Новости Молодечно и Молодечненского района

Быць бацькамі чатырох дачок – крута!

  • 2021-06-23 11:58:27
  • Ірына Рабушка

Шчасце праз выпрабаванні

У Сяргея і Іны Калацэй з вёскі Асанава чатыры дачкі. Штодзённы расклад гэтай сям’і распісаны літаральна па хвілінах. І як мага больш часу яны імкнуцца праводзіць разам. Сяргей і Іна паспяваюць і дом добраўпарадкаваць, у які пераехалі год таму, і па гаспадарцы спраўляцца, і дзецям вылучыць час, і ў конкурсах удзельнічаць.

-- Нам цікава быць сярод людзей, -- гаворыць Іна. – На розных мерапрыемствах мы знаёмімся з цікавымі сем’ямі і потым сябруем.

На гэтым тыдні Калацэі прадстаўлялі наш раён у Нясвіжы на абласным этапе рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», што па даўняй традыцыі праводзіцца пад эгідай БРСМ.

У рэдакцыю «МГ» яны таксама завіталі ў поўным складзе.

-- Мы лёгкія на пад’ём! – з гумарам заўважае Іна, якую муж называе неўтаймаваным рухавічком сям’і. – Самі да вас прыедзем. Праз гадзіну чакайце! Рэдакцыю цікава паглядзець.

Наша інтэрв’ю адбылося пад дружнае шчабятанне 8-гадовай Яны, 7-гадовай Даны, 3-гадовай Мар’яны і нядаўняй імянінніцы малюткі Міланы. Дзяўчаткі не скупіліся на эмоцыі, туліліся да бацькоў і шчыра ўсміхаліся.

-- Яны пакуль не ўсведамляюць таго, што наша шчасце нарадзілася з вялікіх выпрабаванняў, -- зазначае Іна. – Маё жыццё змянілася ў імгненне, калі даведалася, што захварэла мама. Неўзабаве яе не стала. Тады я толькі пазнаёмілася з Сяргеем. Ён вельмі дапамог мне справіцца з цяжкасцямі. У мяне не было таты, бабуль і дзядуляў, на якіх у такой сітуацыі магла б разлічваць. Я засталася за старэйшую, нават давялося стаць апекуном малодшай 14-гадовай сястры, ды і 18-гадоваму брату патрабавалася яшчэ падтрымка.

Мы любім кулінарыць разам!

Пяты дакладна будзе сын

Урэшце выпускніца сталічнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў вярнулася ў роднае Маладзечна, хаця ёй вельмі падабалася Гродна, дзе закончыла каледж мастацтваў. Пасля ВНУ Іна стала кіраўніком харавога калектыву Хажоўскага СДК, а потым узначаліла гэту ўстанову. Тут яна і пазнаёмілася з Сяргеем, калі дзяжурыла на дыскатэцы, якую арганізавалі 25 студзеня, а ён прыйшоў разам з сябрамі на танцы.

-- Я яе ўжо даўно запрыкмеціў, -- далучаецца да размовы Сяргей. – Па сутнасці мы з дзяцінства хадзілі аднымі і тымі ж дарогамі. Іна жыла ў горадзе на вуліцы Міру, а непадалёк ад Мыслевіч, адкуль я родам, праполвала агарод, што саджала іх сям’я. А я неаднойчы ў тым баку пасвіў кароў. Але нумарамі тэлефонаў мы абмяняліся толькі на той дыскатэцы.

Сяргей і Іна разам ужо амаль 11 гадоў. Дарэчы, муж маладзейшы за сваю выбранніцу на шэсць гадоў, і гэта ніколі іх не турбавала.

-- У нашай сям’і галоўны Сяргей! – чаканіць жонка. – Толькі я з творчым падыходам дала імёны дзецям.

-- Мілане я прыдумаў! – парыруе муж. – Быць татам чатырох дачок – гэта крута! Штодзень у любові купаюся.

-- Сапраўды, многа дачок не бывае, але муж спадзяецца, што аднойчы лёс падорыць нам і сыночка, -- дадае Іна. – Дзяўчаткі ўжо ў нас просяць браціка. Мабыць, імя яму будзем прыдумваць на сямейным савеце.

Белыя хрызантэмы кахання

Цікава, што Іна і Сяргей сям’ю… не планавалі. Тым больш вялікую.

-- У юнацтве думаў: ну навошта гэта жаніцьба?! – з усмешкай гаворыць мужчына.

-- А я марыла пра кар’еру, -- таксама ўсміхаецца Іна. – Але жыццё яно такое… Хіба каханне заплануеш?

Сяргей вельмі прыгожа і нечакана для Іны зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца ў мікрафон акурат на сцэне Хажоўскага СДК на адным з мерапрыемстваў, у якім яна ўдзельнічала.

-- Ён стаў на калена, паднёс пярсцёнак і белыя хрызантэмы. Усе, хто быў у зале, усталі і апладзіравалі, -- успамінае яна.

Іна і Сяргей – маладажоны.

І сёння Іна не перастае здзіўляць мужа пазітывам і натхняць на новыя здзяйсненні. Аднойчы параіла яму, заўзятаму аматару ціхага палявання, паўдзельнічаць у конкурсе сярод грыбнікоў. І менавіта ён стаў лепшым у раёне.

Сяргей па-ранейшаму пароўну дзеліць з Інай усе радасці і няўдачы, здзіўляе падарункамі і не скупіцца на ўвагу. Для яго звычайная справа бавіць час з дочкамі, схадзіць у магазін па прадукты ці прыгатаваць вячэру, напрыклад, з рыбы, у якой ён як аматар-рыбалоў разбіраецца. А кожная нядзельная раніца ў сям’і пачынаецца з бліноў і мачанкі. Гэту страву па традыцыі гатуюць усе разам. Таксама талакой любяць займацца салодкай выпечкай. У поўным складзе яны з задавальненнем бываюць і ў бацькоў Сяргея ў Мыслевічах, з якімі вельмі сябруюць. Як і павінна быць у дружнай сям’і, дзеці паважаюць дарослых і дапамагаюць адзін аднаму.

Любім маму, папу і… марожанае!

Пяць гадоў таму Калацэі як мнагадзетная сям’я атрымалі пры дзяржаўнай падтрымцы ўчастак для будаўніцтва дома ў Асанаве. Мінулым летам – якраз на дзень нараджэння малодшай дачкі – пераехалі туды. Ужо добраўпарадкавалі першы паверх, у планах – другі.

-- У нас ёсць усе сучасныя камунікацыі, два санвузлы, шыкоўная ванная, -- ледзь не ў адзін голас расказваюць Сяргей і Іна. – Кухню сумясцілі з гасцінай. Так больш зручна, прасторна, можна і ежу гатаваць, і за дзецьмі назіраць. Яшчэ хочам там зрабіць камін. Добраўпарадкавалі і тры дзіцячыя пакоі…

Рамонтнымі работамі Сяргей пераважна займаецца сам. У яго аж пяць рабочых прафесій! А працуе ён машыністам рэзальнай машыны ў прыватнай арганізацыі ў Маладзечне.

Упрыгажэннем інтэр’ера дома падабаецца займацца Іне. Тым больш што яна захапляецца флордызайнам і пляце дываны з абрэзкаў тканіны.

У вялікім доме абавязкова знойдзецца месца і для кніг, да якіх прывучае дачок Іна, і для цымбалаў, на якіх яна з асалодай іграе і пакрысе адкрывае дзецям краіну музыкі. Акрамя гэтага, яна вучыць іх роднай мове. Як і мама, дзяўчынкі растуць вельмі творчымі. Дзве старэйшыя дачушкі вучацца ў горадзе ў гімназіі-каледжы мастацтваў: Яна – у класе з харэаграфічным ухілам, Дана – з тэатральным. Мар’яна ў хуткім часе пойдзе таксама ў гарадскі сад, яна любіць і спяваць, і танцаваць.

На пытанне, ці падабаецца дзяўчынкам у вялікай сям’і, яны адказваюць дружным «так!» і дадаюць:

-- Нам вельмі весела! Мы любім маму, папу і… марожанае!

Ірына РАБУШКА.
Фота: архіў СЯМ’І КАЛАЦЭЙ.