Многія сцвярджаюць, што самае цяжкае ў жыцці – несці з сабой крыўды, за якія ўжо немагчыма папрасіць прабачэння.
Помню выпадак у дзяцінстве, калі жыў у Магілёўскім раёне. Тады ў маёй вёсцы было пахаванне. Памерла бабуля. Было ёй за 80. Іграў аркестр. У царкве заказалі памінальную службу. Дзеці купілі спецыяльна для нябожчыцы прыгожае «плацце з люрэксам». Памінальны стол ламаўся ад прадуктаў. Аднак пры ўсім гэтым адчуваўся фальш.
Аднавяскоўцы ведалі, што шмат гадоў бабуля была недагледжаная. На яе крычалі, адбіралі пенсію, крыўдзілі. Пачалося гэта калі жанчына перапісала на дзяцей дом. Яна, лічы, перастала існаваць для іх, стала непатрэбным цяжарам.
Вядома, не ўсе дзеці чэрствыя да бацькоў. Многія робяць усё, каб падоўжыць ім жыццё, зрабіць старасць больш камфортнай. І гэта правільна. Чым больш гадоў чалавеку, тым больш ён залежыць ад іншых, патрабуе клопату і ўвагі. І часам трэба перасіліць сябе, каб не сарвацца, не папракнуць старога, што жыццё, маўляў, змянілася, стала іншым. Знаёмая сітуацыя?
Старыя і малыя сапраўды ў многім падобныя. Яны патрабуюць увагі, не любяць, калі іх ігнаруюць, крыўдзяцца, калі да іх меркавання не прыслухоўваюцца. Аднак ёсць істотныя адрозненні. У малых наперадзе ўсё жыццё. У старых пражытыя гады ператварыліся ў жыццёвы вопыт. Багацце, якое не купіш за грошы. Калі роднага чалавека не стане, цяжар усіх узаемных крыўд пяройдзе на цябе.
Алег БЯГАНСКІ