Новости Молодечно и Молодечненского района

Былая настаўніца дзеліцца ўспамінамі

  • 2024-10-18 12:25:00

Тамара Жыдаловіч доўгі час пражыла ў Дубраве. Працавала яна настаўніцай у мясцовай школе. Жанчына падзялілася ўспамінамі пра сваю работу і падзеі, што адбываліся ў вёсцы.

– Нарадзілася я ў Гасцілах, – гаворыць Тамара Іосіфаўна. – Раней гэты населены пункт уваходзіў у Радашковіцкі раён Маладзечанскай вобласці. У школе, дзе я вучылася, акрамя прадметаў выкладалі дадатковую спецыяльнасць. Так атрымала атэстат, а таксама пасведчанне жывёлавода-механізатара. Потым авалодала прафесіяй настаўніка. У Дубраўскай школе працавала з 1968 года.
У той час у школе вучылася больш за 500 вучняў. Гэта былі дзеці з Дубрава і суседніх вёсак (нават з Валожынскага раёна). Для тых, хто жыў далёка, існаваў інтэрнат. У класах было па 26-28 чалавек. Заняткі вяліся ў дзве змены. Школа была аднапавярховая. Знаходзілася яна на вуліцы, дзе цяпер размешчана паштовае аддзяленне. Новую трохпавярховую школу адкрылі ў 1977 годзе.

– Выкладала я матэматыку, – працягвае Тамара Іосіфаўна. – Пры неабходнасці падмяняла настаўнікаў па іншых прадметах. Ускладаліся на мяне абавязкі і класнага кіраўніка. У школе адпрацавала 36 гадоў. Адправіла ў дарослае жыццё пяць выпускных класаў. Старалася не толькі навучыць дзяцей прадмету, але і выхаваць іх як асобу, прывіць густ, зрабіць так, каб яны палюбілі свой край, сваю Радзіму.

Вучні з настаўніцай не раз адпраўляліся ў краязнаўчыя экспедыцыі, ездзілі ў сталічныя тэатры, на экскурсіі ў Брэст, Ленінград, іншыя гарады былога СССР. У Тамары Жыдаловіч быў фотаапарат «ФЭД». Здымкі, зробленыя ёй, і цяпер у альбомах многіх яе выхаванцаў. Дзіцячыя ўспаміны найбольш яркія. І тое, што яны звязаны са станоўчымі момантамі, у многім заслуга настаўніцы.

– Мае былыя вучні, педагагічны калектыў, прафсаюзы не забываюцца пра мяне і цяпер, – адзначыла субяседніца. – Вельмі прыемна атрымліваць кветкі, падарункі, запрашэнні на ўрачыстыя мерапрыемствы. З многімі сваімі вучнямі я сябрую. Некаторыя з іх жывуць у Дубраве. Лічу, што галоўнае ў рабоце настаўніка – любіць дзяцей, умець раскрыць іх таленты, зацікавіць, знайсці агульную мову.

Тамара Іосіфаўна жыве на вуліцы Дзявочая горка. Яна расказала, што згодна з народным паданнем у даўнія часы дзяўчына пагадзілася выйсці замуж за хлопца, калі ён падніме на бліжэйшую гару цяжкі камень. Малады чалавек так і зрабіў, аднак на вяршыні памёр. Дзяўчына не перажыла трагедыю. Іх пахавалі разам. Цікава, што ў час раскопак на гары сапраўды знайшлі рэшткі дзяўчыны і некаторыя артэфакты.

Як адзначыла Тамара Жыдаловіч, многія турысты наведваюць Дубрава, каб агледзець руіны касцёла Унебаўзяцця Дзевы Марыі. Калі маладая настаўніца прыехала ў населены пункт, будынак касцёла выкарыстоўваўся ў якасці збожжасклада. Потым, на жаль, здарыўся пажар. Дах пабудовы згарэў.

– Жыць у Дубраве мне падабаецца, – сказала на развітанне Тамара Іосіфаўна. – Дзеці дапамагаюць, дастаўка ў магазін добрая, мясцовыя жыхары добразычлівыя. Зусім не шкадую, што стала вясковай настаўніцай.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ