— На жаль, вёскі старэюць, і такая тэндэнцыя агульная, — зазначыў Іван Уладзіслававіч. – Працаздольнага насельніцтва ў нас крыху больш за 600 чалавек, асноўная іх колькасць жыве ў аграгарадку. Многія паселішчы «ажываюць» толькі ў дачны сезон. Дарэчы, у сямі нашых вёсках менш за 20 жыхароў у кожнай, у чатырох населеных пунктах няма і пяці чалавек. Усё менш вяскоўцаў трымае гаспадарку. І гэта прыкмета часу. Не можам пахваліцца высокай нараджальнасцю, яна ў тры разы ніжэйшая за смяротнасць. Тэндэнцыю гэту пераламаць немагчыма. Вяселлі таксама рэдкая з’ява. Каб неяк разнастаіць жыццё, ладзім святы вёсак. Адзначалі 600-годдзе Маркава, летась гасцей прымала Ленкаўшчына. Добрую традыцыю будзем працягваць.
— Што сёння на парадку дня ў старшыні сельвыканкама?
— Галоўнае – клопат пра нашых людзей, асабліва адзінокіх. Такіх у нас 213 чалавек. Нехта яшчэ сам спраўляецца з бытавымі праблемамі, некага часта наведваюць дзеці. Ёсць і такія, каму на дапамогу прыходзяць сацыяльныя работнікі. Працай большасці з іх мы задаволены, гэта адказныя і спагадлівыя людзі. Добрыя словы хочацца сказаць у адрас Ліліі Слуцкай, якая да таго ж з’яўляецца дэпутатам сельскага Савета.
Уважліва ставімся да мнагадзетных сем’яў, іх у нас 13. Асобная катэгорыя – сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Такіх тры, летась адну знялі з уліку, але трымаем на кантролі. Маці, як кажуць, узялася за розум, навяла парадак у доме. Гаспадарка дапамагла ёй пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці. Хочацца спадзявацца, што ўсё будзе добра, тым больш што жанчына добрая працаўніца, але гарэлка рабіла сваю справу. У той жа час на ўлік паставілі мнагадзетную сям’ю з вёскі Трапалава. Там чацвёра дзяцей, ёсць запазычанасць па камунальных плацяжах, антысанітарыя ў доме. Звярнуліся з просьбай да кіраўніцтва гаспадаркі дапамагчы зрабіць касметычны рамонт. Ёсць сям’я, якая апынулася ў цяжкім фінансавым становішчы. Жанчына адна гадуе дзіця, яшчэ на дваіх выплачвае грошы дзяржаве. Пасля ўсіх вылічэнняў на жыццё амаль нічога не застаецца. Мы хадайнічаем аб змяншэнні аліментаў, а таксама імкнёмся дапамагчы чым можам.
Свой уклад у ахову грамадскага правапарадку ўносіць савет па прафілактыцы правапарушэнняў. Мы даволі актыўна працуем з асобамі, якія злоўжываюць спіртным (такіх на ўліку ў сельвыканкаме 14 чалавек). У гэтым нам дапамагае святар мясцовай царквы айцец Мікалай. Вяскоўцы падказваюць адрасы, па якіх прадаюць моцныя напіткі. Гаспадароў штрафуем, але праз нейкі час яны зноў пачынаюць сваю дзейнасць. Напэўна, у дачыненні да такіх парушальнікаў трэба прымаць больш жорсткія меры. Летась камісійна абследавалі каля 400 дамоў: правяралі стан печаў, электраправодкі, электрапрыбораў. З праблемамі працаўладкавання дапамагаюць кіраўнікі сельгасфіліяла «Маркава» і дзяржсортстанцыі. Пытанні, з якімі звяртаюцца вяскоўцы, мы не пакідаем без увагі.
— А сацыяльныя стандарты неяк дапамагаюць забяспечваць жыццядзейнасць вёсак, рабіць больш камфортным жыццё людзей?
— Сацыяльныя стандарты — гэта мінімальны пералік паслуг, якія гарантуе дзяржава. Нам іх даведзена 29, і ўсе выконваюцца. Мы задаволены медыцынскім абслугоўваннем. У нас ёсць свая амбулаторыя, працуюць сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, магазіны, у аддаленыя вёскі прыязджаюць аўтакрамы. Аднак існуюць і праблемы. З-за недахопу грошай з першага сакавіка давядзецца адключыць вулічнае асвятленне. Летась гэта паслуга каштавала нам 120 тысяч рублёў. Людзі, безумоўна, скардзяцца, але мы стараемся растлумачыць сітуацыю. Ёсць пытанні да стану дарог: хацелася б заасфальтаваць вуліцу 60 год СССР у Маркаве, але сродкаў няма. Рамонт актуальны яшчэ і таму, што гэта вуліца вядзе да могілак.
— Наколькі складана ўтрымліваць парадак на тэрыторыі сельсавета?
— Многае залежыць ад саміх людзей, ад удзелу кожнага ў гэтым працэсе. З надыходам вясны з-пад снегу павылазяць несанкцыянаваныя звалкі. Раней на тэрыторыі сельсавета быў міні-палігон, цяпер смецце трэба вывозіць на гарадскую звалку, што не ўсім падабаецца. Мы ўстанавілі 47 кантэйнераў у вёсках, а там, дзе менш за пяцёра жыхароў (напрыклад, Румянцава, Горкі, Васюкоўшчына), вывозім смецце па заяўках. Падтрымліваць парадак абапал дарог дапамагае
ДРБУ-195. Маімі першымі памочнікамі з’яўляюцца дэпутаты, старасты вёсак. Асабліва хочацца адзначыць Яўгенію Гулецкую, Лілію Слуцкую, Людмілу Кавалёву, Вікенція Карзея, Алену Іванову.
— Праблема зносу старых дамоў па-ранейшаму актуальная?
— Так, яна актуальная для ўсіх сельсаветаў, і мы не выключэнне. Бацькі паміраюць, а дзеці не спяшаюцца ці наогул не жадаюць атрымліваць спадчыну. Калі дом добры, ён становіцца лецішчам ці яго прадаюць (у сельсавеце больш за 300 дамоў ператвораны ў дачы). У адваротным выпадку ўкладваць грошы лічаць немэтазгодным. Мы шукаем нашчадкаў, размаўляем. Калі не знаходзім паразуменне, прымаецца рашэнне аб зносе дома. Летась такім чынам прывялі ў парадак чатыры падворкі, столькі ж запланавана на гэты год. Знос пабудовы каштуе каля пяцісот рублёў. Свабодныя ўчасткі прадаём пад будаўніцтва за дзве тысячы рублёў. Тым, хто стаіць у чарзе (такіх у нас 13 чалавек), выдзяляем іх бясплатна. У Маркаве ўчастак каштуе 6 тысяч рублёў і выстаўляецца на аўкцыён.
Хвалюе вяскоўцаў таксама праблема спілоўвання старых дрэў ля дамоў і на могілках (іх у нашым сельсавеце трое). Працуем з групай альпіністаў, праводзім гэту работу два разы на год — вясной і восенню. Паслуга не з танных, але мы ідзём насустрач насельніцтву, бо разумеем, што часам чалавек не можа заплаціць усю суму, а ўраганныя вятры могуць нарабіць шкоды. Летась спілавалі 20 аварыйных дрэў, і сёлета работа працягнецца.
Алена ЛАШУК.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.