Найперш прыцягнуў увагу пры ўваходзе ў музей горад Маладзечна, выраблены з канструктара Лега. Пазнавальныя гарадскія аб’екты і славутасці зменшыліся ў шмат разоў, пры гэтым захавалі характэрныя рысы свайго аблічча. Каб панарама склалася, шасцігадоваму Антону Куратніку і яго маме спатрэбілася больш за тысячу дэталяў. Работа зацікавіла і дарослых, і маленькіх наведвальнікаў. Яны пазнавалі будынкі, плошчу, парк, вуліцы, дзе бывалі неаднойчы. Дарэчы, разнастайная праграма ў многім была разлічана на самых маленькіх. Хлопчыкі і дзяўчынкі складвалі казачных аднарогаў, вучыліся са звычайнай кляксы ствараць карціны.
Той, хто завітаў у музейны дворык, сустрэўся з мультыплікацыйнымі персанажамі. Аніматар Ірына Канановіч, якая выканала ролю аднаго з іх, падзялілася, што адразу адгукнулася на прапанову прыняць
удзел у фестывалі і сама зарадзілася добрым настроем. Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах і спаборніцтвах, адказвалі на пытанні, адгадвалі загадкі. На адкрытай пляцоўцы жыццё віравала. Майстры-рамеснікі дэманстравалі свае вырабы, раскрывалі творчыя сакрэты. Многія далучаліся да тых, хто прыйшоў патанцаваць. Цікава было ўсім.
У выставачнай зале музея ўдзельнікі ток-шоу «Людзі і горад: зробім Маладзечна лепшым» дзяліліся асабістымі меркаваннямі наконт таго, як разнастаіць гарадское жыццё, якой бачаць малую радзіму цяпер і ў будучыні. А яшчэ на фестывалі жадаючыя маглі абмяняцца кнігамі, што называецца, усляпую. Для гэтага загортвалі цікавую кнігу так, каб не было відаць вокладкі, прыдумвалі анатацыю і абменьвалі яе на іншую.
Маладыя жанчыны і дзяўчаты з задавальненнем наведалі б’юці-зону, дзе прафесійныя кансультанты праводзілі майстар-класы па экспрэс-макіяжы, давалі слушныя парады. Не абышлі ўвагай і маленькіх модніц. Іх жаданні стаць падобнымі на подыумных мадэляў ажыццявіліся. Адбылася дэгустацыя карысных напіткаў: фітачаю і свежых сокаў.
Дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея Раіса Казановіч запрасіла ўдзельнікаў свята часцей наведваць музей.
— Мы з радасцю падтрымалі прапанову навучальнага цэнтра «Адкрытая прастора» правесці маладзёжны фестываль. Хацелася зрабіць сапраўднае свята для бацькоў і дзяцей, для моладзі, якая цікавіцца гісторыяй, культурай, падтрымлівае здаровы лад жыцця. У жнівеньскі дзень музейны дворык ператварыўся ў пляцоўку творчасці, дабра і даверу. І няхай мы развіталіся з летам, спадзяюся, цёплыя ўспаміны аб фестывалі застануцца ў многіх сэрцах, — падзялілася Раіса Генадзьеўна.
Я пацікавілася ў маладзечанцаў, чым іх зачапіла «Прышчэпка».
Як аказалася, разнастайнай праграмай, цікавымі ўдзельнікамі, сяброўскай атмасферай. «Прышчэпка» – быццам сапраўдны горад у горадзе, дзе ёсць усё для добрага настрою і выдатнага баўлення часу. Нават той, хто прыйшоў адзін, не сумаваў. Зручная пляцоўка, класная тусоўка – адзначала моладзь.
… А наперадзе было яшчэ так многа цікавага: музыка, танцы, забаўляльныя і пазнавальныя гульні, сустрэчы. І прыемныя нечаканасці. Да музея падыходзіў двухметровы робат-трансформер, з якім можна было павітацца і зрабіць эфектны фотаздымак на памяць.
Фота: Лілія ЛІПНІЦКАЯ.