Маладзечанкі Софія Латышонак і Ганна Івашкевіч – будучыя прафесійныя эколагі. Софія вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, Ганна — у Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытуце імя Сахарава Белдзяржуніверсітэта. Цяпер дзяўчаты праходзяць практыку ў Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
— Свой жыццёвы шлях выбрала ў час вучобы ў гімназіі №7, — гаворыць Софія Латышонак. – Любоў да прыроды і цягу да даследчай работы прывіла настаўніца біялогіі Таццяна Сушынская. Яна раскрыла для нас, вучняў, праблемы ўзаемаадносін чалавека і навакольнага асяроддзя, паказала, што ахоўваць прыроду вельмі важна. Дзякуючы ёй я і стала студэнткай факультэта біялогіі і экалогіі.
Будучая спецыяльнасць Ганны Івашкевіч — медыцынская экалогія. Вучылася дзяўчына ў СШ №11. Яна ўпэўнена, што адказваць за сваю будучыню, берагчы паветра, водныя рэсурсы, глебу павінны ўсе.
На думку Ганны, найбольш актуальнае экалагічнае пытанне для нашай краіны — утылізацыя пластыку. Прадпрыемстваў па яго перапрацоўцы пакуль не хапае. У выніку значная колькасць другасных матэрыяльных рэсурсаў вывозіцца на палігоны.
Будучыя прафесійныя эколагі занепакоены таксама забруджаннем паверхневых вод і пацяпленнем клімату. Вырашаць глабальныя праблемы дапамогуць новыя тэхналогіі і экалагічная адукацыя. Дарэчы, практыканткі самі паказваюць прыклад беражлівых адносін да прыроды. Яны сартуюць бытавое смецце, тлумачаць знаёмым, навошта гэта трэба.
— Прафесія эколага ў нашай краіне запатрабаваная. Таму праблем з працаўладкаваннем не будзе, — мяркуе Софія.
Яе сяброўка пажадала іншым маладым людзям пры выбары прафесіі кіравацца сваёй марай. Толькі тады яна прынясе задавальненне.
На фота -- Ганна Івашкевіч і Софія Латышонак.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.