Новости Молодечно и Молодечненского района

Бабуля Ганна сустрэла 100-годдзе і перамагла каранавірус

  • 2021-07-30 12:11:40
  • Анжаліка Крупянькова

І на гэты раз мы з вялікім душэўным трапятаннем званілі ў дзверы кватэры Юрыя Лужынскага, у сям’і якога жыве яго бабуля Ганна Гулевіч. 12 чэрвеня блізкія віншавалі яе са 100-годдзем. Па шматгадовай традыцыі з векавым юбілеем нашых землякоў віншуюць і сацыяльная служба, раённы савет ветэранаў. Аднак урачыстасць давялося адкласці: услед за сваякамі Ганна Андрэеўна заразілася каранавірусам, была на каранціне. Дзякуй Богу, хваробу перанесла няцяжка.

Нядаўна да яе з падарункамі і цёплымі віншаваннямі завіталі старшыня раённага савета ветэранаў Таццяна Шафаловіч, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Пажарыцкая, кіраўнік дадатковага офіса №504 «БПС-Сбербанк» Рыта Дзмітрэнка, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі гэтага банка Наталля Ахвацюк. Здароўя, спакойных дзён сярод родных людзей, станоўчых эмоцый жадалі яны паважанай Ганне Андрэеўне. Светлая ўсмешка ўпрыгожвала твар доўгажыхаркі. Адчуваецца, што яна вельмі светлы, добры чалавек.

— Гэта сапраўды так! – пацвярджае ўнук.

 

На торце надпіс «100 гадоў». Ганна Андрэеўна з унукам Юрыем.

 

Юрый расказвае, што родам бабуля з Мыслевіч. З мужам Сцяпанам Мікалаевічам яны пабудавалі дом на вуліцы Чарняхоўскага. На жаль, мужа даўно няма на гэтым свеце. Заўчасна пайшлі з жыцця і іх сын Сяргей, дачка Тамара. І гэта вечны боль маці, незагойныя раны на яе сэрцы. Чацвёра ўнукаў, пяцёра праўнукаў атуляюць доўгажыхарку клопатам і любоўю.

— Бабуля шмат працавала ў сваім жыцці, усіх нас старалася накарміць, апрануць. Яна прафесійная швачка, нямецкая нажная машынка «Зінгер» і цяпер стаіць у яе доме, — расказвае ўнук.

Перад пенсіяй Ганна Андрэеўна працавала прыбіральшчыцай у Маладзечанскім офісе «БПС-Сбербанк». Ёй было вельмі прыемна, што праз столькі гадоў там пра яе памятаюць.

Да 95 гадоў Ганна Гулевіч жыла ў сваім доме, блізкія ёй пастаянна дапамагалі. Калі стала цяжка спраўляцца, унук за-
браў яе да сябе.

Прыемна было даведацца, што шмат гадоў Ганна Андрэеўна выпісвала «Маладзечанскую газету», якая, да слова, не пакінула без увагі ніводнага
100-гадовага жыхара раёна.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.