Новости Молодечно и Молодечненского района

Цукеркамі не падменіш павагу

  • 2024-10-29 08:41:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Шанаваць памяць памерлых сваякоў – спрадвечная традыцыя беларускага народа. Аднак у некаторых выпадках такое шанаванне больш нагадвае здзек.

Кожны з нас, наведваючы могілкі, не раз бачыў, як бадзяжныя каты і сабакі цягаюць паміж пахаваннямі пакінутыя ў памяць продкаў цукеркі, пячэнне, хлеб. Не цураюцца такім «пачастункам» вароны і галкі. Ад крыкаў птушак, якія дзеляць здабычу, становіцца не па сабе. У некаторых людзей увайшло ў завядзёнку пакідаць на могілках шклянкі са спіртным (навошта гэта нябожчыкам?).

Дадайце сюды пластыкавыя кветкі, якія з цягам часу выгараюць, губляюць выгляд і толькі засмечваюць тэрыторыю. З гэтай нагоды Міністэрства прыроды і навакольнага асяроддзя Беларусі заклікала не пакідаць на могілках пластык. Лепш прыносіць жывыя кветкі і саджаць невысокія дэкаратыўныя расліны.

Праява павагі да памерлых сваякоў – гэта перш за ўсё догляд іх магіл. Прыбраць апалае лісце, прывесці пахаванне ў парадак, скасіць пустазелле, дагледзець помнік. Вось што паказвае на вашу павагу да продкаў. Кожны, хто пройдзе побач, упэўніцца, што сваякі памерлага, – годныя людзі, якія шануюць традыцыі.

Хутка наступяць асеннія Дзяды – дзень памінання тых, каго ўжо няма з намі. Напярэдадні многія беларусы наведаюць могілкі. Хочацца, каб пасля гэтых візітаў у душы людзей пастукалася светлая памяць пра памерлых сваякоў. А вось радаваць пачастункамі бадзяжных жывёл і крыклівых птушак… Навошта?

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ