Новости Молодечно и Молодечненского района

Бярозавік для здароўя і бадзёрасці

  • 2023-04-10 05:45:53
  • Алег Бяганскі

На ўчастку, які мы наведалі, працавалі Аляксей Вяжэвіч, Андрэй Багуцкі, Юрый Ярашэвіч, іншыя работнікі лясгаса. Спецыялісты пераходзілі ад бярозы да бярозы, пералівалі каштоўны напітак з мяшкоў у вёдры, пераносілі бярозавік да спецыяльнай цыстэрны і напаўнялі яе. Перыяд руху соку абмежаваны, таму лясны ўраджай трэба сабраць хутка і без страт.

-- Сёлета ўмовы надвор’я для нарыхтоўкі бярозавага соку не вельмі спрыяльныя, -- расказаў Аляксей Вяжэвіч. -- Падсачыліся рана, але потым прыйшлі маразы, выпаў снег. Рух бярозавіку запаволіўся. Аднак павялічыўся і тэрмін яго здабычы. Таму план па нарыхтоўцы мы павінны выканаць.

Субяседнік расказаў, што яго брыгадзе за сезон неабходна падсачыць каля 800 дрэў. Каб выканаць заданне, трэба па некалькі разоў пераліць у вёдры і вывезці з лесу звыш тысячы поліэтыленавых пакетаў, у якія сцякае сок. Калі сезон нарыхтоўкі завершыцца, спецыялісты вернуцца да сваёй асноўнай работы -- лесанарыхтоўкі, лесапасадкі, догляду лясных культур.

Як нам паведамілі ў Маладзечанскім лясгасе, лесаводы Маладзечаншчыны сёлета плануюць сабраць сто тон бярозавага соку. Яго нарыхтоўка вядзецца ў Маладзечанскім, Красненскім і Гарадоцкім лясніцтвах. У гэтых жа лясніцтвах можна купіць напітак па цане 40 капеек за літр. У пакупнікоў ёсць магчымасць набыць яго ў 5-літровай тары.

У перыяд нарыхтоўкі бярозавіку кантроль за ляснымі насаджэннямі ўзмацняецца. У месцах, дзе магчыма несанкцыянаваная здабыча соку, устанаўліваюцца фотапасткі. Такія дзялянкі рэгулярна наведвае лясная ахова. Браканьераў чакаюць штрафы.


Каб самастойна назапасіць сок, трэба звярнуцца ў любое лясніцтва. Спецыялісты раскажуць аб адведзеных для гэтага ўчастках, правядуць інструктаж па выкананні правілаў падсочвання, патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лесе. Без спецыяльнага дазволу нарыхтоўваць бярозавік забараняецца!

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ. Бярозавы сок утрымлівае багаты набор мінералаў, важныя вітаміны, розныя актыўныя рэчывы і бактэрыцыды. Ён багаты злучэннямі, якія незаменныя ў абменных працэсах, умацоўваюць сценкі сасудаў, садзейнічаюць умацаванню імунітэту, выводзяць з арганізма таксіны.

Бярозавік актыўна выкарыстоўваецца і ў касметалогіі. Яго прымяняюць для вывядзення пігментных плям, выраўноўвання колеру скуры. Прымочкі з сокам бярозы добра загойваюць дробныя парэзы і ранкі. Бярозавы сок рэкамендуюць выкарыстоўваць у якасці бальзаму для валасоў. Дзякуючы спалучэнню вялікай колькасці мінеральных рэчываў яны набываюць дадатковы аб’ём і становяцца больш густымі.
У ДАДАТАК. Ва ўсіх лясгасах Мінскай вобласці з 8 па 15 красавіка пройдзе добраахвотная акцыя «Тыдзень лесу». Яе мэта -- захаванне і прымнажэнне лясоў, прыцягненне ўвагі грамадскасці да вырашэння агульнадзяржаўных задач у сферы ўзмацнення экалагічнай, эканамічнай і сацыяльнай ролі лясоў.

Жадаючыя прыняць удзел у акцыі могуць звярнуцца у бліжэйшы лясгас ці лясніцтва, дзе выдадуць неабходны інвентар і пасадачны матэрыял.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.