Шчыра кажучы, нечакана ўбачыць твор мастацтва на прамысловым або сельскагаспадарчым аб’екце. Аднак калі знайшоўся крэатыўны чалавек і быў атрыманы адпаведны дазвол, нават стандартная агароджа можа пераўтварыцца ў карцінную галерэю.
Работнікі гаспадаркі паведамілі, што мурал быў створаны паўтара дзясятка гадоў таму. Намаляваў яго афарміцель Камок (імя і імя па бацьку мастака субяседнікі не ўспомнілі). Непагадзь і час паўплывалі на яркасць фарбаў. Аднак высокі мастацкі ўзровень відавочны і цяпер.
Мурал апявае мірную, стваральную працу хлебаробаў. Добра прапісаныя мужчынскі і жаночы вобразы. У працы знайшло ўвасабленне хараство роднай зямлі. Калі глядзіш на выяву, ствараецца пазітыўны настрой. Дарэчы, роспіс бачны з дарогі Маладзечна -- Смаргонь (дакладней, быў бачны, калі фарбы яшчэ былі яркія).
Каб знайшлася магчымасць абнавіць мурал, на яго б любаваліся і мясцовыя жыхары, і тыя, хто едзе па дарозе. Ды і дадатковая славутасць для Заскавічаў не была б лішняй.
Алег БЯГАНСКІ
Фота аўтара