяга да свабоды (у тым сэнсе, у якім кожны чалавек разумее яе). У кожным з нас прыродай закладзены архетып стваральніка. Ствараць – гэта значыць, «вырабляць» матэрыяльны, духоўны або эмацыянальны прадукт. Дарэчы, у гэты спіс уваходзіць добры настрой. А садовы ўчастак якраз і дазваляе рэалізаваць усе свае задумкі. Тут можна пабудаваць альтанку, разбіць клумбу, выкапаць сажалку, засеяць некалькі сотак клубніцамі… На дачы ты сам сабе архітэктар, выканаўца і аддзел тэхнічнага кантролю. На сваім участку галоўны ты. Вось чаму дачы настолькі прыцягальныя для нашых землякоў.
Алег БЯГАНСКІ